epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пустыня

Пустыня... пустыня... пустыня...

Патрачаны сілы дарма.

І кроў закіпелая стыне

Ад жаху — канца ёй няма!..

 

Калі гэты жах не адкінуць,

Пустыня зламае, сагне.

Ці выйсці з яе, ці загінуць —

Другога не дадзена мне.

 

Я ледзь не здаюся часамі,

Прыпынкі — часцей і часцей.

Пачвары з хвастамі, з клыкамі

За ногі грызуць да касцей.

 

А выстаяць трэба, адбіцца,

За крокам павінен быць крок.

Гарачую кроў, як вадзіцу,

Глытае гарачы пясок.

 

Здаецца — радзіўся б нанова,

Каб тут, сярод гэтай брыды,

Пачуць бы мне роднае слова —

Радней, чым глыточак вады.

 

Яно — як туга па Радзіме,

Яго тут — спаўна ацаніў...

Пустыня... пустыня... пустыня...

Няўжо я ўсё гэта прысніў?


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.