epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ратавальны «быльнёг»

Шчаўе дзірваннае,

вобаратнік, крапіва,

І, за зіму перагнілая

бульба-шайморы,

Сотні і сотні разоў ўспамінаю —

ні раз і ні два,

Як ратавалі жыццё

тагачаснай галечы галоднай у горы.

 

Сёння не ведаюць новыя людзі —

і часу хвала,

Пасляваенную долю гаротных,

забытую Богам,

Як былі спалены многія хаты

і вёскі датла,

Як ратаваліся людзі

ад смерці галоднай «быльнёгам».

 

Дзесяцігоддзі мінулі,

а я ўсё забыць не магу

Ў голад спавітую,

ледзь перажытую тую гадзіну.

Сёння па лузе іду,

з далікатнасцю стаўлю нагу,

І ратавальную бачу

ў траве зеляніну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.