epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Раніца

На галіначцы кожнай адзенне, як з ваты,

Пад бялюткаю коўдрай прыціхлі палі.

Я накінуў кажух і на досвітку — з хаты,

Каб убачыць, як сонца ўсплыве з-за зямлі.

 

Ах, якое чароўнае елак убранне!

І здаецца — бярозы стаяць з крышталю!

Ружавее марознае звонкае ранне,

Быццам казка аднекуль прыйшла на зямлю!

 

Колькі розных слядоў! Вунь — брабегла куніца...

Тут — вавёрка шукала свой «склад» ля карчоў...

Там — праклала раўнюткі «шнурок» свой лісіца...

Не злічыць — колькі «петляў» і скідак зайцоў...

 

Я «чытаю» сляды, і яны абудзілі,

Мо не к месцу зусім, насланнё-пачуццё:

Як жа ў сэрцы маім за жыццё «наслядзілі»...

Як тапталіся брудна ў душы за жыццё...

 

Што шукалі ЯНЫ ля крынічных вытокаў? —

Раздзіралі тканіну пачуццяў — жыўём.

Над калыскай жыцця хтосьці злосна галёкаў,

Вальнадумства ссякаў і махаў пугаўём...

 

...Я па снезе іду, я шчаслівы бясконца,

Думка светлая сэрца маё саграе:

— Дзякуй Богу! Узыдзе жаданае сонца!

І за ноччу нахлынуўшай — дзень настае!


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.