epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ратавальны рубель

Дзед збіраўся ўжо памерці

Пакорна, без злосці.

Раптам — стукаецца ў сэрца

Хтосьці альбо штосьці.

 

Што за з’ява!

Што за ліха!

Дзед расплюшчыў вочы

І дапытваецца ціха:

— Хто і чаго хоча?

 

— Ты ў мяне рубель пазычыў,

Вось і Бог за сведку,

Не аддаў, а замантычыў,

Я й міліцыю паклічу! —

Чуе гвалт суседкі.

 

— Прыкішэніў суму гэту,

Лёг і гора мала!

Я цябе б і з таго свету

За рубель дастала! —

 

Вось хто грукацеў у дзверы

Так, што няма спасу —

І памерці з-за халеры

Ой, не будзе часу.

 

Давялося ўстаць з пасцелі,

Каб аддаць пазыку.

Раптам людзі наляцелі

Ад такога крыку.

 

— О-о, дык тут у вас «амуры»,

Любіш, дзед, суседак!

Захварэў, а шуры-муры

Ладзіш напаследак.

 

Дзед адчуў прыліў імпэту,

Ліха азірнуўся.

Ён нібыта з таго свету

У жыццё вярнуўся.

 

— Калі ўжо такія госці,

Рэж, суседка, сала!

Дзеля гэткай весялосці

Й пляшкі будзе мала!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.