epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рубеж

Для мяне тут кут Эзопаў,

Знакамітасцяў манеж —

Даражэй усіх Амерык,

Даражэй усіх Еўропаў,

Ля Купалавых Акопаў,

Хутар колішні — Рубеж.

 

Усяго чатыры хаты,

Лапу тут ніхто не ссе,

Ўсе гаспадары тут — хваты,

Кожны працаю багаты,

Маюць прозвішчы-блізняты —

Давідовічы — усе.

 

Час той дарэвалюцыйны

Быў спрыяльны Рубяжу.

Быў ды сплыў той статус дзіўны —

«Самасційны» і нічыйны.

 

Лёс далейшы — трагедыйны,

Бела-чорны — праз мяжу.

Сёння тут — спакой застылы,

Невядомы ўсім куток.

 

Лес прыціх, як птах бяскрылы,

Ды падмуркі, як магілы —

Сэрцу блізкі, сэрцу мілы

Роду нашага выток.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.