epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Радавое памесце

Радавое памесце —

Мой палац успамiнаў.

На святым гэтым месцы

Сэрца колiсь пакiнуў.

 

Сум — маёнтак мой кроўны,

А над iм развысока

Дах узнёсся шыкоўны —

Дах з нябёс i аблокаў.

 

Туманы над лугамi —

Нiбы ветразь парчовы,

Дываны пад нагамi —

Пах атавы шаўковай.

 

Бор — мой сад ля палаца,

Мой квятнiк — краскi ў полi.

Хiба мог я расстацца

З гэтым скарбам? Нiколi!

 

Я магу вас прывесцi

Да калыскi адзiнай...

Радавое памесце —

Боль маiх успамiнаў.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.