Адной, даволі вядомай дзяржавай, кіраваў не менш вядомы кароль Лагода.
І вось гэты кароль вырашыў аддаць замуж сваю адзіную дачку Куксу. Як гэта і павінна быць ва ўсіх казках, кароль паабяцаў таму, хто жэніцца з яго дачкой, будзе, у якасці пасагу, аддадзена паўкаралеўства.
А дачка, хоць і мела імя Кукса, і часцяком куксілася без аніякай на тое падставы, была ўсё ж прыгажуняй, як і ўсе дзеці тагачаснага і сучаснага кіраўніцтва.
Але яна, гэта прынцэса, будзь хоць апошняй страхалюдзінай, усё роўна прываблівала б жаніхоў, не горш, чым ліпучка мух, бо хто ж адмовіцца ад паўкаралеўства?
Вось каб кароль абвясціў, што аддае дачку замуж у тым, у чым яе маці нарадзіла, паглядзелі б мы, ці шмат было б ахвотнікаў.
Але, паколькі ў перадвясельным кантракце першым пунктам было паўкаралеўства, а ўжо за ім упаміналася Кукса, чарга з жаніхоў да каралеўскага палацу была неверагодна вялізная.
Ды ўсе жаніхі расфуфыраныя, ды ўсе з падарункамі, ды ўсе ажно згаралі ад нецярпення.
Чарга была такая доўгая яшчэ і таму, што кароль, абвяшчаючы сваіх падданых аб выданні замуж дачкі, дадаў у свой Указ і такія словы: «...а хто адмовіцца ад маёй Куксы, таму галава з плеч.»
А трэба сказаць, што прынцэса Кукса была вельмі пераборлівая, нават невыносна капрызная.
Жаніхам яна давала вельмі хутка ад варотаў паварот. То ростам быў малы, то другі — занадта высокі, то ў аднаго нос кручкаваты, то ў другога гузікам, то вушы вялікія, то ногі крывыя і гэта «то» можна пералічваць і пералічваць да бясконцасці.
Адным словам — капрызуля.
А быў у гэтым каралеўстве адзін малады хлопец, які па-сапраўднаму кахаў Куксу, і ведаў, што ў яго няма аніводнага шансу заваяваць сэрца прынцэсы, бо быў ён не знатнага роду, у яго нават і падарунку для яе не было.
І хоць багацця ён не меў, затое Бог узнагародзіў яго розумам. І імя яму бацькі ў свой час далі, якое адпавядала яго інтэлекту — Разумнік.
Вось ён, гэты Разумнік, як кажуць, раскінуў мазгамі і вырашыў: чым піхацца дзень і ноч у чарзе, зраблю я наадварот.
І ён зрабіў. Абвясціў прылюдна, што адмаўляецца ад прынцэсы, не жадае ні яе, ні паўкаралеўства.
Ад такой дзёрзкай аб’явы, і адна палова каралеўства, і другая, аслупянелі ад жаху. Гэта ж трэба, чалавек добраахвотна падстаўляе голаў пад сякеру.
Чутка пра самазабойцу-жаніха дакацілася і да каралеўскіх, і да прынцэсавых вушэй.
Кароль не хацеў выглядаць перад сваім народам пустазвонам, таму падпісаў новы і вельмі кароткі ўказ: «Адсекчы галаву!»
Разумніка скруцілі, накінулі на галаву мяшок і кінулі ў каралеўскую кутузку да той пары, пакуль будзе пабудаваны на плошчы эшафот. Павінны ж падданыя бачыць, што з каралём небяспечныя жарты.
Але тут нечакана Кукса перастала куксіцца і капрызнічаць і звярнулася да свайго бацькі караля:
— Я хачу яго бачыць!
Кароль замахаў рукамі:
— Ды навошта ён табе? Я ўжо ўказ падпісаў аб адсячэнні яму галавы.
Прынцэса настойвала на сваім:
— Я хачу яго бачыць!
Тут, як і разлічваў Разумнік, спрацавала звычайная жаночая цікаўнасць. Хто ж ён за такі, які адмаўляецца і ад прынцэсы, і ад багатага пасагу? Самалюбства Куксы было балюча закранута за жывое.
— Я хачу яго бачыць! — паўтарала яна каралю.
Што было рабіць?
Прывялі ў прынцэсавы пакоі арыштаванага з мяшком на галаве.
— Усе свабодныя! — загадала яна ахове,— Я хачу пагаварыць са злачынцам без сведак.
Калі ўсе выйшлі за дзверы, Кукса, не здымаючы з галавы мяшка, спыталася ў Разумніка.
— Чаму ты, як усе жаніхі не стаў у чаргу?
— Я спрабаваў стаць у канцы чаргі,— адказаў голас з мяшка,— але канец чаргі ўпёрся ў далягляд і я не змог ушчаміцца.
— Як цікава! — здзівілася прынцэса і працягвала:
— А чаму ты, ведаючы, што табе за адмову ад мяне адсякуць галаву, усё ж адмовіўся?
Голас з мяшка адказаў:
— Я ж адмовіўся не ад цябе, прынцэса, а ад сваёй галавы.
— Зноў цікава! — усміхнулася прынцэса. Затым спыталася: — А чаму ў цябе на галаве мяшок?
Разумнік, які быў вельмі прыгожы, адказаў:
— Таму, каб не напалохаць цябе. У мяне вялікія вушы, касыя вочы, нос то кручкаваты, то курносы.
Прынцэса задумалася.
— А скажы, ты спробваў ушчаміцца ў канцы чаргі дзеля чаго: дзеля паўкаралеўства?
— Не! — рашуча адказаў Разумнік,— Паўкаралеўства мала, гэта такая дробязь. Я спробваў патрапіць да цябе, каб потым пакласці да тваіх ног, прынцэса, ўвесь свет, сонца, якое над намі, усе зоркі, якія ў небе, усе кветкі, якія толькі растуць на зямлі. Таму, ад паўкаралеўства я б адмовіўся.
— Ого! — не стрымалася Кукса.— У цябе, такога лапавухага, касавокага ды рознаносага, такое ўзнёслае сэрца! Ні ад каго да цябе я не чула нічога падобнага. Шкада, што ты брыдкі на выгляд, але, спадзяюся, што мне ўдасца да цябе прывыкнуць. Я выбіраю цябе, незнаёмец!
І Кукса, упэўненая, што убачыць перад сабой брыдоціну, сцягнула з галавы Разумніка мяшок.
Эфект нечаканасці быў настолькі моцным, што прынцэса ўскрыкнула:
— Хто ты?! Чаму я раней ніколі цябе не бачыла?
Разумнік з цеплынёй адказаў:
— Я той, хто цябе даўно кахае і без паўкаралеўства, і без пасагу. Я той, хто гатовы аддаць сваё жыццё, каб толькі ты была шчаслівай. Я той, хто...
— Хопіць! — усклікнула прынцэса,— Я ўсё пачула сэрцам! Я ўсё ўбачыла сэрцам!
Неўзабаве ўсё каралеўства — і адна палова, і другая, было запрошана на вяселле Разумніка з Куксай, якая, дарэчы, перастала куксіцца і капрызнічаць.
Не скажу, што я быў на тым вяселлі, але чуць пра яго чуў.