epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Развод па-славянску

Адзін з райцэнтраў Беларусі жыў сваім звыклым жыццём: «вярхі», як ім і належыць па штату,— кіравалі, «нізы», кожны на сваім месцы,— выконвалі і перавыконвалі. Праўда, былі і выключэнні, але сёння гаворка не пра іх.

Харытон Піліпавіч Галавасты не належаў ні да «вярхоў», ні да «нізоў», ён прыпісваў сябе да катэгорыі грамадзян, менавіта грамадзян, бо на службе ў асноўным чуў «грамадзянін суддзя».

Але сёння ён быў вольным ад тэрмінаў, фармальнасцяў і катэгорый, бо з асалодай пакаваў чамадан — збіраўся ў такі доўгачаканы адпачынак.

Настойлівы тэлефонны званок бесцырымонна адарваў Харытона Піліпавіча ад прыемнага занятку. Тэлефанавала з прыёмнай старшыні раённага суда сакратарка Люба.

— А-а, Любаша! — весела ўсклікнуў адпускнік.— Вырашыла пажадаць мне спадарожнага ветру?!

Голас у трубцы збянтэжыўся:

— Я... так... вядома... Але вас тэрмінова жадае бачыць Антон Сымонавіч. Тэрмінова!

— А што за тэрміновасць? — здзівіўся Харытон Піліпавіч.— Я ж у адпачынку.

— Ой, не ведаю, Харытон Піліпавіч! Відаць, нешта здарылася, бо ўсе на вушах стаяць.

— Добра, Любаша, перадай яму, што хутка буду,— выдыхнуў Харытон Піліпавіч і паклаў трубку.

Праз нейкі час ён ужо заходзіў у кабінет да свайго шэфа.

— Святое правасуддзе! Дачакаўся! — кінуўся насустрач падначаленаму старшыня, чаго ніколі раней не рабіў.— А ў мяне ад страху ўсе блохі паздыхалі — ты мне патрэбен, Харытон Піліпавіч, да зарэзу!

— А што здарылася, Антон Сымонавіч? Я ж адной нагой...

— Ведаю! Ведаю, даражэнькі, што ты ў адпачынку,— перахапіў гаворку старшыня.— Прабач, што ламаю твае маладыя задумкі і планы, але і нас тут абставіны таксама ломяць праз калена, ды так, што аж хруст ідзе па ўсім раёне.

— Дык што здарылася? — ужо насцярожана запытаўся Харытон Піліпавіч.

— О-о! Гэта горш за эпідэмію! Такое ў маёй практыцы ўпершыню. Ты сядай, памазгуем разам.

Калі абодва селі, Антон Сымонавіч памкнуўся наперад і праз стол зашаптаў:

— Ты толькі ўяві, што ГЭТА пад кантролем...— і старшыня таямніча паказаў пальцам на столь.— А з вертыкаллю не жартуюць! Зразумеў?

— Шчыра кажучы, не зразумеў,— разгублена адказаў Харытон Піліпавіч.— Пра што ўсё ж гаворка?

Антон Сымонавіч дастаў з тоўстай папкі нейкія паперы:

— На вось, сам чытай!

Харытон Піліпавіч узяў стос нейкіх напісаных ад рукі заяў і толькі сабраўся ўчытацца, як Антон Сымонавіч рэзка выхапіў іх і зноў паклаў у папку.

— Э-э, доўга прыйдзецца чытаць! Я табе — у два словы, а начытацца гэтай класікі паспееш... Скажы, ты ведаеш вёску Славянку?

— Хто ж яе не ведае? — усклікнуў Харытон Піліпавіч.— Яна хоць і глухая, але з пэўнага часу славутаю зрабілася.

— Правільна! — узрушана падтрымаў калегу старшыня.— Цяпер гэта мяжа ці, дакладней, сумежжа з іншымі дзяржавамі... Мытня, бюракратычная валакіта і ўсё такое іншае...

— І што сусветнае здарылася ў гэтым ціхім балоце? Мытня не дае дабро ці замнога бярэ дабра? — скаламбурыў Харытон Піліпавіч.

Антон Сымонавіч падхапіўся з месца і забегаў перад калегам.

— Ты сказаў, ціхае балота! Забыўся, хто водзіцца ў такім балоце?

— Я ў чарцей не надта веру,— скрывіўся перад шэфам суддзя.

А той, не спыняючыся, схапіўся за галаву:

— Там такое!.. Там падурнелі ўсе бабы! Агулам! Усе як адна, і ўсе ў адзін дзень. Во! — і Антон Сымонавіч схапіў са стала папку.— Во, цэлы том заяў з настойлівай просьбай развесці іх з мужамі.

— У іх што, вальты за вушамі? — не стрымаўся Харытон Піліпавіч.

— Горш! — кіпяціўся Антон Сымонавіч.— Горш! Гэта натуральны бабскі бунт на даручанай нам тэрыторыі! Ермакі ў спадніцах, а не бабы!

— А што за муха іх укусіла? Чым матывуюць свой учынак славянскія амазонкі? — папытаўся Харытон Піліпавіч і ў думках развітаўся са сваім адпачынкам.

— А вось ты, як самы вопытны ў бытавых справах суддзя, і габлюй туды. Бяры, каго палічыш неабходным, у памочнікі і разбірайся, тушы той пажар. Не патушыш — згарым усе ў гэтым полымі, сораму будзе на ўвесь хрышчоны свет. Ці ж гэта жарт — сумежжа з іншымі дзяржавамі.

 

* * *

Кіраўнік раённай адміністрацыі Анкудовіч Захар Восіпавіч сядзеў за рабочым сталом у сваім кабінеце і аб нечым напружана думаў. Раптам зняў тэлефонную трубку.

— Клава, звяжы мяне хуценька з Правасудам, старшынёй райсуда... Алё! Антон Сымонавіч, што ў цябе новенькага?

У трубцы пачулася:

— Дакладваю, Захар Восіпавіч: на мінулым тыдні судом былі разгледжаны справы па фактах продажу няякаснага самагону, мардабою ў сельскім клубе, крадзяжу дачнікамі калгаснага перагною ў асабліва буйных памерах...

— Пастой! Пачакай ты! — перабіў даклад Захар Восіпавіч.— Пакінь пры сабе калгасны гной-перагной! Ты мне пра Славянку далажы, як і што там?

У тэлефоннай трубцы зноў пачулася:

— Дакладаю, Захар Восіпавіч: сёння раніцай туды адбыла следчая група, якую ўзначальвае вопытны суддзя Галавасты. Як толькі што-небудзь высветліцца, дакладу вам першаму, Захар Восіпавіч.

— Мда-а...— прамыкаў у трубку кіраўнік раёна,— мда-а, як бы праз мяжу не прасачыўся гэты канфуз... Зняславімся на ўсю Расію і Украіну.

— Не павінна прасачыцца, Захар Восіпавіч,— дагодліва запэўнілі ў трубцы,— будзем спадзявацца, што мяжа на замку.

— Добра! — рэзка абарваў суразмоўцу Захар Восіпавіч.— Трымай гэта на кантролі, а я паспрабую звязацца з расійскім калегам ды празандзірую яго дасведчанасць у нашых справах.

Захар Восіпавіч паклаў трубку і націснуў на кнопку з краю стала. Зараз жа ўвайшла сакратарка.

— Клава, паспрабуй звязаць мяне з нашымі суседзямі ў Расіі.

— З кім канкрэтна, Захар Восіпавіч? — папыталася сакратарка.

— Пажадана з кіраўніком раённай адміністрацыі Жыгаліным Пятром Іванавічам. І хутчэй!

— Добра, Захар Восіпавіч,— і сакратарка выйшла.

Застаўшыся адзін, Захар Восіпавіч закурыў і падышоў да карты, глыбока ўздыхнуў.

— О-хо-хо... Не так даўно мы з Пятром Іванавічам палявалі ды юшачкай ласаваліся ледзь не кожны выхадны... То ён да мяне на крутым віражы, то я да яго знянацку-заліхвацку... Ды і ўкраінскі калега Налівайка часцяком прыстаканьваўся — як кажуць, кумекалі на траіх... А цяпер! О-хо-хо...

Зазваніў тэлефон.

— А-а! — усклікнуў Захар Восіпавіч, ідучы да стала.— Вось і галубчык Жыгалін! Зараз паплачамся адзін аднаму ў камізэльку.

Захар Восіпавіч схапіў трубку:

— Давай, Клава, слухаю!

У трубцы пачулася:

— Прабачце, Захар Восіпавіч, не атрымліваецца выйсці з імі на сувязь...

— Чаму? Што такое?! — грымнуў раённы галава.

— Не ведаю,— задрыжаў голас сакратаркі,— я старалася...

