epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Развагі

 

У вершы «Прадночча» я ўжыў слова «закат», замест якога неабходна было напісаць «захад сонца». А чаму? Хіба ж сонца не можа закаціцца за лес, за далягляд? Сонца яшчэ над лесам — таксама захад сонца, а палоска зары, пасля таго, як сонца «закацілася» — і ёсць закат.

У рускай мове ёсць і «луна», і «месяц», а ў беларускай — толькі «месяц». Зноў, чаму? Луны ў беларускай мове няма, а вось «лунацік» ёсць. Адкуль ён узяўся? У прыроды ёсць месячныя цыклы і ў жанчын яны ёсць. Не пераблытаць бы!

Дровы мы на беларускай мове «колем» (русізм), а было б больш дакладна — «шчапаем», як і гавораць вяскоўцы. Тады, замест «калуна» быў бы «шчапак».

Кузня ў беларускай мове ёсць, а вось слова «кузнец» няма — і гэта правільна. Было б яшчэ больш правільна, каб замест «кузні» была «кавальня», паколькі ў ёй працуе не кузнец, а каваль.

У беларускай мове ёсць толькі «камяк», а вось «ком» адсутнічае. Праўда ёсць «камок» снегу, але ж гэта снежка. Пераканаўча гучала б: «падзеі набліжаліся, як снежны ком...», а не снежны камяк, бо камяк, гэта штосьці невялікае, а ком — вялікае, а ўжо «снежны ком» — пагрозлівае.

Няўжо слова «ком» збядніла б беларускую мову, хутчэй наадварот.

Колькі помню сваю маму, асабліва ў маленстве, пасля вайны, калі было асабліва цяжка жанчынам-гаспадыням, не меўшым, чым карміць дзяцей, сям’ю, у што апранаць, абуваць, мама ўціхую ўздыхала і з горыччу казала: — «Каму — па каму, мне ж — два камы...» Гэта азначала, што цяжка ёй удвая.

Гэта ж, як я высветліў у мамы, казала даўней і яе маці. Значыцца слова «ком» вельмі паважанага веку.

У беларускай мове адсутнічае слова «свяча», ёсць толькі «свечка». А між тым. існуюць вялікія — свечы, і маленькія — свечкі. Інакш трэба будзе выкінуць з беларускай мовы такія словы, як «сцяна» і «рака», а пакінуць «сценка» і «рэчка».

Далей увогуле жах: Беларуская мова знішчыла такі біялагічны від, як лягушка.

У нашай мове жаба — «жаба» і лягушка — «жаба» альбо «жабка».

А лягушка і жаба не адно і тое ж.

І развагі можна доўжыць...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.