epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рэжуць лес

Рэжуць лес, пiла гудзе,

А пiла — па сэрцы.

Не схавацца анiдзе

Маладому дрэўцу.

 

Маладому, бо яно

Шмат недагуляла.

I пакоцяць бервяно

Ў план лесапавала.

 

Сэрца засцiць неспакой:

Знiкне лес заўчасна.

Мы — уласнаю рукой —

Нiшчым дом уласны.

 

Лес — падобны на людзей:

Без пары згараем,

Нараджаемся радзей,

Болей — памiраем.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.