epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Расчараванне

Вясна пераблытала планы мае

І думкі мае,

І намеры —

То квеціцца,

То салаўямі пяе,

То кліча і кліча за дзверы.

 

І я не ўтрымаўся.

Ці ж мог сказаць «не»?

І выйшаў:

— Вітаю, спакуса!

Змагла ты між справаў

Заўважыць мяне —

Я ўсцешаны і ганаруся.

 

О сорам!

Памылка па сэрцы скрабе,

І расчараванне дзе дзену?

Гукала вясна

Не мяне да сябе,

А клікала лета на змену.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.