— Дзе гэты лайдак Сідорын? Выклікаць да мяне начальніка вузла сувязі! — захлынаўся ад злосці Захар Восіпавіч.

— Ужо выклікала, ён ідзе да вас, Захар Восіпавіч,— адказала Клава.

Гаспадар кабінета кінуў трубку:

— Во часы! Ні палявання, ні рыбалкі, ні сувязі! Рабінзону пазайздросціш!

Прачыніліся дзверы кабінета, зазірнула Клава:

— Тут Сідорын...

— Сюды яго! — закамандаваў Анкудовіч.

У кабінет грознага шэфа баязліва ўціснуўся начальнік раённай сувязі.

— Здра...— раскрыў ён рот.

— Маўчаць! — гаркнуў Захар Восіпавіч, потым схапіў тэлефонную трубку і патрос ёю ў паветры.— Дзе сувязь? З чыёй літасці я адрэзаны ад усяго свету?!

— Я... я...— спрабаваў апраўдвацца Сідорын.

— Што я? Што ты? — не сунімаўся кіраўнік раёна.— Да абанента нейкіх трыццаць км, а перагаварыць з ім не магу. У чым справа?

Сідорын перавёў дыханне і блытана пачаў тлумачыць:

— Я... як бы вам сказаць... Спадарожнік... Расія... Мытня...

— Што ты мелеш? — пырснуў слінай Анкудовіч.— Я ў цябе пытаюся пра сувязь, а ты мне энцыклапедыю з геаграфіяй скрыжоўваеш. Дзе сувязь?

— Вось я і кажу, Расія...

— Што Расія?.. Пры чым тут Расія?.. Дарэчы, мне і неабходна з расійскім рэгіёнам перагаварыць.

— Дык вось, Захар Восіпавіч,— крыху супакоіўся Сідорын,— расійская мытня не прапускае бяспошлінна сігнал з нашага боку. Ускруцілі тарыфы і сякуць наш сігнал на паўдарозе.

— Як гэта сякуць? — разявіў ад здзіўлення рот Захар Восіпавіч.— Сякерай сякуць ці як?

— Ды не! Навошта сякерай? — тлумачыць Сідорын.— Сувязь Беларусі з Расіяй ажыццяўляецца праз спадарожнікавую сістэму. А паколькі энерганосьбіты і металургія знаходзяцца ў руках камерцыйных дзялкоў, а стартавая пляцоўка аж у Казахстане, то і працэс вываду на арбіту штучных спадарожнікаў падаражэў. А спадарожнікі спрэс расійскія, сваіх мы яшчэ не завялі, вось яны і рэжуць нас без нажа...

Кіраўнік раёна здзівіўся:

— Ты такі разумны, а я і не ведаў...

Сідорын пачырванеў:

— Стараюся, Захар Восіпавіч...

Анкудовіч зноў узвінціў тон размовы:

— А дзе наша дзедаўская сувязь? Дзе дрот, кабель?

— А вось дзедаўскую сувязь якраз сякерай і перасеклі бамжы. Іхнія — на тым баку, нашыя — на гэтым, а дрот здалі за бутэльку ў пункт прыёму каляровых металаў...

— О, ё-к-л-м-н! — вылаяўся Захар Восіпавіч.— Не інакш як з мяне пісаў калісьці Шэкспір свайго Рабінзона!

 

* * *

Вёска Славянка хутка набірала папулярнасць. Калісьці непралазная глухмень, без радыё і электрасвятла, пасля распаду Савецкага Саюза зрабілася памежнай з Расіяй і Украінай, і праз яе праклалі свой шлях так званыя кантрабандысты. Гэта — мясцовыя жыхары, якія, як і раней, працягвалі купляць тое і там, дзе гэта было выгадней. Расіяне і ўкраінцы куплялі ў беларускіх вёсках і крамах адно, а беларусы ехалі або ішлі ў Расію і на ўкраінскі бок па другое. А паколькі мяса, масла і іншыя прадукты трапілі пад забарону ўвозу і вывазу, на мяжы трох рэспублік, як грыбы, выраслі тры мытні — гані пошліну!

Пасля гэтага Славянку электрыфікавалі, дамы нашпігавалі тэлевізарамі і іншай бытавой тэхнікай, аб якой раней толькі марылі. Настала, па славянскіх мерках, райскае жыццё.

Аднак у кожнага медаля ёсць і адваротны бок. Прыкладна на сто першай серыі мексіканскага тэлефільма «Секс без грыму» і на дзевяноста восьмай серыі бразільскай тэлеатруты «Любоўная вакханалія» мясцовыя бабы ўсіх узростаў сцямілі, што на свеце ёсць паголеныя, ласкавыя мужчыны, апранутыя ў модныя смокінгі, а не ў падраныя ватоўкі і стаптаныя, у гнаі боты. Яны, бабы, былі ледзь не забітыя напавал, калі даведаліся, што ад гэтых асляпляльных мужчын не пачуеш п’янай лаянкі, не схопіш «ліхтара» пад вока, што побач з імі не верне нос ад страшэннага перагару. Гэта быў эфект выбуху бомбы падчас сеанса Чумака ў перапоўненай соннай зале. І прыкладна гэткі выбух скалануў адвечна ціхую Славянку.

 

* * *

Хуан імпэтна працягнуў рукі да Сесіліі:

— О, Сесілія! О ружа душы маёй! Калі ты пакінеш мяне, я памру ад суму і кахання!

Сесілія кінулася ў абдымкі да Хуана:

— О, мой Хуан! — і іхнія вусны зліліся ў доўгім пацалунку...

На гэтай лірычнай ноце скончылася чарговая серыя бясконцага мексіканскага серыяла.

Ганна выключыла тэлевізар, выцерла слязу і лягла ў пасцель. Было позна. У галаве ліхаманкава гучалі гарачыя словы, салодкія фразы, любоўныя ахі і охі. Яна прыслухоўвалася да іх, замілоўвалася імі.

— Няўжо гэта рэальнасць, а не казка? — шаптала яна.— Няўжо так могуць кахаць жанчыну? Божа, мне хутка сорак, а я быццам толькі прачнулася пасля доўгай ночы... Праспала сорак гадоў. Які жах!

Ганна соладка пацягнулася:

— Гэта ж трэба: «Ружа душы маёй...»

Раптам адчыніліся дзверы і ў хату ўваліўся з цыгарэтай у зубах п’янаваты Васіль, муж Ганны.

— Ну ты даеш! — не то здзівіўся, не то абурыўся ён.— Якога ражна ты не спіш?

Ганніны мроі разляцеліся на друзачкі.

— А цябе дзе носіць? Дзеці і тыя вярнуліся са сваіх гуляў і спяць, а ты...

— А што я? — агрызнуўся Васіль.— Маю я права хлабыснуць з сябрамі ці не маю?

— Дваццаць гадоў от хлабысаеш, і канца не відаць,— не стрымалася Ганна,— паглядзеў бы, як жывуць людзі, ды павучыўся...

— Якія людзі? — адгыркваўся Васіль, распранаючыся.— Людзі не менш за мяне заліваюць за каўнер.

— Вячэраць будзеш? — перамяніла тэму Ганна.

— Кусаў я, закусваў... Спаць хачу, ногі не трымаюць,— пазяхнуў Васіль і бухнуўся на ложак. На Ганну дыхнула тытунём і спіртным перагарам, прэласцю нямытых ног. Ганна скрывіла нос.

— Памыўся б ты хоць, ці што...

— Мядзведзь ніколі не мыецца і вунь які здаровы,— прамармытаў Васіль і адвярнуўся.

Баючыся, што муж хутка засне, Ганна шэптам спыталася:

— Скажы, Вася, я ружа душы тваёй ці не?

— Што-о-о? — не зразумеў Васіль.

— Ну, для цябе я ружа ці не? — больш даходліва паўтарыла Ганна.

— Ты — ружа? — здзівіўся муж.— Ну ты і адмачыла! Яна — ружа! Ха!

— Паслухай, Вася,— кранула Ганна Васіля за плячо,— а ты памёр бы, каб я ад цябе пайшла?

— Што-о? На канапу сабралася, дык ідзі і не дуры галавы.

— Не, Вася, не тое! Уяві, што я пайшла ад цябе зусім, ты памёр бы ад суму і кахання?

Васіль скрывіўся:

— Сапраўдная дурніца! Хто ж ад гэтага памірае?

— Толькі і чую ад цябе гэта слова,— уздыхнула Ганна і адвярнулася да сцяны.

Васіль раптам падняў галаву:

— А да каго гэта ты намылілася ісці ад мяне? Га?

Ганна маўчала.

— Я пытаюся, да каго зліняць хочаш? — больш грозна запытаўся Васіль.

