epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Рыбалка з салютам

Ружовым ранкам, калі ўсё толькі пачынае прачынацца, на беразе рэчкі сядзеў рыбак і напружана глядзеў на паплавок, які застыў, нібыта заснуў. Рыба ніяк не хацела брацца, быццам яна тут зусім перавялася. Рыбак, каб хоць крыху зняць нервовасць, паціху мурлыкаў сабе пад нос песеньку:

На адным канцы рыбак,

На другім канцы чарвяк,

А рыбка плавае на дне,

Не даецца ў рукі мне...

Рыбак, Язэп Шыцік, быў добра вядомы не толькі аднавяскоўцам, але і ўсім навакольным жыхарам як гарачы прыхільнік і заступнік прыроды і ўсяго жывога ў ёй. Таму і на рэчку, хоць быў заядлым рыбаком, не дазваляў сабе браць больш як адну вуду.

Раптам Язэп улоўлівае вухам нейкі гул і чуе набліжэнне маторнай лодкі. Неўзабаве лодка на поўных абаротах матора прамчалася міма, уздымаючы хвалі і псуючы паветра бензінавым смуродам. У лодцы сядзелі знаёмыя Язэпу Бублевіч і Бабіч, браканьеры са стажам, якія жылі ў раённым цэнтры. Шум лодкі паступова аддаліўся, а праз нейкі час з таго боку пачуліся два выбухі.

— У-у, браканьеры праклятыя! — абурыўся Язэп.— А яшчэ на мяне калісьці ўчастковаму нагаворвалі, браканьерам абзывалі ды лжыва сведчылі!

Язэп зноў павярнуўся да свайго соннага паплаўка і зноў пачаў супакойваць сябе любімай песняй: «На адным канцы рыбак...» Нечакана за спіной чуе:

— Рукі!

Язэп машынальна ўскочыў і падняў угару рукі. Азірнуўся і ўбачыў участковага міліцыянера.

Участковы падскочыў да Язэпа:

— Ну што, Язэп, папаўся ты мне на кручок? Злавіўся, браканьер адпеты!

Язэп апускае рукі:

— Хух! Хіба ж можна так крычаць за спіной?

— Што, спалохаў я цябе? На злодзеі і шапка дрыжыць!

— Няма чаго мне палохацца, а вось рыбу распужаў,— спакойна адказаў Язэп.

Участковы грозна перапытаў:

— Рыбу?! Баішся за рыбу? Усю рыбу, што знішчыў выбухамі, я зараз рэквізую! А цябе, як падрыўніка, арыштую!

Язэп смяецца:

— Дык вось яно што! Зноў, лейтэнант, ганяешся за ветрам у полі. Гэтак ты і на пенсію пойдзеш лейтэнантам.

— Не твая справа! Дзе рыба? Дзе ўзрыўчатка? — не адступаў участковы.

Язэп, не перастаючы смяяцца, падае ўчастковаму вядро:

— Рыбка плавае на дне, не даецца ў рукі мне... Вось мая рыбка!

Участковы апускае руку ў вядро, боўтае там і дастае за хвост маленькую сяляўку:

— І гэта ўсё?! А дзе астатняя?

Язэп вылівае з вядра ваду, забірае ў участковага сяляўку і пускае яе ў рэчку:

— Расці, малеча!

— І гэта ўсё?! — не можа супакоіцца міліцыянер.

Язэп бярэцца за вуду:

— Менш бы крычаў за спіной, злавіў бы болей. Вось так.

Участковы разгубіўся:

— А я ж чуў два выбухі... Хто гэта мог быць, калі не ты? Хто?!

— А я ў стукачы не наймаўся! — не сцярпеў Язэп.

Участковы пагрозліва папярэдзіў:

— Глядзі ў мяне! Пратакол складаецца хутка, сам ведаеш!

Язэп пагадзіўся:

— Ведаю. Чаму ж не? Але каб скласці пратакол, трэба панятыя, а твае штатныя сведкі чакаюць цябе за тым згібам рэчкі. Спяшайся, можа, і зловіш ветра ў полі!

Участковы падаўся, куды паказаў Язэп, і здалёк крыкнуў:

— А цябе, Язэп, я ўсё роўна прыпаяю да пратакола! Прыпаяю і аддам пад суд!

