epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рамкі

Жыццё, то ў рамках дзён,

то самапасам,

Жыццё, як фота —

ў профіль і анфас.

Яно прайшло, нібыта паза часам,

Хаця жыццё сабой абраміў час.

 

І рамкі часу, як шлакбаум —

Досыць!

Як напаследак памінальны звон.

З жыцця, за яго рамкі,

нас выносяць —

Апошняя пашана наўздагон.

 

Мы сонечнасці выпіваем чашу

І адыходзім у бясконцы цень.

Пажоўклы наш партрэт

у раме часу

Маўкліва пазірае ў новы дзень.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.