Ганна прастагнала:

— Ды гэта я так... праверыць цябе хацела, пачуцці твае да мяне...

— Ты глядзі ў мяне,— папярэдзіў Васіль,— старая, а туды ж...

— І зусім я не старая,— уздыхнула Ганна.

 

* * *

Следчая брыгада на чале з Галавастым пад’язджала да Славянкі. У падмогу сабе суддзя ўзяў старшыню сельсавета Паўлоўскага і ўчастковага інспектара міліцыі Куркова. Улічваючы, што пытанне належала вырашаць далікатнае, жаночае, у «уазіку» ехала і жанчына — народны засядацель раённага суда Бахматовіч Серафіма Іосіфаўна, пенсіянерка саліднай камплекцыі. Менавіта для саліднасці яе і ўпрасілі паехаць.

Галавасты праводзіў апошні інструктаж:

— Болей знешняй строгасці! З практыкі ведаю: сентыментальнасць і ўсмешкі ў такой справе толькі шкодзяць. Ты, Зміцер Віктаравіч, як старшыня сельсавета, гні сацыяльную лінію: паабяцай каму плот паправіць, каму халадзільнік без чаргі ці якую экскурсію. А ты, Павел, як участковы, цісні на крымінальны кодэкс, а вы, Серафіма Іосіфаўна, іграйце на струнах жаночай душы. Будзем націскаць на псіхіку, бабы вясковыя — здадуцца!

— А калі не здадуцца, што тады? — спытала Серафіма Іосіфаўна.— Баба — стварэнне ўпартае.

— Па сабе ведаеш? — засмяяўся старшыня сельсавета.

— А хоць бы і па сабе! — з гонарам адказала Бахматовіч.— Калі што, не саступлю нікому!

Галавасты спыніў спрэчку сваіх памочнікаў:

— Слухайце далей! Будзем туманна намякаць, што прыехаў выязны суд, а суда ўсе баяцца, нават бязгрэшнікі. Карацей, так: каго прылашчым, каго напалохаем...

З маланкавай хуткасцю Славянку абляцела вестка: суд прыехаў! На калгасны двор паціху пацягнуліся і старыя, і малыя. Што і казаць — падзея!

Першым, па праву гаспадара, слова ўзяў калгасны брыгадзір:

— Дык што гэта такое, бабы, не ўрадзі ў вас бульба! Крэмзаеце петыцыі ў высокія органы ўціхамятку за спіной мясцовага кіраўніцтва,— і брыгадзір стукнуў кулаком сабе ў грудзі.

— У цябе не спыталіся! — пачулася з натоўпу.

— Ты, Аўдоцця, не муці ваду, не выторквай язык! — прысек свавольства брыгадзір.— Магла і спытацца! Каня дык пытаешся ў мяне. Разумная якая, не ўрадзі ў цябе бульба!.. Карацей, бабы, і вы, мужыкі, судзіць вас будуць...

— А цябе? — крыкнуў хтосьці з вяскоўцаў.— Цябе першага трэба!

— Я асоба афіцыйная,— крыкнуў у адказ брыгадзір,— таму аб’яўляю, што тут прысутнічаюць судовыя ўлады, сельсавецкае начальства і міліцыя, плюс яшчэ вось гэтая пекная жанчына... А першы будзе гаварыць суддзя Галавасцікаў...

— Галавасты. Маё прозвішча Га-ла-вас-ты! — удакладніў суддзя.

— Добра, што не Безгаловы! — пачулася з жаночага гурту.

— Ну, чортавы бабы, не ўрадзі ў вас бульба! — памахаў кулаком брыгадзір.

Харытон Піліпавіч адкашляўся і зычна спытаўся:

— Колькі ўсіх жанчын у вашай вёсцы? Хто можа хуценька адказаць? Я маю на ўвазе жанчын замужніх.

Людзі загулі, падлічваючы і спрачаючыся. Нарэшце пачулася:

— Дваццаць пяць. Усіх жанчын у нас дваццаць пяць, улічваючы і крывых, і кульгавых!..

— Вось дык так! — міжволі вырвалася ў суддзі.— Дваццаць пяць?

— А што тут дзіўнага? — пачулася з натоўпу.— Гэта што, многа ці мала?..

Галавасты дастаў з папкі стос папер і ўзняў іх над галавой:

— А дзіўнае тое, што вось тут роўна дваццаць пяць вашых заяў. Дваццаць пяць! Ні болей ні меней. Атрымліваецца, што сто працэнтаў замужніх жанок напісалі заявы на развод са сваімі мужамі...

— А вы нас на працэнты не пераводзьце! Хопіць таго, што нашы мужы на градусы перайшлі,— пачуўся ўжо знаёмы жаночы голас.

Ускочыў брыгадзір:

— Аўдоцця, пярцоўка ты на хрэне! Не перабівай суд, не ўрадзі ў цябе бульба!

— Дык ужо і без цябе не ўрадзіла,— адказала Аўдоцця.

— Добра! — пагадзіўся Галавасты.— Адкінем працэнты, пяройдзем да фактаў. Ніхто ў сваёй заяве не назваў матываў разводу. Прашу развесці з мужам — і кропка. Прабачце, але я вымушаны задаваць пытанні, а вы абавязаны на іх адказваць...

Натоўп загудзеў, у асноўным шумелі мужыкі. Аказалася, што яны паняцця не мелі аб намерах сваіх жонак. Мужчыны аддзяліліся ад жанчын, збіліся ў кучу, адтуль далятала:

— Пецька! Грышка! Кузьма! Ты ведаў што-небудзь? А ты? А ты? Я — ні храна! І я — ні храна!..

Брыгадзір мармытаў пад нос:

— Гэта ж трэба, бабы не толькі за спіной кіраўніцтва сваволяць, яны і мужыкам уткнулі шпільку ніжэй спіны...

Да Галавастага падскочыў Васіль:

— Скажыце, і супраць мяне заява ёсць?!

— Пачакайце вы! Я яшчэ нічога і нікога не ведаю! — раззлаваўся суддзя.— Дойдзе чарга і да вас.

Васіль крыкнуў у натоўп:

— Ганна! Няўжо і ты здурнела? Пісала ці не?

— Я ж у цябе дурніца цэлых дваццаць гадоў, а ты толькі сёння пытаешся, здурнела я ці не,— ухмыльнулася Ганна.

— Ну, Ганна! Ну, ружа душы маёй! — бліснуў вачыма Васіль і вярнуўся да мужыкоў.

Каб неяк супакоіць прысутных, Галавасты зычна крыкнуў:

— Ціха! Увага, не ўрадзі ў вас... Цьфу ты! — збянтэжыўся ён.— Не тое хацеў сказаць, прабачце...

Усе рассмяяліся і памалу супакоіліся.

Галавасты працягваў:

— Пачнем па парадку. Я буду браць заяву, называць прозвішча і ўдакладняць абставіны. Чым больш арганізавана вы будзеце сябе паводзіць, тым хутчэй скончым гэту справу. Згода?

Усе пагадзіліся, Галавасты ўзяў першую зверху заяву, прабег па ёй вачыма і аб’явіў:

— Раповіч В. І. Ёсць такая?..

— Тута я,— няўпэўнена пачулася ў натоўпе.

— Прашу сюды! — запрасіў суддзя заяўніцу.— Падыдзіце, калі ласка, і расшыфруйце В. І.

Падышла ўжо немаладая жанчына і збянтэжылася, апынуўшыся навідавоку, без аднавясковак.

— Дык як вас зваць? — спытаўся суддзя.

— Васіліна Ігнатаўна я...

— Так, добра,— абвёў усіх поглядам Галавасты.— Прашу і мужа Васіліны Ігнатаўны падысці сюды таксама.

— А я нічога нікому не пісаў і нікуды не пайду,— адказаў мужчына з гурту.— А калі і пайду, дык ёй там мала не будзе...

— Ты не кіпяціся, Трыфан,— уставіў сваё брыгадзір,— сказалі ісці, значыцца, ідзі і не брыкайся, не ўрадзі ў цябе бульба!

Мужчына нехаця падышоў і стаў побач з жонкай. Сурова зірнуў на яе і паківаў галавой:

— Дурноціна старая!

— Ах так! — ускінулася жанчына.— Ну дык ведай жа — напісала і не каюся! Развядзіце нас, грамадзянін суддзя. Зараз жа развядзіце!

— А ў чым усё-такі прычына такога рашучага кроку, Васіліна Ігнатаўна?.. Пасля многіх гадоў сумеснага жыцця... а дарэчы, колькі год вы пражылі разам? — пачаў удакладняць Галавасты.

— Хутка трыццаць гадоў,— замест жонкі адказаў мужчына.

— Так! Трыццаць гадоў катаргі! — рашуча пацвердзіла жонка.

