epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Раненая птушка

Жыццё, яно... Не, не маё,

А ўвогуле жыццё людзей,

Яно, як раненая птушка

Сярод драпежнасці падзей,

Пад ціскам хмарнасці свінцовай.

Яму б ляцець да долі новай,

У ясны свет, у неба сінь,

Да малазведаных вяршынь,

Да сонца вечнага, але...

Але ўзляцець не удаецца

Высока на адным крыле.

І птушкай раненаю б’ецца

Жыццё, як і планета-маці,

З адвечнай мараю аб шчасці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.