epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Роздуму пара

Роздуму пара,

Непазбежна ўсіх —

Ўсіх тады

Наведвае людзей,

Калі бурны вецер

Жыццятлуму сціх

І ўляглася ў штыль

Вада падзей.

 

Урачысты,

Сумны,

Светлы роздум мой

Атуляе

Сэрца спакваля.

Так прыціхлы лес

Стаіць перад зімой,

Так сумуе

Прад зімой зямля.

 

Колькі летаў, колькі

Праляцела зім,

Ды яшчэ наперадзе

Адна.

Роздуму пара —

Думаць ёсць аб чым,

Роздум —

Як апошняя вясна.

 

Колькі іх, падзей,

Колькі вас, людзей,

Давялося з кім

Праз лёс ісці.

Колькі за жыццё

Згублена надзей,

Колькі шчасця

Знойдзена ў жыцці.

 

Роздуму пара,

Будзь са мною, будзь,

Сэрца

Успамінамі крані.

Толькі б у былым

Штосьці не мінуць,

Ў блізкай сэрцу

Той далечыні.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.