epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рэтра

Мы следам габлюем за модай,

Мяняемся з часам... Мусім.

He праўда, што мы з асалодай

Да новага цягнемся...

Хлусім!

 

Мінулае — ў нас застаецца,

Хвалюе нас, лечыць і раніць,

Бо хто ж над маленствам смяецца?

І хто ж маладосць сваю ганьбіць?

 

Мінулае — сэрцу апора,

З узростам няўмольна палоніць.

І ўжо даражэй нам «учора»,

Чым «сёння», што сумна штодзённіць.

 

Душой мы плывем супраць ветру,

Далёка назад заплываем.

І слова нязграбнае «рэтра»

Часцей і часцей ужываем.

 

*

Калісьці і мы будзем — рэтра,

І дасць нам адзнаку час новы:

— Адмовіліся ад паветра —

Ад роднай бацькоўскай мовы.

 

Яны ад яе адвыклі,

Другой мове неслі лаўры,

А самі як нацыя — зніклі,

Як некалі дыназаўры.

 

Ад волі яны адракліся,

Хоць елі свой хлеб учора.

З аджыўшым мінулым зліліся,

Нібыта ручай і мора...

 

*

Я з часам — хачу спрачацца:

— Нахлынуўшае — адхлыне!

Сумнення твайго зачацце

Няхай у зачацці і згіне!

 

Гарачы я! Ой гарачы!

Аж злосць засцілае вочы —

Гатовы даць Богу здачы

І часу, што ў твар рагоча.

 

Схапіў бы я час за грудзі,

Але да яго — павага.

Ён ведае лепш, што будзе,

Ён мудры — і тут перавага.

 

*

Няўжо мы не знойдзем спасу

І час, як прарок, не хлусіць?

Няўжо падуласны часу

І лёс маёй Беларусі?

 

Душы неспакой — во стварэнне!

Пакутую, як ад нарыву.

І цяжка стрымаць абурэнне,

Нібыта каня за грыву.

 

І мушу сабе супярэчыць,

Губляць і знаходзіць меру:

Камусьці скажу — час лечыць,

А сам гэтым лекам не веру.

 

He веру ў яго прароцтва —

Адкуль часу ведаць, што будзе?

І росквіт жыцця, і банкруцтва

Стварае не час, а людзі.

 

Дарога да праўды — крывая,

Скрыўляюць яе наўмысна.

Час мудрым тады бывае,

Калі мы жывём карысна.

 

*

Дык хто і каму падуласны?

Зняволеныя — няволі?

Ці лёсу свайму — няшчасны?

Ці лёс няшчаснаму — болей?

 

Панавыдумлялі словы —

І молімся часу, лёсу.

Свой грэх ім спіхнуць гатовы

Галодны, раздзеты, босы.

 

Давайце назад азірнемся,

Узважым сваё, ацэнім —

Па тых жа слядах таўчэмся,

Аджыўшае век свой — цэнім.

 

Як мудра усё ў прыродзе:

Вясновы дзень — году варты.

А мы — амаль што стагоддзе

Зглумілі — вось гэта дык «жарты».

 

Знявечанага — па вушы,

Зламанага — больш, чым жывога,

Згубіўшыя веру душы,

Маліліся д’яблу — не Богу.

 

Спрабуюць цяпер тлумачыць:

«Такі ўжо нам час дастаўся...»

Як можна глядзець і не бачыць

Таго, хто ў душы таптаўся?

 

А час — ён аднолькава роўны

Усюды — для «белых», «чырвоных»...

Хто — ўперад ішоў паслядоўна,

А хто — лютаваў шалёна.

 

*

Няўжо гэта быў пасля ночы

Світанак?..

І зноў зашарэла...

Гляджу Беларусі ў вочы —

Пяць год — і ты пастарэла.

 

Узлёт!

Незалежнасць!

Крылы!

He многіх сагрэюць словы...

Нічога не мела сілы,

Пад чым не было асновы.

 

Нічога не будзе мець сілы,

Пакуль не прачнецца розум.

І толькі брат брата на вілы

Падыме...

Навошта роздум?

 

Як хутка ты пастарэла,

Садзішся ў чужыя сані,

Якія імчаць ашалела —

Куды?..

He ведаюць самі.

 

У санях чужых няўтульна —

Hі будучыні, ні дому.

І будзем глядзець агульна

Пад «венік» каню чужому.

 

*

Схапіў бы я час за грудзі,

Ды ён — сапраўды прарочыць...

Ужо над абрывам людзі —

Уніз засталося скочыць.

 

Стаяць, мітынгуюць актыўна,

Аж слінкі ляцяць праз зубы.

І самі з упартасцю дзіўнай

Сябе ж падпіхаюць да згубы.

 

— Палітыкі! — просіць вёска.

І гораду — тыя ж гульні...

Адзіная ў нас прычоска,

Бо грэбень на ўсіх — агульны.

 

Палітыкі — больш, чым работы.

Палітыкі — больш, чым хлеба.

Адсюль — і жыцця павароты

І тое, што нам не трэба.

 

Няведама што — галубім,

Атрута — заместа лячэння...

Калі мы свой дом загубім —

He будзе нам век прабачэння.

 

«Сябры» — чатырохбакова,

Ты крайняя ў гэтым спісе.

Ад кожнага з іх — умова,

І кожнаму — пакланіся.

 

Ад кожнага ў нечым залежыш,

Для іх ты — радня-бяднота.

Калі ты сябе не ўзвежыш,

Затопчуць цябе ў балота.

 

Было так заўжды, і ў «рэтра»,

Пара ўжо сарваць з іх маску.

Ды ну іх, чужыя нетры!

Ды к чорту чужую ласку!

 

На ўласных адвечных карэннях

Мы росцім свой хлеб, не салому.

Не бачыць цябе на каленях,

Мая Беларусь, нікому!

1996


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.