epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пустое

Было знаёмства выпадковым,

Ён — слова,

І яна — паўслова,

Ён пустазвоніў

І яна.

А вакол іх цвіла вясна.

На рандэву, на выпадковым,

Ён быў на «Мэрсэдэсе» новым.

Ён расказаў, «сакрэт» абтросшы

І пра маёмасць,

І пра грошы.

Яна яму — пра прыгажосць,

Адзінае, што ў яе ёсць.

Ён...

Ну, на тое й кавалер —

І з месца кінуўся ў кар’ер:

— Хачу я патануць хутчэй

Ў бяздоннасці тваіх вачэй.

Да губ тваіх мне б дакрануцца,

Тваім дыханнем захлынуцца.

Я буду прад табой заўжды

Ніжэй травы,

Цішэй вады,

Мне хочацца тваім быць ценем

І цалаваць твае сляды...

Ён даў бы Цыцэрону фору,

Ён перапеў бы салаўя.

І вось, падняўшы рукі ўгору,

Яна сказала: — Я твая!

І бастыён, як кажуць, паў.

Тут ён змікіціў:

— Я прапаў!

Бо чуў:

— Твая я, без астатку,

Але перапішы спачатку

Ты на мяне кватэру, дачу,

І, безумоўна, у прыдачу

Свой шасцісоты «Мэрсэдэс»...

Тут кавалер наўспят палез.

Не, ён не кінуўся ў абход,

А даў адразу задні ход:

— Хацеў спачатку я пасцеллю

Цябе праверыць прад вяселлем.

— А я цябе — тваім жыллём,

І «Мэрсэдэсам», і рублём.

Таму, упэўнена — мы квіты...

— Пайшла ты... прэч!

— Туды ж ідзі ты!...

Ці не таму ён даў наўспят,

Што «Мэрсэдэс» быў на пракат,

Не меў кватэры, грошай, дачы.

Ды не зрабіў бы ён іначай,

Каб гэта ўсё напраўду меў,

Бо тая, ад якой ён «млеў»,

Была здалёку сімпатычнай

Ад аперацыі пластычнай.

Разбегліся ў бакі яны,

Не заўважаючы вясны.

Вось так...

Пустым было ўсё тое,

Бо на пустым расце пустое.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.