epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Раство

Ты толькі нарадзіўся, карапуз,

І ты пакуль — у яслях, немаўлятка,

Таму нічога у цябе, Ісус,

Прасіць не буду — ты ж яшчэ дзіцятка.

 

Хай зоркі новай дзіўнае святло

Убачаць і старыя, і малыя,

Каб зразумела кожнаму было —

З’явіўся ў свет збавіцель наш — Месія.

 

Расці здаровым, немаўля, мацней,

Ў складаны свет адчыненыя дзверы.

І шмат ад нас ты прымеш, ад людзей,

Няўдзячнасці, адступніцтва ад Веры.

 

Ты нас заклічаш ад пустых уцех,

Ты скажаш: — Сіла ў Веры, не ў спакусе!

Ты возьмеш на сябе наш боль і грэх,

Ты будзеш вечнай святасцю, Ісусе!

 

Ўсё будзе — ад усіх і адусюль,

Й табе не абмінуць нядолі горкай.

З раством цябе віншуем, а пакуль

У шчасці будзь пад Віфлеемскай зоркай!

7.01.2017.

Раство Хрыстова



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.