epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рот памяці

Чаму так мала

Хронікі ваеннай?

І дзе

Дакументальнае кіно?

Хтось забываць пачаў

Пра час страшэнны,

Пра тое, што было

Не так даўно.

 

О, на святую памяць

Час няўдалы!

О, тэлебездухоўнасці

Парад!

Занудзістыя

Тэлесерыялы

Часцей гучаць,

Чым подзвіг твой,

Салдат.

 

Угледзьцеся

Ў салдат вайны той твары,

Адчуйце іх

Самаахвярны лёс.

Ён па зямным,

Крывёй залітым шары,

Сцяг Перамогі

Наш салдат пранёс.

 

Жыццё і смерць

Не раз ён клаў

На шалі,

Ў атацы гінуў,

Смерці слаў праклён,

Ён у агні гарэў,

Але ўставалі

На яго месца

Гэткія, як ён.

 

Такія, як і ён,

На ўсёй планеце

За мір плацілі

Страшную цану...

А сёння,

Інтэрнэтных гуляў дзеці

Ці чулі,

Што загінуў

Кожны трэці

Ў Вялікую Айчынную вайну?

 

Адкуль ім ведаць?

Зноў папрокі сею

Ў закрыты

Ідэялагічны рот,

Калі да даты нейкай,

Юбілею,

Пра подзвіг той

Нам скажуць

Раз на год.

 

Пра подзвіг

Неуміручы і вялікі,

Пра Перамогу —

Падзею ўсіх падзей.

Салдаты ж гінулі

Штодзень,

Без ліку,

І не чакалі

Нейкі юбілей.

 

А партызаны?

А геройства ў тыле?

Канцлагеры,

Падполлі —

Ўся і ўсе.

Усе яны

Ў адной вялікай сіле

Дзень светлы

Набліжалі пакрысе.

 

Не, не забылі мы

Ні на імгненне

Ахвяры й перамогі

Страшных год.

А вось для іх,

Для новых пакаленняў,

Часцей бы памяць

Раскрывала рот.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.