epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Раскрыты сакрэт

Лявон ля Сымона

сядзеў, прагаворваў,

Дыміў цыгарэтай

між слоў.

— Ты ж бульбу сваю

на тым тыдні аборваў,

А сёння — за плугам

быў зноў.

 

Ёй, бульбе тваёй,

там спакой толькі сніцца,

Дай ёй ачуняць

хоць дзянёк.

Павінна хоць трохі

яна ўкараніцца,

Ты ж торкаеш плугам пад бок.

 

Сымон у адказ

запытаў хітравата:

— Скажы, як на споведзі мне,

Ты бульбы штогод

выбіраеш багата?

Лявон сумна выдыхнуў:

— Не...

 

Якія ўраджаі?

Не бульба — арэхі,

Буйней

На руках мазалі.

Ніякай аддачы,

ніякай уцехі

Ад поту,

Ад працы,

Зямлі.

 

— Дык вось дзе тваіх

неўраджаяў прычына! —

Лявону Сымон дадае:

— І бульбачка любіць,

нібыта жанчына,

Каб хтосьці пад бок

яе кратаў няспынна,

Каб хтосьці

варочаў яе.

 

Ты жонку сваю,

вазьмі ноччу, пакратай,

А ранкам —

бліны ад душы.

І бульба заўжды

ураджай дасць багаты,

Ты толькі яе варушы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.