epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рэвізія

Перачытаў свае вершатварэнні,

Якія кніжны набылі статут.

О, як бы я прарэдзіў іх — з карэннем,

Падправіў, паднавіў з задавальненнем

Альбо адсунуў у далёкі кут.

 

Ці я змяніўся, ці яны спрасцелі?

Ці тут маёй крытычнасці парша?

Але ж і ў нашым незаменным целе

Праз нейкі час мяняецца душа.

 

І чалавек, як верш наіўны, ранні,

І сам наіўны быў і малады,

Лунаў у блазнюкоўстве і каханні,

Ды на зямлю спусціўся праз гады.

 

Разважлівасць радзей глядзіць на зоркі,

А пра наступствы думае найперш.

Таму і вынік разважанняў горкі:

Не розум, а душа крыліла верш.

 

Мой ранні верш — цікавая праверка,

Учора й сёння я — два берагі.

Я быццам глянуў на сябе ў люстэрка

І сумна ўбачыў — сёння я другі.

 

Мяняць і перапісваць?

Аніслова!

Там я — больш натуральны і жывы.

І рань душы не аднавіць нанова

Разумным вершам, ўзятым з галавы.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.