epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Разгавеюся сонцам

Разгавеюся сонцам, паветрам уп’юся,

І закруціць мяне, закалыша вясна.

На зялёныя грудзі яе павалюся,

Зразумее яна, і абдыме яна.

 

Я сустрэў маладосць, ап’янеў назнарокам

Ад ажыўшых лясоў, ад празрыстых вятроў.

Я не буду хмяліцца бярозавым сокам,

Бо не п’ю я ніколі сяброўскую кроў.

 

Як прыемна адчуць пад сабой пульс зямліцы,

І ляжаць, і глядзець у бяскрай-сіняву,

І гадаць — хто плыве? — па-дзіцячы дзівіцца:

Ці аблокі — у небе, ці сам я плыву?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.