epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пытанне без адказу

Прыгожыя елачкі ля дарогі ў адзін голас пазайздросцілі сваёй менш прыгожай сяброўцы:

— Вой, як табе пашанцавала! Ты — аднабокая, скрыўленая, непрывабная.

— Вы здзекуецеся, сястрыцы,— слёзна абурылася елачка, пазбаўленая прыгажосці.— Я не магу на вас намілавацца, такія вы гарманічна-пірамідальныя і вытанчана-прыемныя.

Эх ты, курыная слепата,— загаманілі прыгажуні. Глянь вакол! Вунь колькі пянькоў ад такіх, як мы. Хутка свята, Новы год, і бязлітасная сякера ў руках чалавека зноў пачне знішчаць нас — прыгожых і гарманічна-пірамідальных.

Адна з прыгажунь з болем сказала:

— Вось гэты пянёк побач са мной — усё, што засталося ад маёй самай блізкай сяброўкі. Яшчэ нядаўна мы разам з ёй марылі пра тое, як дажывём да сталасці і насенне з нашых шышак будзе весела разлятацца вакол, нараджаючы шчаслівую моладзь. Сёння ад яе мар і ад яе самой — толькі гэты мёртвы пянёк і горкі ўспамін.

Чалавек не задумваецца, што нішчыць наша жыццё ў самым яго пачатку, што жыць мы маглі б і сто, і больш гадоў, прыносячы карысць усяму жывому на зямлі, абураліся елачкі.

Хваёвыя лясы вырабляюць унікальны лекавы водар, неабходны для людзей з лёгачнымі захворваннямі, і ён папярэджвае такія захворванні.

— А што рабіць? Як вам ратавацца? — захвалявалася крывенькая елачка.— Можа б, неяк людзям патлумачыць усё гэта?

— Не,— адказалі сумна зялёныя прыгажуні.— Людзі не адчуваюць нашага болю, не разумеюць нашай мовы і ўвогуле ставяць сябе па-за законамі прыроды. А ў прыродзе ўсё ўзаемазалежнае і ўзаемазвязанае. Не стане нас, лясоў, і людзі сутыкнуцца з вялікімі бедамі.

Ратаванне для нас, натуральных елак, адно — штучныя елкі на Навагоднім свяце. Ды людзі неахвотна імі карыстаюцца, ім патрэбен пах у кватэры. Але пасля свята нас абыякава выкідваюць на сметнік, дзе мы дасыхаем, абсыпаемся і з намі паміраюць усе нашы мары...

— Вы не адны такія! — страпянуліся маладыя, зграбныя бярозкі, якія чулі елачкіны скаргі.— І жыццё наша, у самым яго пачатку, знішчаюць людзі.

— А вас для чаго? — здзівіліся калючыя суседкі.

Бярозкі сумна тлумачылі:

— Ёсць такое свята — Сёмуха. Хтосьці калісьці выдумаў, што на гэтае свята трэба ссякаць нас, маладых і самых прыгожых і ўпрыгожваць цэрквы і храмы. Уяўляеце, колькі на нашай зямлі цэркваў і храмаў! Знішчаюцца тысячы і тысячы маладых бярозак, цэлыя будучыя шматлікія бярозавыя гаі. І гэта — з году ў год.— бярозкі глыбока ўздыхнулі і працягвалі: — Акрамя храмаў, у кожнай вёсцы, кожны гаспадар ссякае на сёмуху абавязкова дзве бярозкі і ставіць іх ля сваіх брамак.

Пасля свята мы таксама будзем выкінутыя на сметнік. Няхай бы рэзалі ўжо галінкі і ўпрыгожвалі імі храмы, хоць і гэта для нас вельмі балюча.

І маладыя бярозкі з зайздрасцю паглядзелі ўгару на сваіх сталых сясцёр. Але тыя, перахапіўшы іх погляд, у сваю чаргу паскардзіліся:

— І наш лёс няпросты. З надыходам вясны людзі бяздумна падсякаюць нашу кару і збіраюць сок. А сок дрэва — як кроў для чалавека. Мы пасля гэтага губляем моц росту і хварэем. Акрамя таго, нас спілоўваюць на дровы і праз нейкі час мы ператвараемся ў попел.

Потым сталыя бярозы звярнуліся да маладых елачак:

— Вось вы казалі пра хваёвы лекавы водар. А ці ведаеце вы, што ў бярозавым гаі паветра чыстае, як у аперацыйнай? Нашы лісточкі выдзяляюць такія фітанцыды, якіх баяцца ўсе мікробы, і якія карысныя для ўсіх людзей. Па сутнасці, мы спрыяем людзям жыць як мага даўжэй.

— А чаму ж тады нас і вас знішчаюць? — жахнуліся елачкі.— Мы ж сябры людзям!

Бярозы сумна заківалі голлем:

— На гэта пытанне могуць адказаць толькі людзі...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.