— Канкрэтызуйце свае прэтэнзіі да мужа. У чым катаржнасць вашага жыцця? Калі выкладзеныя вамі факты пацвердзяцца, я прыму вашу заяву да далейшага разгляду,— паабяцаў суддзя.

Жанчына зірнула на мужа і разанула:

— Ранальда ніколі не абзывае Амелію дурніцай. Ён заўсёды паголены, ён цалуе ёй рукі і падносіць кветкі і падарункі... А я таксама жанчына!

Галавасты павярнуўся да брыгадзіра:

— Хто такі ў вас Ранальда?

— Не ўрадзі ў мяне бульба, такіх у нас няма! Мусіць, нейкі залётны.

— Пра каго вы, Васіліна Ігнатаўна? — павярнуўся суддзя да жанчыны.— І якія адносіны гэты Ранальда мае да вашай сям’і?

— А такія, што жыць гэтак болей я не жадаю! Я таксама жанчына! — стаяла на сваім заяўца.

Старшыня сельсавета сказаў на вуха Галавастаму:

— Ранальда — гэта з бразільскага тэлесерыяла «Любоўная вакханалія»...

— Во-о-ось яно што-о! — праспяваў суддзя.— А я выкручваю звіліны... Ха, Васіліна Ігнатаўна, дык гэта вы кіно наглядзеліся?

— Там жывыя людзі, а не кіно, а я таксама жанчына! — не здавалася Раповіч і рашуча дадала: — Жывая жанчына!

— Я ж сказаў — старая дураслепіна, а вы не верылі,— прамармытаў муж.— Няхай тады твой Ранальда за плугам ходзіць ды ў лес па дровы едзе, а я тым часам буду табе рукі цалаваць...

Натоўп зарагатаў.

— Дык гэта кіно-о? — не пераставаў здзіўляцца Галавасты.

— Гэта цырк, грамадзянін суддзя,— удакладніў муж,— вы толькі падумайце: свае хаты бабы пачалі называць фазэндамі... Пакладуць сала на хлеб і цешацца, кажуць, мы ядзім сэндвіч... Цьфу!

— Так, хопіць! — рэзка абарваў гаворку Харытон Піліпавіч.— З вамі мне ўсё зразумела. Наперадзе яшчэ дваццаць чатыры заявы — дай Бог за два дні ўправіцца. Раповічы — на месца, пераходзім да наступнай заявы. Сыракваш-Цвеціна Алена! Прашу сюды!

Да суддзі наблізілася танюсенькая, як былінка, маладая жанчына, з выгляду амаль дзіцянё.

— Вачам сваім не веру! — дзівіцца суддзя.— Вы замужняя жанчына? Ці вы дачка заяўніцы?

— Я сама замужняя жанчына! — з гонарам адказала амаль дзіцянё.

— Мушу верыць вашым словам і вось гэтай вашай заяве... Прабачце, Алена, мне за маю цікаўнасць, але ў вас такое рэдкае прозвішча... Адкуль такое?

Алена па-дзіцячы запалілася:

— А навошта мне ўсё жыццё быць Сыраквашай-прастаквашай? Я пакінула і сваё дзявоцкае прозвішча — Цвеціна. Я і замуж пайшла за свайго Сыраквашу з такой умовай.

Галавасты ўдакладніў:

— Спадзяюся, не прозвішча з’явілася прычынай напісання вамі гэтай заявы?

— Канешне, не!

— А што ці хто? — зноў задаў пытанне суддзя.— А дарэчы, колькі вы сумесна пражылі са сваім Прастак... прабачце, Сыраквашам?

— Тыдзень, як іх распісаў сельсавет! — не ўтрымаўся брыгадзір.— Ім бы дзягай распісаць адно месца, не ўрадзі ў іх бульба!

— А мне ваша бульба і задарма не патрэбна, ад яе толькі таўсцеюць! — адбілася Алена.

Галавасты папярэдзіў:

— Мы зноў адхіляемся ад галоўнага! Якая прычына вашага разводу, Алена?

— Гэтага я вам сказаць не магу! — рашуча адказала Алена.— Гэта вельмі сур’ёзна!

— Я магу! — зноў азваўся брыгадзір.

Алена здзівілася:

— А вам адкуль вядома?

— Кіраўніцтва павінна ведаць усё і пра ўсіх...

Галавасты перапыніў брыгадзіра:

— Вось як падыдзе ваша жонка, тады выслухаем і вас! Дык што, Алена, прымушае вас разводзіцца, пражыўшы з мужам усяго тыдзень? Яшчэ ж і мядовы месяц не мінуў.

— Не скажу! — стаяла на сваім Алена.

— Тады я скажу! — З мужчынскага натоўпу да Галавастага накіраваўся хударлявы разлахмачаны хлапец.— Я скажу, бо я яе муж!

Алена схамянулася:

— Тады лепей я сама! Мая заява — мне і тлумачыць!

— Тлумач ты,— пагадзіўся муж,— цікава, чым я табе не дагадзіў.

Алена апусціла вочы і маўчала.

— Ну, смялей! Няўжо і паміж вамі стаў тэлевізар? — спрабаваў дапамагчы маладой жанчыне пытаннем суддзя.

— Тэлевізар...— не паднімаючы галавы, адказала яна.

— Якім чынам? Зноў недацалаваныя рукі?

Алена, як і раней, па-дзіцячы запалілася:

— А такім, што па адной праграме ідзе любоўны серыял, а па другой, у гэты ж час,— «Добрай ночы, малышы!». Вось!

Суддзя працягваў яе разважанні:

— А-а, ваш муж прагне глядзець любоўны серыял, а вы...

Алена рашуча перапыніла суддзю:

— Каб жа так! Наадварот! Я люблю любоўныя таямніцы, а ён млее па «спакусе». Яму Хрушка ды Сцяпашка даражэйшыя за інтым!

Усе зарагаталі.

Брыгадзір схапіўся за галаву:

— А я думаў, тут іншая прычына, не ўрадзі ў мяне бульба! Дрэнна ведаю я свае кадры!

Галавасты таксама не стрымаў эмоцый:

— Божа літасцівы! Дзіцячы сад! Вушам сваім не веру! Прабачце мне за фамільярнасць, Сыраквашы-Цвеціны, але — марш на месца! Настрой вы нам падняць паднялі, але столькі часу змарнавалі! Я ўжо баюся чытаць наступныя заявы, каб не наткнуцца на смяртэльнае каханне якой-небудзь Марфы да Гены-кракадзіла! Тут, я бачу, хтосьці штосьці добра замуціў... Каб хацеў, дык такога не прыдумаеш. Але ідзем далей.

Галавасты прабег поглядам па наступнай паперы, паднёс яе бліжэй да вачэй, відаць, почырк быў неразборлівы.

— Так, наступная Кры... Крыш...

— Крыштаповіч,— падказаў брыгадзір.

— Ага, Крыштаповіч Агаф’я, прашу сюды,— запрасіў суддзя.

З натоўпу высунулася з кійком у руцэ бабуля і падкульгала да суддзі.

— Вы?.. Вы Крыштаповіч? — разгубіўся Галавасты.— Гэта вы?..

— А што ты здзіўляешся, сынок-галубок? — у сваю чаргу запыталася бабка.— Я і ёсць Крыштаповіч Агаф’я аж цэлых семдзесят дзевяць гадкоў ад Пакроў святой Багародзіцы... году якога — запамятавала.

— І вы таксама напісалі на развод? — выцягнуў ад здзіўлення шыю Харытон Піліпавіч.

— А што ты здзіўляешся, саколік? І я таксама. Праўда, пісала ад майго імя суседка, бо я не абучаная, але я згодная.

— Дык хто ж у вашыя гады разводзіцца? Навошта вам гэта, Агаф’я, прабачце, не ведаю па бацьку...

— Пілікарпаўна я, галубок...

— А вы чым тлумачыце сваё жаданне развесціся з мужам, Агаф’я Палікарпаўна?

— Я? А я з салідарнасці! Я за кумпанію! Калі вылятаюць усе ластаўкі на волю, адна ў клетцы не застаецца. Вось так, мілок-галубок!

— Фу ты, не ўрадзі ў цябе бульба! — фыркнуў брыгадзір.— А я і не ведаў, што ў нас такія ластаўкі водзяцца!

— Якая б ні была, а на такую варону не гляну! — з гонарам адказала старая.

— Куды там! Табе таксама сэндвіч з Ранальдам падавай! — усклікнуў брыгадзір.

— А я і не адмовілася б! — задрала галаву Агаф’я.

— Хопіць дэбатаў! — рэзка абарваў спрэчку Галавасты.— Я ж прасіў большай арганізаванасці, інакш мы тут зазімуем.— Павярнуўся да старой: — Ваш муж тут, Агаф’я Палікарпаўна?

