epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Развітанне

Пастарэла кароўка — сваё аджыла...

I аднойчы машына за ёю прыйшла,

Каб павезці пад нож — вось і кропка ў жыцці.

Перастала кароўка атаву скубці,

Зразумела яна — не надточыш гады,

Сэрца ёй апякло прадчуванне бяды.

Падышлі да кароўкі нядолі ганцы —

I на шыю вяроўку, і ў рукі канцы,

Пацягнулі сілком да машыны з лужка —

I пайшла яна ціха да грузавіка,

Паслухмяна пайшла да няўмольнай бяды,

Толькі вочы з надзеяй глядзелі туды,

Дзе застыла яе гаспадыня — бы спіць.

Што ж яна ратаваць не ідзе, бараніць?..

Як грузілі кароўку у кузаў ЗІЛа,

Гаспадыня — у слёзы, убок адышла:

— Ой, кароўка, кароўка! Няўжо гэта ў сне?

Ты ж карміла мяне, ты ж паіла мяне!

Частавала майго і сынка, і дачку,

I унукі раслі на тваім малачку.

Хоць гады, і бяда, і нуда — чарадой,

А заўсёды стаяў на стале сырадой.

Ой, Красуля, Красуля! Ой, слёзы я п’ю!

Я ж з табой размаўляла, пакуль падаю,

I пра лёс недарэчны — як цяжка адной,

I дзялілася шчыра любой навіной...

I далей прычытала жанчына скрозь плач:

— Ой, кароўка, кароўка! Бывай і прабач...

Грузавік разганяўся шыбчэй і шыбчэй —

I ў кароўкі закапалі слёзы з вачэй.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.