epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Родны кут

Колькі бачу вакол прыгажосцяў зямных

На Лагойшчыне, лепшай у свеце!

І ідзеш, як плывеш, па лугах сакаўных,

Дзе кіпяць і буяюць суквецці.

 

Пачакайце, касцы, хоць дзянёк, хоць другі,

Адпачніце ад спёкі ў цянёчку.

Хай пяшчоцяцца ў сонечных промнях лугі —

Канюшынка, рамонкі, званочкі.

 

Вунь і пчолкі над імі рупліва гудуць,

І чмялі носяць мёд у скарбонкі.

Палысеюць лугі — і тады не пачуць

Ані пчолак, ні птушачак звонкіх.

 

Як удзячны табе, асяродак душы,

Родны кут, блізкі мне, шматгалосы,

Ды шкада, што сярод мілагучнай цішы

Справяць баль свой бязлітасны косы.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.