epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Раўлі у лесе пілы

Раўлі у лесе пілы лесніковы,

Бяроз дзялянку рэзалі на дровы.

 

Што па квітках збывалі, што налева,

Ў цане — было і ёсць любое дрэва.

 

Бензапіла — для дрэў усіх пагроза,

Й знікалі за бярозкаю бяроза,

 

Валіліся, спаткаўшы злую долю,

І падалі, каб не устаць ніколі.

 

Развітвацца з жыццём заўсёды цяжка,

А тут вясна прыйшла уладна й важка

 

І ахінула ўсіх прыветным вокам,

Заплакалі сваім жалобным сокам

 

Калекі пні пазбаўленыя дрэваў,

Не будзе чутна тут птушыных спеваў.

 

Раўлі у лесе пілы, пілавалі

Бярозак, што аб будучыні дбалі,

 

Жылі, раслі і марылі аб шчасці,

Ды давялося на зямельку ўпасці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.