epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Разбалансаванне

Даўней было галоўным праца,

Пра ўцехі думалася мала.

Даводзілася харчавацца

Звычайным — бульба, хлеб ды сала.

 

І малачко было па густу,

Капустцы кіслай — не загана.

Сучаснік скрывіцца: — Не густа!

Не ўхвальна! Не збалансавана.

 

Ці ж гэта ежа! Смех курыны!

Ненавуковасць — адназначна.

Дзе каларыйнасць? Вітаміны?

Дзе разнастайнасць блюдаў смачных? —

 

Мяняемся мы ўсебакова,

Мадэрфіцыруемся генна.

Меню складаем навукова

І збалансоўваем нязменна.

 

Ядзім мы з густам, першакласна,

Нярэдка, на бягу, галопам.

Куды цяпер да нас сучасным

Усім Амерыкам, Еўропам?

 

І вось яно, гадоў каранне:

Лёс чалавецтва лёг на шалі —

Збалансавалі харчаванне,

Ды душы разбалансавалі.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.