epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Разумныя» вершы

Чытаючы М і Г

Чытаю «разумныя» вершы —

Халодныя творы,

Разумных маіх, ды халодных

Душою калег,

Нібыта плыву па паўночным

Няветлівым моры

І шчырасці бераг шукаю —

Жыцця абярэг.

 

«Разумныя» вершы...

Паэзіі розуму мала,

Каб вобразнасць, тэмы, радкі

Выкрасалі святло,

Каб крыліла вольнае слова

І ў неба ўздымала,

Каб цешыцца сэрца,

Смяяцца і плакаць магло.

 

Адкуль ён, нябачны выток

Паэтычнага слова?

Адкуль бы ні быў,

Толькі не ад разумнасці ён.

Вунь, колькі на нашай планеце

Разумнагаловых,

А толькі паэт паміж імі —

Адзін на мільён.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.