epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Разгадка

Было ў Прузыны «хобі» —

Гнаць

На продаж барматуху.

Яна любіла рана ўстаць,

Калі вакол — ні духу.

 

Цягала дровы і гаршкі,

Ваду ўвесь час насіла.

Каб дзве яшчэ былі рукі —

І ім бы спраў хапіла.

 

І сёння не спыніла рук —

Увагі брага просіць.

Ды раптам чуе ў дзверы стук.

«Каго там чэрці носяць?!»

 

Прузына зірк, і — мой ты Бог! —

Застылі ў горле словы.

Пераступіў цераз парог

Інспектар участковы.

 

«Прынесла ж бура! Каб ты скіс!» —

Падумала Прузына.

— Ой! Хто прыйшоў!

Які сюрпрыз! —

Вітала ўслых, як сына.

 

— А я ўсё думаю, чаму

Не зойдзіце ніколі!

«Во нос! Каб ён адсох яму!» —

Падумала міжволі.

А участковы й сапраўды

(Не пень жа нерухомы!)

 

Ступіў, нюхнуў туды-сюды.

— Тэ-экс! Чую пах знаёмы!

 

Тэ-экс. Зразумела. Ну і ну!

Ага. Знайшоў, здаецца...

Прузыну хоць кладзі ў труну —

Збялела ўся, трасецца:

 

— Ой, гора!

Не перажыву

Сваёй нягеглай долі!

Ой, ліха мне на галаву!

Оё, не губі, саколік!

 

Няхай згарыць, калі маню,

Усё маё кухарства!

Ці ж, залаценькі, я ганю

На продаж? На лякарства!

 

Але і вухам не павёў

Дзяржаўны участковы.

Ён сам з сабой гаворку вёў

І выгляд меў суровы.

 

— Тэ-экс. Вось ён, стрыжань.

Вось адказ,—

Зірнуў інспектар скоса.

— А я вось думаў увесь час,

Чаму свярбіць пад носам?!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.