epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Разгулялася безгаловіца

Разгулялася безгаловіца,

То заплача, то запяе.

Вецер моліцца,

Ў дзверы ломіцца,

Снег шрапнелісты

Ў шыбы б’е.

 

Вылятае гудзенне з коміну,

Як з агромністае дуды.

Сэрцу ў лютым набілі аскоміну

Завірухі і халады.

 

Мітусіцца, плыве, гайдаецца

Белай навалачы сцяна.

Сэрца ж думкаю саграваецца,

Што за лютым ідзе вясна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.