— Адкедава тут? Дома Пракопік, крыху прыхварэў мой зая.

— А колькі ж год будзе яму, вашаму заю? — пацікавіўся суддзя.

— Яму? Яму, дай Бог памяці, далёка за восемдзесят — колькі ж яму можа быць?

Галавасты пакруціў галавой:

— Ну і справы... І што, Агаф’я Палікарпаўна, галоўная ваша прычына — салідарнасць? Іншых няма?

— Чаму ж няма? Знойдзем! — важна адказала старая.— І я даўно на споведзі не была, душу не ачышчала, а грахі — яны ліпучыя ды западлючыя... Нябось і сам не святы, саколік?

— Ды пры чым тут я, Агаф’я Палікарпаўна?— зморшчыўся Галавасты.— Размова ж не пра мяне. Якія ў вас яшчэ прычыны для разводу ці, як вы кажаце, грахі?

— Э-э, табе толькі скажы,— памахала пальцам Агаф’я,— ты ўмомант усё супраць мяне натапырыш.

— Ды не, Агаф’я Палікарпаўна, абяцаю,— як мага мякчэй запэўніў суддзя.

— Ну, то добра,— згадзілася бабка,— хоць ты і не поп, саколік, а ўсё ж раённае начальства. Крышачку прыадчыню табе душу.

— Ты занадта шырока не прыадчыняй, а то пясок пасыплецца! — пачуўся крык з мужчынскага гурту.

Агаф’я пільна зірнула ў той бок:

— А ты, Мітрый, на маёй памяці бегаў без штаноў і смаркаты, так што хваліцца табе няма чым. Стой там і пускай ціхенька бурбалкі з носа.

Натоўп зарагатаў, хтосьці з’едліва крыкнуў:

— Ану, Мітруха, скідай штаны, праверым, хлусіць старая ці не!

— А-а! Вось чаму ён не ажаніўся да гэтага часу! — другі выкрык падліў смалы ў агонь.

— Ды супакойцеся вы! — напружыў галасавыя звязкі суддзя.— А вы выкладвайце свае прэтэнзіі да мужа, Агаф’я Палікарпаўна! Спадзяюся, што на вас тэлевізар не наслаў сваіх чараў!

— А чаму ж, саколік, і не? І мне Бог даў вочы і вушы, а ў тэлевізары шмат такога, чаго не магу разжаваць сваімі мазгамі. А хто мне патлумачыць? Ты?

— І што такое вам незразумела ў тэлевізары, Агаф’я Палікарпаўна?

— Ой, сынок-галубок, дай Бог памяці! — пачала распеўна старая.— Вось, напрыклад, чула я, што хтосьці недзе згарэў ці гарыць ад афрыканскай страсці... Спыталася ў свайго Пракопа, а той толькі вачыма лыпае, першы раз такое пачуў. Кажа, на яго памяці ніводны чалавек у нашай мясцовасці ад гэтага не згарэў. Былі пажары, гарэлі людзі ад гарэлкі, але такога не было... Ці, скажам, чую я, што ў нас адбылася саксуальная рэвалюцыя, а я ведаю толькі пра Кастрычніцкую. Мой Пракоп зноў развёў рукамі — і ён чуў толькі пра адну рэвалюцыю, бальшавіцкую...

— О-о, Агаф’я Палікарпаўна, дарагая, вось вас куды панесла,— спыніў старую Галавасты.— Я вам вось што скажу...

— Не перабівай! — зноў перахапіла гаворку Агаф’я.— Слухай далей: кожны дзень чую з таго ж тэлевізара пра нейкую сексаапільнасць. У каго ні спытаюся — толькі хіхікаюць ды хахакаюць у адказ. А мне цікавей! Мой Пракоп спрабаваў тлумачыць так: калі гэта сексаапільнасць, значыцца, з нейкага сексадрэва апілкі... Пасля такога тлумачэння на мяне пачалі людзі пальцам паказваць... Навошта мне гэткі бесталковы муж?

— Ну і ну...— паківаў галавой суддзя.

— Ты не нукай, саколік, а адкажы: ты б сам жыў з такім недарэкам?

Галавасты засмяяўся:

— Я асабіста з вашым мужам не жыў бы.

— Ну вось! Чулі? — звярнулася старая да людзей.— Ён з маім Пракопам не жыў бы, а мне загадвае! Які хітры.

Галавасты таксама звярнуўся да людзей:

— Паважаныя славянцы! Баюся, што мы заходзім у тупік... Думаю, што тут патрэбен спецыяліст іншага накірунку... Давайце так, зробім перапынак, мы крыху параімся, а вы адпачніце, пакурыце, толькі не разыходзьцеся...

 

* * *

Нарада ў кабінеце кіраўніка раённай адміністрацыі Анкудовіча падыходзіла да заканчэння. Захар Восіпавіч абвёў поглядам прысутных і падбадзёрыў іх:

— Так, таварышы ці, як цяпер прынята казаць, панове, спадары, выпрацоўвайце інстынкт выжывання і самазахавання. Шукайце ўнутраныя рэзервы, праяўляйце разумную ініцыятыву, бярыце абставіны за рогі, а цяжкасці за горла!

— Эх, парваліся такія сувязі з Расіяй, Украінай ды іншымі...— пажаліўся хтосьці з прысутных.

Другі капнуў глыбей:

— Гэта ўсё белавежскія зубры, лясныя браты, накруціць бы ім хвасты!

Гаспадар кабінета канстатаваў:

— Гэта — рэальны факт! Вучыцеся мысліць па-новаму. А наконт парваных сувязяў чуе мая душа, што хутка вузельчык завяжацца нанава. Кіраўніцтва дзяржаў ды і народы яшчэ не сказалі свайго апошняга слова. А народ заўсёды мае рацыю! Так, усё! Усе свабодныя! А ты, Сяргей Сяргеевіч, затрымайся, ёсць гаворка,— звярнуўся Анкудовіч да маладжавага статнага мужчыны.

Прысутныя шумна ўсталі, пачалі развітвацца, выходзіць за дзверы.

Калі ўсе выйшлі, Захар Восіпавіч прайшоўся па кабінеце і загаварыў:

— Паслухай, Сяргей Сяргеіч, ты, як оперупаўнаважаны КДБ па нашым раёне, павінен мне дапамагчы ў адной справе.

— Буду рады, Захар Восіпавіч, калі змагу,— адчаканіў опер.— А ў чым цяжкасці?

— Разумееш... сорамна сказаць... грымаса часу — не магу звязацца з расійскім суседам Жыгаліным. Магчыма, ты, па сваіх каналах... пажадана канфідэнцыяльна...

— Што яму перадаць, Захар Восіпавіч?

— Няўжо магчыма?! — падскочыў Анкудовіч да чэкіста.

— Захар Восіпавіч, крыўдзіце,— дакорліва сказаў кадэбіст і спытаўся: — Вы ж ведаеце, як расшыфроўваецца КГБ? Не КДБ, а КГБ?

— Дык гэта сысунок ведае! Камітэт дзяржаўнай бяспекі, а КГБ — Комитет государственной безопасности...

Оперупаўнаважаны рассмяяўся:

— КГБ, той жа КДБ, можна перакласці як Кантора глыбокага бурэння.

— Глянь ты, а я і не ведаў! — прызнаўся Анкудовіч.

— Дык што перадаць Жыгаліну? — перапытаў прадстаўнік спецорганаў.

— Калі можна, перадай яму, што неабходна з ім сустрэцца. Заўтра, гадзін у дванаццаць, я буду на мытным пункце ў Славянцы, тым больш у мяне там вельмі далікатныя справы да мясцовых жыхароў...

— А-а, бабскі бунт,— усміхнуўся Сяргей Сяргеевіч.

— А табе хто сказаў? — напужаўся Анкудовіч і адразу збянтэжыўся.— Ой, прабач... у каго я пытаюся... Сапраўды глыбокага бурэння,— пакруціў ён галавой.

— Я вам болей не патрэбен, Захар Восіпавіч?

— Так, Сяргей Сяргеевіч, ты свабодны, і загадзя дзякую за дапамогу! — паціснуў руку кадэбісту Анкудовіч.

Адразу пасля яго адыходу пазваніла з прыёмнай сакратарка:

— Тут чакае старшыня райсуда Правасуд. Прапусціць ці няхай яшчэ чакае?

— Няхай заходзіць! — згадзіўся кіраўнік раёна.

Правасуд увайшоў у прыўзнятым настроі:

— Здрасце, Захар Восіпавіч!

— Бачу, галубчык, што Славянка разрадзілася добрымі весткамі,— замест вітання прамовіў Анкудовіч.