 

* * *

У Сцяпанавай хаце панаваў спакой. Гаспадар сядзеў і старанна падшываў валёнак, яго жонка, Данута, корпалася ля печы.

— Што ты порашся з валёнкам, быццам на дварэ мароз? — будзённа пацікавілася яна.

Сцяпан у тон ёй адказаў:

— Хіба ж ты не ведаеш, што сані рыхтуюць летам, а касу клепяць зімой?

Данута дадала:

— Ты ж яе і летам ледзь не кожны дзень клепіш...

Сцяпан смяецца:

— Гэта толькі так гаворыцца. Работу робіш тады, калі яна ёсць і калі ёсць жаданне... Ты лепш зірні на нашага ката — зрання мыецца, аж за вуха дастае, не інакш як гасцей нам намывае.

— Адкуль тым гасцям узяцца? Нікога ж не запрашалі,— пачулася ад печы.

Сцяпан крактануў:

— А няпрошаныя госці нам не патрэбныя. Госць няпрошаны — як кажух паношаны: і не апранаеш, і не выкідаеш — адно замінішча.

Раптоўна адчыняюцца дзверы, і ў хату шумна ўвальваюцца Анатоль, Сцяпанаў і Дануцін сын, з жонкаю Любай і трохгадовым сынком Сцяпанкам. У Сцяпана валіцца валёнак з рук, Данута выцірае рукі аб прыпол і абое радасна кідаюцца насустрач гасцям:

— Вось дык радасць у хату!

— Ай, якія малайцы! Ды знянацку! Ды раптоўна!

— Дзякуй Богу, дачакаліся!

Сцяпан хапае на рукі ўнука:

— А які Сцяпанка стаў вялікі! Да дзеда падобны як дзве кроплі вады!

— Нездарма ў гонар дзеда названы! — зазначыў Анатоль.

Люба абдымае свякроў, ласкава пытаецца:

— Як вы тут, мама? Ці здаровыя? Ці ўсё добра?

— Усё спраўна, дзеткі, усё добра! — адказвае Данута.— А як жа вы там?

Сцяпан перакрыквае ўсіх:

— Ай ды кот! Якіх гасцей намыў нам!.. Распранайцеся, уладкоўвайцеся. Зараз стол прыладзім. Данута, хуценька рыхтуй, дзеці з дарогі!

Узрушаная Данута мітусіцца па хаце:

— Бягу! Ляту! Шчасце якое!

— Люба, трэба ж падарункі аддаць бацькам! — спахапіўся Анатоль.

— Потым! Потым падарункі! Падсілкуецеся, адпачняце з дарогі, дойдзе чарга і да падарункаў! — абдымае сына Сцяпан.

Данута ўжо завіхаецца ля печы і шчабеча:

— Во шчасцейка ў хату завітала! Дзякуй Богу! Якія яшчэ патрэбны падарункі!

 

* * *

У Язэпавай хаце таксама пакуль што пануюць ціша і спакой, Хаўрося, Язэпава жонка, чытае кніжку, з радыёдынаміка ліецца лёгкая музыка.

Адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць Язэп з вудай. Відаць, што ён не ў гуморы.

Хаўрося кладзе кніжку, пытаецца:

— А дзе ж улоў? Што, рыба не бралася?

— Горш! — коратка кідае Язэп і апускаецца на лаву.

— А што можа быць горш для такога заядлага рыбака? — здзіўляецца яна.

Язэп уздыхае:

— Улоў для мяне не галоўнае. Улоў я ў рэчку выпусціў...

— Калі так, дык чаго дзюбу апускаеш? — бадзёрыць мужа Хаўрося.

— А таго апускаю дзюбу, што ўчастковы, падла, насядае мне на пяты. Я ў лес — ён там, я на рэчку — ён зноў там... І сёння мяне ні за што мурыжыў ля рэчкі, пагражаў прыпаяць да пратакола. Судом пагражаў.

— Ды што ён да цябе чэпіцца?! — ускочыла Хаўрося.— Плюнь яму ў вочы!

— Плюнуць у вочы можна, але ў які бок вецер будзе дзьмуць,— сумна разважыў Язэп.

