epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рамоначкі прысуд

Дзяўчына на рамонцы

Варожыць і ўздыхае:

— Кахае!

Не кахае...

Кахае!

Не кахае...

Пялёсткі рве, хвалюецца —

Напружанасць якая:

— Кахае!

Не кахае...

Кахае!

Не... ках-а-ае?..

Пялёстачкі закончыліся

Й холад па спіне.

— Кахае!

Не кахае...

Кахае!

— Навошта ж ты, рамоначка,

Наваражыла «не»?

Галовачку павесіла

Дзяўчына ў лузе тут.

Ой прыняла нявесела

Рамоначкі прысуд.

І раптам — любы да яе:

— Цябе шукаю я!

А ты на лузе без мяне,

Каханая мая!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.