— Ва ўсякім выпадку, Захар Восіпавіч, там не так страшна, як спачатку ўяўлялася.

— Што, бабы аціхлі? Адбунтаваліся? — пацёр рукі шэф.

— Яшчэ крыху шумяць, але бунт іхні на пустым месцы. Тэлефанаваў Галавасты і смяяўся да слёз — аказалася, бабы нагледзеліся бразільскіх ды мексіканскіх любоўных серыялаў і зажадалі таго ж самага. Патрабуюць ад мужоў свецкага абыходжання і далікацтва ў каханні.

Анкудовіч насупіўся.

— Кажаш, Галавасты смяяўся да слёз... Гэта добра, але смех можна адкінуць, а слёзы пакінуць.

— Не разумею,— разгубіўся Правасуд.

— Бачу, што не разумееш... Скажы, што здарылася пасля таго, як знікла так званая жалезная заслона?

Правасуд, каб зноў не трапіць у няёмкае становішча, прамармытаў:

— Не ведаю...

Анкудовіч працягваў у той жа павучальнай танальнасці:

— А здарылася тое, Антон Сымонавіч, што савецкія людзі адчулі сябе больш беднымі і затурканымі — вочы адкрыліся на многае, пра што і не чулі.

— Дык тое ж жалезная заслона, а тут цёмныя бабы,— зноў замармытаў Правасуд.

— Вось мы гэтым цёмным бабам і закінулі ў дом чорнага ката ў выглядзе мыльных серыялаў. А баба — дурніца, усё ўспрымае літаральна. Размаляваныя дэкарацыі і бутафорскую манну нябесную на экране параўноўваюць са сваім вясковым побытам... Ім бы паказваць блакаду Ленінграда кожны дзень ды бітву за ўраджай.

— Так яно, так,— па-падхалімску падтрымаў начальніка Правасуд,— адпусцілі, паслабілі мы лейцы, ох паслабілі...

— Дэмакратыя, брат, урбанізацыя... А лейцы ў нашых руках засталіся,— задумліва прамовіў Анкудовіч.

 

* * *

Галавастаму было каля трыццаці гадоў, але ён упарта халасцякаваў. Цяпер жа, нагледзеўшыся на жаночыя выкаблукі ў Славянцы, вырашыў век не жаніцца. Якое ж было яго здзіўленне, калі падчас перапынку «нараду суда» прыпыніла маладая жанчына ці дзяўчына, якая папрасіла Харытона Піліпавіча на два словы.

— Прабачце, Харытон Піліпавіч,— зачырванелася яна,— я хачу толькі запытацца...

— Калі ласка, калі ласка, я да вашых паслугаў! — ветліва адказаў суддзя, і яны адышліся на некалькі крокаў.

— А ў вас якія прычыны для разводу? — першы запытаўся Галавасты.

— Я... я не разводжуся...

— А-а, дык не ўсе ластаўкі вылятаюць на волю, адна ўсё ж застаецца ў клетцы,— засмяяўся Харытон Піліпавіч.

— Не, не тое,— засаромелася прыгажуня,— я не замужам...

Галавасты зрабіў крок назад і ўжо іншым позіркам агледзеў з галавы да ног дзяўчыну:

— Гэта цікава! Гэта вельмі цікава! Дык аб чым вы хацелі запытацца?

— Я, разумееце, не тое каб канкрэтна запытацца... я хацела б з вамі пагутарыць як з вопытным юрыстам.

— І пра што?

— Справа ў тым, што я завочна вучуся на другім курсе юрфака ва універсітэце,— хвалявалася дзяўчына,— а лекцыі і кніжкі — гэта чыстая тэорыя... А вы, Харытон Піліпавіч, практык...

— Вось дык во! — усклікнуў Галавасты.— Мы калегі!.. І тым не менш я цяпер не магу вам удзяліць шмат увагі, перапынак канчаецца, і я мушу выслухоўваць далей гэту, прабачце, бязглуздзіцу.

— Вось я і хачу папрасіць вас, Харытон Піліпавіч (вы ж застаяцеся начаваць?) вечарам працягнуць нашу размову, калі вам гэта цікава...

— Так, так, безумоўна, цікава! Прабачце, як вас зваць?

— Аня.

— Вельмі прыемна, Аня, цудоўнае імя! Дзе і ў колькі мы можам сустрэцца? — змоўніцкім шэптам спытаўся Галавасты.

— Ву-у-унь той масток праз ручай,— вачыма паказала Аня,— там я вас буду чакаць. А ў які час? У любы, як толькі выслабаніцеся ад сваіх абавязкаў,— і Аня лёгкай хадой пайшла ад суддзі.

Заклапочаны Галавасты вярнуўся да сваіх.

— Што, парламенцёр? — спытаўся ўчастковы інспектар.

— Які парламенцёр?! — хмыкнуў старшыня сельсавета.— Ахмураюць!

— Навошта вы так?! — дакорліва адбіўся ад сяброў суддзя.— Чалавек спытаўся, як юрыдычна правільна складаць заяву... Не магу ж я людзям у вочы пляваць. Дарэчы, і вунь тым бабам у вочы не плюнеш, хоць гародзяць такое, што хоць стой, хоць падай.

Старшыня сельсавета спытаўся па тэме:

— Харытон Піліпавіч, няўжо ўсе заявы будзеш пералапачваць?

— А што загадаеш рабіць? Паглядзі, стаяць вунь і чакаюць суда праведнага... Серафіма Іосіфаўна, дарагая,— схамянуўся суддзя,— на вас уся мая надзея!

— А што я магу зрабіць? — здзівілася Бахматовіч.

— Вы такая салідная,— працягваў суддзя,— у вас жыццёвы вопыт, і, нарэшце, вы жанчына, парайце ім, вярніце ў сямейнае лона.

— Сказаць-то я магу, але ж вы ведаеце мой характар, вазьму ды яшчэ перагну,— пачала згаджацца жанчына.

— Ды тут, колькі ні гні, не перагнеш! — узрадаваўся Галавасты.— З усёй рэзкасцю, вастрынёй, заліхвастасцю націсніце на іх!

— Угаварылі, я слабая жанчына,— усміхнулася Бахматовіч.

— Вось і цудоўненька! — падняў уверх палец Харытон Піліпавіч, пасля ўзяў пад руку ўчастковага інспектара і адвёў убок, дзе нешта абмяркоўваў з ім.

Вярнуўшыся, Галавасты гучна абвясціў:

— Увага! Перапынак закончаны! За работу! Прашу ўсіх падысці бліжэй! У-ва-га!.. Зараз да вас звернецца Бахматовіч Серафіма Іосіфаўна, народны засядацель раённага суда, чалавек паважаны і аўтарытэтны. Яна — жанчына, і ёй зразумелыя вашы праблемы і скаргі, таму прыслухайцеся да яе парадаў і рэкамендацый. Яна вам благога не жадае! Вам слова, Серафіма Іосіфаўна.

Хтосьці нясмела пляснуў у далоні.

Бахматовіч абвяла прысутных позіркам.

— Дарагія людзі! — пачала яна даверліва і цёпла.— Я перад нашым сходам паспела з некаторымі славянцамі перакінуцца словам, парушыла афіцыйны пратакол. Такія далікатныя пытанні цяжка вырашаць публічна. Засядаючы шмат гадоў у судзе, я пераканалася, што казённае ўмяшанне ў прыватнае жыццё, нават у няскладнае, толькі паглыбляе асабістыя трагедыі. Вось і сёння прыехалі да вас чатыры чужыя вам асобы і адразу спрабуюць вырашыць праблемы, што раслі гадамі. Я ўжо не кажу пра інтымныя адносіны паміж мужам і жонкаю. Але калі мы ўжо абралі такі спосаб, публічны, можа, гэта пойдзе і на карысць. Няхай кожны паглядзіць на сябе збоку. Збоку, кажуць, відней. Ад сябе як жанчына скажу — малайцы, бабы! Патрабуйце свайго! Не папускайцеся! Не губляйце сваю годнасць!..

У Галавастага адвісла сківіца. Ён, не міргаючы, глядзеў на «свой козыр» і вушам не верыў.

А Серафіма Іосіфаўна працягвала:

— А вы, мужыкі! Няўжо так многа хочуць вашы жонкі? Самую дробязь! Увагі да сябе і павагі. А каханне — тое, што яны зачараваны каханнем на экране, дык вінаватыя толькі вы — недакахалі, недасказалі ласкавых слоў, недацалавалі ім рукі. Вы вось стаіце няголеныя, зацухмоленыя, перагарам на вярсту тхне...

Мужыкі апусцілі галовы, пераміналіся, быццам стаялі на вуголлі.

— Ну што, ахламоны, не ўрадзі ў вас бульба, схапілі па вушах?! — напомніў пра сябе брыгадзір.

