epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рэха

Здаецца, што дробязь, а сэрцу — пацеха,

Я крыкну, а мне адгукаецца рэха.

І я не стамляюся з рэха здзіўляцца —

Усё яно можа: спяваць і смяяцца.

То плача яно, то крычыць бесклапотна,

То нешта мармыча, то свішча ахвотна.

Бывае, дзівоснае робіцца з рэхам —

Я плачу — яно адгукаецца смехам,

Я песню жыцця заспяваю натхнёна,

Яно пазяхае асіпла і сонна.

Няўжо маё рэха мой голас крыўляе?

А што калі хтосьці яго падмяняе?

Навошта? Каб мне насаліць? Калі ласка!

Чужое «саленне» — жыцця майго частка.

Крычыць не ў папад адгалоска чужая,

Уласнае рэха мяне пацвярджае.

Я рэха гукнуў, а яно прамаўчала,

Ці я знік раптоўна, ці рэха прапала?

Зноў крыкнуў — і чую адказ! Вось уцеха!

Я ёсць! Я жывы — бо жыве маё рэха.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.