epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Роздум

Роздум...

Роздум просіцца

Не пра мяне.

Я — наіўны міраж

У жыццёвым тумане,

Лёс мой — кропля ўсяго,

Толькі кропля адна

У жыцці-акіяне,

І яе акіян паглыне.

Я вагаўся,

Я важыў:

Паглыне альбо не?..

Паглынуў — не заўважыў.

 

Роздум не пра мяне...

Я — пяшчынка зямлі,

Над якою падзеі гулі —

І змяшалася ўсё...

Сярод мноства мільярдаў

Пяшчынак

Я згубіўся — і ўжо не знайсці

Ні мяне,

Ні ўспамін,

Ні мой вечны прыпынак...

 

Роздум пра...

Як галоўнае ў свеце знайсці?

Як не ўблытацца ў дробязі

Чуткаў,

Пляткарства,

Какецтва?

Што галоўным было

На працягу вякоў

У жыцці?

У жыцці чалавека,

Ўсяго чалавецтва?

 

Насцярожана крочыць —

Куды? —

Дваццаць першы наш век,

Пэўна, самы заблытаны

Й непрадказальны.

І куды завядзе ён цябе,

Чалавецтва?

Цябе, чалавек?

Што пачуе сусвет —

Гімн жыццю

Альбо звон памінальны?

 

Як банальна гучыць:

Веды — гэта святло!

Ды за лозунгам светлым,

Нярэдка —

Прыхільнікі ночы.

І штыкі, і валюта ў галоўных —

Ўсё гэта было...

Да трагедый вяло,

Не ў святло.

Але тое «было» — у сучасным,

Да бездані крочыць.

 

О, калі б з дэкларацый,

З усіх канстытуцый —

З усіх!

Урасло назаўжды

У рэальнасць жыцця,

Ў чалавечую геннасць,

Што, усё ж чалавек,

Даражэй і нажыў,

І інтрыг.

Што, усё ж чалавек,

Ён не толькі каштоўнасць —

Бясцэннасць!

 

О, каб гэта ўсвядоміў

Свядомы,

Шмат бачыўшы свет!

Зніклі б з нашай Зямлі

Назаўсёды

І жорсткасць, і войны.

Чалавецтва ускрэсла б —

За ім — не скрываўлены след,

А пачэсны жыццёвы уклад

І прыстойны.

 

Ды, на жаль,

Ёсць такія на нашай Зямлі,

І былі...

Пэўна, й будуць,

Хто прагне для іншых трагедый.

Быццам маці не мелі яны

Быццам дзецьмі яны не былі —

А для матак чужых і дзяцей

Плодзяць беды.

 

Кожны кожнаму сёння —

Падазроны,

Далёкі,

Чужы.

І жывецца няўпэўнена,

У неадступнай трывозе.

Кожны з нас,

Чалавецтва,

Падыйшло да апошняй мяжы,

За якою — знішчэнне,

Мы — стаім на парозе.

 

Чалавек схамянуўся —

Адкрыцця стаў баяцца свайго.

І трывога гудзе

Над блакітнай планетай

Набатам:

Дык няўжо быў расшчэплены

Атам

Людзьмі для таго,

Каб Зямлю,

Каб прытулак людзей расшчапіў

Той жа атам?

 

Паўтарэнне таго, што гучала —

Няўдзячная праца,

Паўтарэнне таго,

Ад чаго «мазалі» у вушах...

Але ж трэба

Крычаць і пісаць,

Пісаць і крычаць —

ПАЎТАРАЦЦА!

Бо і кропля скрозь камень

Праточвае шлях.

 

Ў кожным слове,

Радку

Сэнс вядомы — няма навізны...

Хтосьці скрывіцца кісла:

— Не каркай

Бяды не наклікай!

Чалавецтва прывыкла,

Яго прывучылі — ні дня без вайны,

Без маленькіх трагедый і войнаў,

І няўмольна вядуць

Да вялікай.

 

Да жыцця на Зямлі

Падкрадаецца ценем бяда.—

Кормяць «ястрабы» байкамі

Нас, «салаўёў».

З году ў год,

З веку ў век гэта тэма,

Нібыта у ступе вада,

І таўчэцца яна,

І ўсё болей яе —

Да краёў.

 

Ёсць жа прымаўка, ёсць:

Гадка есці — ядзім,

Бо шкада гэта выплюнуць,

Мабыць, лянотна...

Нам Радзіма — Зямля,

Больш не будзе Радзім!

Калі страцім яе —

Толькі раз!

Назаўжды!

Беззваротна!

 

Самагубства ўсяго чалавецтва

Было ўжо —

Рэальнасць, не сон.

Старажытным памылкам

Сучаснасць

Спрыяе вярнуцца.

Дык няўжо чалавек — самагуб?

Скарпіён?

Каб сваімі адкрыццямі

Знішчыць сябе,

Захлынуцца?

 

Ўсё «банальна» вакол —

Чалавек, чалавецтва, каханне,

Пошук ісціны, роздум,

Напоўнены розумам час.

Ну а што, калі час

Назаўжды

«Безбанальны» настане —

Без кахання, без ісціны,

Без чалавецтва —

Без нас?

 

Не, не ўдасца нікому

Схаваць у пясок галаву,

Калі розум —

Пад ногі,

А над ім уладар —

Антырозум.

І пакуль свет не згінуў,

Пакуль я свядома жыву,

Роздум не пра мяне —

Пра галоўнае мой

Заклапочаны роздум...

2013


2013

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.