epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Розныя погляды

Хоць дарогі канец, не пачатак,

І гады не ў цане,

Заглядаюся я на дзяўчатак,—

І яны на мяне.

 

Калі так — не ў узросце прычына,

Ні пры чым тут гады.

Што казаць — перад вамі мужчына —

Прыгажун, хоць куды!

 

Я за гэтую думку чапляўся

Аж да гэтага дня.

Аказалася, што памыляўся,

Думка — самахлусня.

 

Я гляджу на дзяўчатак запальна,

Як прамень з-за гары,

А яны на мяне — спачувальна:

Вунь... ідзе пень стары.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.