epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рэквіем

Зямля — гэта люстэрка,

Люстэрка нашых спраў,

Яна —

Энцыклапедыя падзей.

На ёй калісьці

Продак наш

І сеяў, і араў —

Быў плён

І для зямлі,

І для людзей.

 

«Калісьці...»

«Быў» — чытаецца

Нібыта некралог...

Чаму, нібыта?

Некралог і ёсць!

Над рэквіем працуе

Чалавецтва —

Бачыць Бог,

Ў гісторыі яно —

Часовы госць.

 

*

 

Не толькі продак наш,

Арэм і сеем мы,

Але часцей за хлеб —

Самазнішчэння зло.

А гэта — шлях

Да бездані прамы,

З якой не выбрацца,

Нас — быццам

Не было.

 

Што за бязмозгліца —

Трагедый крутаверць?

Жыццё застыла

На апошнім рубяжы.

Мы пішам рэквіем —

За партытурай

Смерць.

Прад ёй скрываўленыя ноты

Ці крыжы?

 

*

 

То тут,

То там

Чуваць па ўсёй зямлі:

Да ноты нота,—

Да вайны вайна.

Мы ёсць пакуль?

Ці мы — ужо былі?

Жыццё бясцэннае?

Ці грош яму цана?

 

Ды што ўсё —

Мы ды мы?

Што? Знай цану?

Мы нават над жыццём цары!

Ну што ж?..

Зямлі сваёй мы —

Ножык у спіну,

Мы фауне і флоры —

Ў сэрца нож.

*

 

Паклон табе,

Жыццё,

Ва ўсе часы!

Вітаю вас,

Расліны,

Горы,

Рэкі,

Лясы,

Жывёлін, птушак галасы!

Ў апошнюю чаргу

І вас вітаю —

Чалавекі.

 

Сярод жывога

Ёсць і скарпіён —

Да ўсіх

Яго паводзіны благія.

Й сябе забіць гатовы,

Кажуць, ён.

Не толькі ён!

Не толькі —

Ёсць другія!

 

Штодзень

Жыццю свайму

«Другія» б’юць пад дых,

Штодзень

Свайму жыццю —

Па галаве.

Ці ж будзе доўгі век

У вас,

У нас,

У тых,

Хто піша рэквіем,

Бо днём адным жыве?

 

*

 

Газеты

Радыё

І тэле,

Й інтэрнэт,

Як прапаведнік

Бед людскіх адзіны:

— Страляюць!

Б’юць!

Крывёй зыходзіць свет! —

Цікава як!

Вось гэта дык навіны!

 

Няма такога —

Й сумна жыць, прабач.

І ўжо, як кажуць,

Перцу просіць сэрца.

Пакуты,

Стогны,

Боль,

Дзіцячы плач —

Й маўчанне наша

Ў рэквіем кладзецца.

 

Адкуль мы, людзі?

Хто мы?

Для чаго?

Жыццё пакуты

Альбо Божы дар?

Ён, рэквіем,

Наведвае і пры жыцці таго,

Хто у жыцці —

Масоўшчык, не жыхар.

 

*

 

Над будучымі

Нашымі магіламі,

Над тым, што паглыне

Няўмольна нас,

Мы пішам

Рэквіем

Нябачнымі чарніламі,

Якія праяўляюцца

Праз час.

 

Чарнілы праявіліся,

А нас —

І выстыў след,

А пасля нас —

Бязлюддзе

І зіма...

Ах, як гучыць

Ўрачыста напаслед

Твор твораў —

РЭКВІЕМ,

А слухачоў няма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.