epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пытанняў шмат

Жыццё дало мне ўсё,

што сёння ёсць,

Не шкадавала святаў і ахвяраў.

Жыццё маю забрала маладосць,

Зламала крылы ў ружовых мараў

 

І ў гэтым «ёсць» —

такі калейдаскоп

Антаганічных якасцяў і рысаў —

Упартасці праз край —

хоць трэсні ў лоб,

Нястрыманасці слоў —

хоць бі мне ў пысу.

 

Ўратоўвала пачуццяў вышыня,

Узносіла пад неба

з багны злосці.

Ёсць у жыцці маім і дабрыня,

Ды гэта — лыжка мёду

ў горкім дзёгці.

 

Жыццё — наш скарб...

Ці ж гэта адкрыццё?

Вялізны скарб,

які шануем мала.

Жыццё дае наступнае жыццё,

Я ў гэтым ліку —

мне пашанцавала.

 

Я з ім на «ты»,

а можа б лепш на «вы»,

Паважлівасць ўзаемнасцю заплоціць.

Даўжэй жыццё не зробіць

шлях крывы,

А шлях прамы —

жыццё нам не скароціць.

 

Хоць мы свайго жыцця гаспадары,

Яно нас вучыць,

як з жыцця не збочыць.

Усмешка ў вочы —

не заўжды сябры,

Хутчэй сябры —

крутая праўда ў вочы.

 

Пытанняў шмат,

і варыянтаў шмат,

Як жыць, як карыстацца

гэтым цудам —

Ці дасягненняў шырыць далягляд,

Ці заставацца ў прыцемку шарплюдам...


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.