— Не петушыся, і твая Параска напісала заяву на развод! — куснула неўтаймоўная Аўдоцця.

— Ну, Аўдоцця! Ну, крапіва на хрэне! Звернешся ты да кіраўніцтва! — патрос кулаком брыгадзір.

— Гаварыце, Серафіма Іосіфаўна! — закрычалі жанчыны.— Уваліце ім як мае быць!

— А што болей казаць, жанчынкі? — паціснула плячыма Бахматовіч.— Ваша справа, жыць вам з мужамі ці не. На кожны дзень ды на кожную сям’ю парады не дасі... Скажу, што жыць адной бабе не мёд, але і класціся мужчыну ў ногі замест анучы не трэба... Вось і ўсё... Дзякуй за давер і ўвагу!

Жанчыны горача запляскалі ў далоні, мужчыны працягвалі глядзець у зямлю.

Галавасты не разгубіўся, тузануў за рукаў участковага інспектара і звярнуўся да сяльчан:

— Тут вось штосьці мае сказаць вам афіцыйны прадстаўнік міліцыі,— і хітра зірнуў на ўчастковага.

Міліцыянт строга кашлянуў, сурова глянуў на людзей і дэманстратыўна паправіў кабуру.

— Я скажу коратка,— пачаў слуга правапарадку,— вы, жанчыны, настойваеце на тым, што вашы мужы ва ўсім вінаватыя. Так?

Ад жаночага натоўпу пачулася насцярожанае:

— Ну так...

Участковы працягваў:

— Вось і наша паважаная Серафіма Іосіфаўна аўтарытэтна пацвердзіла гэта. А калі тут прысутнічаюць вінаватыя, я абавязаны іх арыштаваць і пасадзіць у каталажку.

Галавасты трыумфаваў і ледзь стрымліваў усмешку.

Участковы зычна аб’явіў:

— Тым жанчынам, хто пісаў заявы, дазваляю падысці да сваіх мужоў і развітацца. Даю пяць хвілін!

Зрабілася напружана ціха. Ад нечаканасці ніхто не мог крануцца. Участковы зноў паправіў кабуру і паглядзеў на гадзіннік.

— Час ідзе, стрэлкі не стаяць на месцы! — ціснуў ён на псіхіку.

З жаночага гурту рашуча рванулася Ганна:

— Як арыштаваць? Каго арыштаваць? Майго Васіля?! Ды ў нас двое дзяцей, і жывём мы душа ў душу! А не пагаліўся ён таму, што сёння на досвітку пайшоў на працу — ён у мяне трактарыст! А па-другое — чулі? — ён мяне назваў ружай душы сваёй! Дзе мая заява? Аддайце назад!..

Бабы як па камандзе кінуліся да Галавастага і пачалі ў шматкі рваць заявы, ад якіх пад нагамі зрабілася бялютка, як зімой ад снегу.

Карыстаючыся мітуснёй, Крыштаповіч Агаф’я непрыкметна адкульгала за вугал калгаснага тока, доўга корпалася ў фальбонах сваіх спадніц, нарэшце дастала партатыўны мабільны тэлефон, скручаным пальцам набрала нейкі нумар. Праз імгненне вочы старой загарэліся маладымі агеньчыкамі.

— Алё! Сяргей Сяргеевіча можна? А, гэта вы, таварыш капітан! Дакладаю, што распрацаваны вамі план па перавыхаванні славянскіх мужыкоў спрацаваў выдатна!..

Нейкі час старая, відаць, выслухоўвала розныя пытанні, пасля чаго зноў ажывілася:

— Так точна! Так точна! Дурыла ім галовы і саксуальнай рэвалюцыяй, і афрыканскай страсцю. Стаяць як мыла з’еўшы. Рада старацца, таварыш капітан! Заўсёды гатова! — і на апошніх словах Агаф’я ўзяла зморшчанай даланёй пад казырок.

Потым схавала ў фальбоны спадніц тэлефон і спакойна падкульгала да астатніх, дзе наўчуткі ўсім заявіла:

— І маю заяву парвіце! Саксуальная рэвалюцыя адмяняецца!

 

* * *

Вечар выдаўся цёплы, ласкавы. Галавасты здалёк убачыў на мастку Аню. Нечакана ўздрыгнула заскарузлае сэрца халасцяка. Ён міжволі паскорыў хаду, але злавіў сябе на гэтым і спыніўся.

— Што гэта са мной? — падумаў ён услых.— Бягу, як юнак на спатканне... Хаця... хаця яна вельмі мілая і непасрэдная.

Галавасты рашуча пакрочыў далей і супакоіў сябе:

— У нас дзелавое спатканне, так, дзелавое, як калега з калегам...

Аня не ўмела крывадушнічаць, таму шчыра ўзрадавалася:

— Ой, як добра, што вы прыйшлі, Харытон Піліпавіч, я баялася...

— Ну што вы, Анечка, я ж даў слова,— шчыра адказаў суддзя.

Яны паціху пайшлі ўздоўж ручая.

— А вечар які! Яснавокі, рамантычна-задуменны! — нечакана лірычна вымавіў Галавасты.

— А вы паэт, Харытон Піліпавіч!

— Што вы! Што вы! Я корпаюся ў такой дзікунскай прозе, што непазбежна ператваруся ў сухую літару крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Гэта на мяне сёння нешта найшло...

— І я не паэтка, але не ўяўляю сябе без гэтага вечара, без нашых світанкаў, без гэтай гармоніі і чысціні... Ведаеце, Харытон Піліпавіч, я, бываючы ў Мінску на сесіі, адчуваю дзіўнае пачуццё: быццам ператвараюся ў нейкую другасортную шрубку ў агромністай механічнай машыне або парушынку ў гіганцкім віры. Парадокс, але сярод мноства мітуслівых людзей я адчуваю сябе адзінокай, адарванай ад самой сутнасці жыцця...

— Так, Аня, да горада трэба прывыкаць,— пагадзіўся Галавасты,— некаторыя, жывучы ў ім доўгія гады ці нават усё жыццё, не прымаюць горад душой. Напэўна, вы належыце да тых некаторых...

Далей ішлі моўчкі, слухаючы птушыныя спевы.

Харытон Піліпавіч парушыў маўчанне:

— Вось вы, Аня, сказалі аб адарванасці ад самой сутнасці жыцця. А ў чым, па-вашаму, гэта сутнасць?

— Пытанне філасофскае,— усміхнулася дзяўчына,— па-мойму, сутнасць жыцця ў тым, каб быць патрэбным жыццю.

— А тут... Тут, у гэтай глухамені, каму вы патрэбны? — здзівіўся Галавасты.

— Тут я адчуваю сябе часткай гэтага вечара, гэтай зямлі... Магчыма, таму, што яны мне неабходныя, здаецца, што і я ім патрэбная,— проста патлумачыла Аня.

— Вы такая наіўная, Аня! — не стрымаўся Галавасты.

— Гэта дрэнна? — здзівілася дзяўчына.

— Як вам сказаць... Тут гэта добра, тут вы арганічна звязаны з навакольным светам, у якім вы нарадзіліся і жывяце, а горад бязлітасна перамеле вашу наіўнасць, нават мукі не будзе.

— Значыцца, вы згодны, што горад — гэта дрэнна?

— Не, Аня, я гэтага не казаў. У горадзе свая спецыфіка чалавечых узаемаадносін, у вёсцы свая. Вось у вас, у Славянцы, ці так ужо ўсё ідэальна? П’яныя мужчыны, цяжкая праца, незадаволеныя жанчыны...

Аня перахапіла гаворку:

— Дарэчы, Харытон Піліпавіч, мне не даспадобы ваша выказванне пра бязглуздую гаворку нашых жанчын. Магчыма, яны і недарэчна выказваюцца, але гавораць пра набалелае...

— Прабачце, Анечка,— горача сказаў суддзя.— Даруйце літасцю Бога! Я тады быў знерваваны і сказаў гэта не падумаўшы...

Летняя ноч кароткая, за размовамі Харытон Піліпавіч і Аня не заўважылі, як пачало віднець. Падышоўшы да Анінага дома, Галавасты ўздыхнуў:

— Ну вось, жыццё кароткае, а ноч зусім імгненне...

Аня выказала свае думкі:

— Вось як усё адбылося нечакана... успамінайце часам наіўную славянку, непрыдатную для гарадскога жыцця...

Галавасты схамянуўся:

— І не толькі ўспамінаць буду! Вось мая візітоўка, тут тэлефоны, рабочы і хатні, я буду чакаць званка.— Суддзя зноў ажывіўся: — Ды, Анечка, мы з вамі сёння забыліся пра юрыспрудэнцыю — вось і нагода для сустрэчы!

