epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ратавальная мана

Лісе не шанцавала. Ноч прабегала ўпустую, надыйшла раніца, а ў роце — ні крошкі.

Убачыла мышку, кінулася за ёй, а тая ў нару. Капала Ліса, капала, а ў норкі, відаць, быў запасны выхад, і Ліса засталася ні з чым. Напаткала Вожыка — цап яго галоднай пашчай, а акрамя іголак у нос, нічога не атрымала. Спалохала Курапатку, а тая — ф-р-р-р на высокую галінку — паспрабуй яе дастаць.

Нарэшце — радасць! У густым ельніку, нос у нос сутыкнулася з Зайцам. Яму, бедалагу, акрамя Лісіных зубоў, няма куды дзявацца.

— А-а, вось кім я паснедаю! — смачна аблізнулася Ліса.— Развітвайся з жыццём, Касавокі!

— А я з ім развітаўся яшчэ да сустрэчы з табой, Лісанька,— хітруе Заяц.— Я і рады быў бы быць тваім сняданкам, але, прабач, спяшаюся.

— І куды мой сняданак так спяшаецца? — са здзекам спыталася рыжая.

— Бягу да Ваўка, Лісанька. Я ўчора паабяцаў яму, што сёння раніцай буду на яго стале свежанькі і цёпленькі.

— Во-ой, якая неспадзяванка! — расчаравана пачухала за вухам Ліса.— Што ж, упоперак дарогі Ваўку я не стану, імчы да яго, калі ўжо паміж вамі такая дамоўленасць.

Заяц, не доўга думаючы, плетануў прэч, смеючыся на бягу ад таго, што так лёгка абдурыў Лісу, якая лічылася самай хітрай у лесе.

І так Заяц разагнаўся, што не заўважыў, як з наскоку сутыкнуўся лоб у лоб з Ваўком. Воўк пачухаў лабаціну і прыціснуў лапай да зямлі Зайца.

— Ты што? — рыкнуў ён.— Вочы павылазілі? За гэта я цябе з’м! Дарэчы, не толькі за гэта, а, хутчэй за тое, што сёння яшчэ не снедаў. Развітвайся з жыццём, Касавокі!

— О-ёй-ёй... — задрыжаў Заяц.— Ды я, Ваўчок, і рады быў бы быць тваім сняданкам, але ўчора паабяцаў Мядзведзю, што сёння раніцай буду на яго стале свежанькі і цёпленькі... і не пакамечаны. Так што адпусці мяне.

— А-а, дык вось чаму ты так пёр, як шалёны! — адпусціў Зайца Воўк.

— А ты думаў што! — абтросся Заяц.— З Мядзведзем благія жарты!

— Ведаю, ведаю,— пагадзіўся Воўк.— Ну, тады спяшайся, і прывітанне ад мяне гаспадару леса...

Узрадаваны Заяц яшчэ хутчэй плетануў далей ад небяспечных сустрэч. І да таго ён разагнаўся, што з усяго маху ўлупіўся лбом у нешта вялікае і мяккае. Заяц, як мячык, адскочыў ад гэтага вялікага і мяккага, і з жахам заўважыў, што з перапуду наскочыў на Мядзведзя, які ласаваўся спелай малінай. Мядзведзь ад нечаканасці ажно папярхнуўся ягадамі.

— Ты што гэта, Касавокі, тараніш мяне падчас майго сняданка,— зароў Мядзведзь.

— Я... я... разумееце... — замармытаў перапалоханы Заяц.

— А што тут разумець! — адкашляўся клышаногі.— Тут і разумець няма чаго: ягады набілі мне аскоміну, а мяса я не еў даўно. Вось ты і ўпрыгожыш маё меню.

— Я... я... разумееце... — спахапіўся Заяц.— Я і рады быў бы быць упрыгожаннем вашага меню, але ўчора паабяцаў Слану, што сёння раніцай прымчу да яго сняданкавага стала свежанькім і цёпленькім. Вось чаму я так безаглядна пёр, шаноўны Міхайла, прабачце, не ведаю, як вас па бацьку.

— Ты што, Касавокі, дурня з мяне робіш? — абурыўся Мядзведзь.— Хіба ж у нашых лясах сланы водзяцца?

— Яшчэ як водзяцца! — запэўніў Заяц.— На носе глабальнае пацяпленне, вось да нас і перасяляюцца сланы.

— Гм-м... — пачухаў патыліцу Мядзведзь.— Пра глабальнае пацяпленне я нешта чуў. Што ж, не варта з-за нейкага там касавокага псаваць будучыя адносіны са Сланом. Таму спяшайся, і маё прывітанне афрыканцу.

А сам падумаў: «Гэта ж трэба, сланы харчуюцца зайцамі! Дзе ж іх набрацца?»

Заяц не верыў сваім доўгім вушам, наколькі лёгка ўдалося падмануць даверлівага Мядзведзя.

Ён імчаў далей па лесе што ёсць заячай моцы, задаволены сваім розумам. Радасць асляпіла яго касыя вочы, і ён са страшэннай сілай шмякнуўся лбом у сланову нагу. Яму падалося, што не толькі іскры, але і полымя шуганула з вачэй. Ён зваліўся, як падкошаны і, губляючы прытомнасць, паспеў падумаць: «Толькі сланоў нам у лесе і не хапала...»

Доўга ляжаў Заяц на імху. Калі ж апрытоміў, агледзеўся і зразумеў, што бабахнуўся лбом не ў нагу слана, а ў звычайны беларускі дуб. Памацаў ён вялізную шышку на сваім лбе і весела заключыў:

— Шышка — дробязь! Затое я свежанькі і цёпленькі нікому на сняданак не патрапіў!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.