— Я патэлефаную,— шчыра сказала Аня, беручы візітоўку.

— І яшчэ напаследак можна адно пытанне задаць? — ціха запытаўся Галавасты.

— Я слухаю,— гэтак жа ціха адказала Аня.

— Вы нават не пацікавіліся, жанаты я ці не. Чаму? Няўжо вам усё адно?

— Гэта ўжо два пытанні,— засмяялася дзяўчына.— Эх, Харытон Піліпавіч, ды вы не паспелі з машыны ступіць на нашу зямлю, як так званы лапцевы тэлефон лепш за любы кампутар разнёс пра вас усю інфармацыю...

— Вось аб чым не думаў, дык не думаў,— здзівіўся Галавасты.

Аня падала руку:

— Да пабачэння, Харытон Піліпавіч!

— Да пабачэння, Анечка! Было вельмі прыемна,— паціснуў руку Харытон Піліпавіч і накіраваўся да дома брыгадзіра, дзе яго ўладкавалі на начлег. Адчыняючы варотцы, суддзя раптоўна пачуў ззаду:

— Дык колькі замужніх жанчын у Славянцы?

Галавасты ад нечаканасці здрыгануўся і крутнуўся на месцы. Ззаду стаяў участковы інспектар і весела ўсміхаўся.

— А ты чаму не спіш? — здзівіўся суддзя.

— Служба такая! — і зноў паўтарыў пытанне: — Дык колькі ўсё ж тут замужніх баб?

— Дваццаць пяць... Чаго прычапіўся?

— Ха-ха-ха! — зарагатаў участковы.— Значыцца, хутка будзе дваццаць шэсць.

— Сказаў бы я табе пару ласкавых, але я твой даўжнік. Ты мяне выручыў, як ніхто,— так пакручваў кабурой з пісталетам, нагнаў страху і на баб, і на мужыкоў.

Участковы дастаў з кабуры агурок.

— Вось, Харытон Піліпавіч, браў на закусь, а ён спатрэбіўся для іншага,— і ўчастковы смачна адкусіў вялікі кавалак.

 

* * *

Анкудовіч на службовай «Волзе» прымчаўся ў Славянку. Прыехаў не ў дванаццаць, як было дамоўлена, а на гадзіну раней, каб паспець даведацца на месцы пра падрабязнасці калектыўнага разводу мясцовых баб са сваімі мужамі, прыехаў своечасова, бо следчая група, як кажуць, складала чамаданы.

— Усё ў парадку, Захар Восіпавіч! — радасна выбег насустрач высокаму начальству Галавасты.— Поўная ідылія і згода ў кожным доме!

Мытнік, не разгарнуўшы пасведчання, зірнуў праз плячо на незнаёмца:

— Не паложана! Асадзі назад! — выціснуў ён праз зубы.

— Вы пачытайце пасведчанне, я гаспадар гэтага раёна! — кіпяціўся Анкудовіч.

Мытнік падаў назад пасведчанне і сплюнуў цераз губу:

— Мы не раённага, а рэспубліканскага падпарадкавання. Адыдзіце назад!

— Ды я вас!..— зелянеў ад злосці Анкудовіч.

— А я вас...— спакойна адказаў мытнік.

Падышоў Галавасты:

— Пачуў здалёк вашы крыкі, Захар Восіпавіч, і падбег, магчыма, дапамога патрэбна?

— Ды не,— абурана адказаў гаспадар раёна,— тут мудрэй за славянскіх баб... Ідзі, Харытон Піліпавіч, цябе там чакаюць, а тут я сам як-небудзь.

— Як загадаеце, Захар Восіпавіч,— паціснуў плячыма суддзя і рушыў прэч. Прайшоўшы крыху ўздоўж мяжы, Галавасты вырашыў крутнуць да мастка, дзе ўчора адбылася сустрэча з Аняй. Але непадалёк бульдозер варочаў зямлю...

— Такую прыгажосць псуюць! — абурыўся ён і павярнуў да месца збору.

— Харытон Піліпавіч! Э-ге-гей! — пачуў Галавасты і азірнуўся.

З бульдозера скокнуў Васіль і кінуўся да яго.

— Вітаю вас, грамадзянін суддзя! Гэта я, Васіль! Учора вы вярнулі ў нашу сям’ю згоду і спакой — дзякуй вам!

— Ды не я, а вы самі вярнулі згоду ў свае дамы,— сумна сказаў Галавасты.— А як адчувае сябе ружа вашай душы?

— Поўны парадак! — бліснуў усмешкай Васіль.— Бачыце?! — і ён паказаў на паголены твар і гальштук на шыі.— А вы чаго гэткі сумны, Харытон Піліпавіч? Непрыемнасці якія, ці што? А-а! Гэта вы пасварыліся з мытнікамі — крык быў чуваць аж тут. Ды ну іх...

— Не, я не сварыўся, проста яны адмовілі аднаму чалавеку прайсці на нейкіх сто метраў па справе...

— Я ж сказаў, ды ну іх... А чалавек добры? — пацікавіўся Васіль.

— О-о, браток! Гэта самы галоўны чалавек у раёне! Ад яго залежаць і мая кар’ера, і маё будучае... Ну, Васіль, бывай здаровы,— і Галавасты пакрочыў далей.

— Добры чалавек стаіць каля гэтых казлоў?! — закрычаў услед суддзі Васіль.— Дык не бываць гэтаму! Ваш сябар — мой сябар, вы мне дапамаглі — я вам дапамагу!

Але Галавасты адышоў ужо далекавата і наўрад ці чуў гэта.

А тым часам Анкудовіч, пакруціўшыся каля мытніка, заўважыў на расійскай тэрыторыі свайго сябра і калегу Жыгаліна. Было відаць, што ён не здолеў пераканаць сваіх мытнікаў.

Анкудовіч падбег да бар’ера, закрычаў і замахаў рукамі:

— Пётр Іванавіч! Жыы-гаа-лін! Я тут!

— О-го-го! Заа-хаар Воо-сі-па-вііч! Рады вас...— ледзь далятала ад Жыгаліна, і далей нічога немагчыма было разабраць.

— І я рады... Пазвані мне-е-е! — напінаўся Анкудовіч.

— Што? Не чую-ю! Не чую-ю! — ірваў галасавыя звязкі Жыгалін.

— Начую? Не, не начую-ю! — крычаў наўздагад Анкудовіч.

Пачуўшы гэткі лямант, за спіной Анкудовіча і Жыгаліна пачалі збірацца цікаўныя. Іх прыбывала і прыбывала.

Жыгалін махаў рукамі і паказваў кудысьці ўбок. Да вушэй Захара Восіпавіча далятала:

— Налівайка... На-лі-вай-ка-а...

— А як я налью? — не разумеў Анкудовіч.— Адналіваліся!

Жыгалін крычаў:

— Ту-ды! Ту-ды!..

Толькі цяпер Захар Восіпавіч глянуў туды, куды паказваў сябар. Там, на ўкраінскай тэрыторыі, стаяў і махаў рукамі ўкраінскі калега Налівайка. За ім, замыкаючы гэты міждзяржаўны трохкутнік, таксама стаяў натоўп людзей.

— Ого! Гэй! Гэй! — крычаў украінец.— Здоровэнькі булы! Я звяртаўся-я... Трэ бульба-а... бульба-а...

— Што-о? Тарас Бульба? Не чую, не разумею,— з усяе сілы крычаў Анкудовіч, але яго голас і слых паглынаў нейкі грукат за спіной.

Анкудовіч азірнуўся і ледзь не самлеў — проста на мытню пёр вялізны бульдозер, з кабіны якога далятаў крык:

— Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!

Бульдозер штурхнуў вугал фанернай пабудовы, пачуўся трэск. З памяшкання выбеглі тры мытнікі і ў паніцы разбегліся. Мытня, сапраўды як картачны дом, паслухмяна склалася перад бульдозерным нажом. Бульдозер пакіраваўся далей, на расійскую тэрыторыю, з кабіны чулася:

— ...усё разбурым, а затым...

Песню паглынала ракатанне матора. Было відаць, як і другая «таможня дала дабро», потым абрынуўся і ўкраінскі пункт.

Толькі цяпер людзі ачомаліся, скінулі аслупянеласць. З крыкамі «ўра!» яны кінуліся насустрач адно аднаму. Анкудовіча падхапіў неверагодны душэўны ўздым, і ён рынуўся насустрач сваім калегам, якія таксама беглі з гэткім жа ўздымам. Недзе ў цэнтры гэтага «бермудскага трохкутніка» сябры сустрэліся і абняліся. Вакол радаваліся, цалаваліся людзі.

Анкудовіч выцер слязу і ўрачыста сказаў сваім калегам:

— Ну, што я казаў? Гісторыю піша народ!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.