 

* * *

Язэп вяртаўся з рыбалкі, трымаючы ў адной руцэ вуду, у другой — вядро. Надвор’е было цёплае, ласкавае, але на душы ў яго было моташна. З такім настроем нічога не хочацца рабіць, нікога не хочацца бачыць, таму, сустрэўшы на вуліцы Сцяпана з Анатолем, Язэп не дужа ўзрадаваўся. Сцяпан, наадварот, быў рады сябру, засмяяўся і ўсклікнуў:

— Здароў, на адным канцы чарвяк!

— Здаровыя будзем...— выціснуў Язэп.

— Адкуль ідзеш? — пацікавіўся Сцяпан.

Язэп торкнуў вудай пад нос сябру:

— Бачыш адкуль — ад рэчкі.

— Калі ад рэчкі і без настрою, значыцца, не падфарціла,— заключыў Сцяпан.

Анатоль зазірнуў у вядро і абверг бацькава меркаванне:

— Ого! Тут і акунькі, і лешчыкі! Ды нямала!

— Рыба-то ёсць, але бяда,— сумна зазначыў Язэп.

Сцяпан насцярожыўся:

— Зноў Бублевіч і Бабіч?

— Яны,— пацвердзіў Язэп.— Глушылі рыбу дынамітам, а цяпер, як ім прыціснулі хвост, перагароджваюць рэчку сеткай і працэджваюць ваду, як праз рэшата. Нішчаць усё падчыстую, і маладняк, бо ячэі ў сетцы дробныя...

— Адкуль ты ведаеш? — пацікавіўся Сцяпан.

— Сам бачыў,— адказаў Язэп.— Бачыў і бачу кожны раз, як прыходжу да рэчкі. Я нават ведаю, дзе сёння сетка пастаўлена і дзе яна будзе заўтра.

— Дык давайце пойдзем, выцягнем сетку і парэжам яе! — горача прапанаваў Анатоль.

— Мала карысці,— адхіліў прапанову Язэп.— Адну парэжаш, другую паставяць. Даведаюцца, помсціць пачнуць. Тут патрэбна штосьці іншае.

— А каб участковага навесці на іх! — не стрымаўся Сцяпан.

Язэп кісла ўсміхнуўся:

— А што ўчастковы? Ну, рэквізуе адну сетку, яны знойдуць другую. Гэта ў лепшым выпадку... А не выключана, што ён сам з імі заадно.

Сцяпан развёў рукамі:

— Што ж рабіць? Няўжо на іх няма ніякай управы?

Язэп пачухаў патыліцу:

— У мяне ёсць думка... Пакуль толькі голая думка, а як зрабіць, каб яна стала рэальнасцю, не ведаю.

— А што трэба? Можа б, я чым дапамог? — загарэўся Анатоль.

Язэп працягваў:

— Трэба зрабіць так, каб яны самі, добраахвотна кінулі сваю чорную справу. І назаўсёды!

— Гэта ўжо, браток, з навуковай фантастыкі! — запярэчыў Сцяпан.— Дзе ты бачыў, каб браканьер сам, без прымусу, кінуў свой промысел?

— Дзядзька Язэп, а ўсё ж, што за думка? — настойліва дапытваўся Анатоль.

Язэп патлумачыў:

— Вось каб ім у сетку зачапіць штосьці дужа страшнае, каб яны і ад сеткі адмовіліся, і рэчкі пачалі баяцца...

— Кракадзіла б жывога запусціць ім у сетку,— пачаў фантазіраваць Сцяпан.— А яшчэ лепш — ім у штаны!

— Не трэба кракадзіла! — спыніў сябра Язэп.— Каб які снарад ці міну ў сетку зачапіць.

— Людзі ж падарвуцца! — насцярожыўся Сцяпан.— А па-другое, дзе іх узяць?

— Снарад ці міну не сапраўдныя,— тлумачыць Язэп,— а толькі іх падабенства... Яны выцягнулі б сетку і ад страху не ведалі б, куды ўцякаць.

Анатоль горача падтрымаў прапанову:

— Правільна! Няўжо мы такой дробязі не зладзім? Я ведаю, як выглядаюць розныя такія штукі. Упэўнены, што нам гэта ўдасца, а потым я залезу ў ваду і прычаплю падарунак да сеткі.

— Малайчына, сынок! — ажывіўся Сцяпан.— А там ужо як Бог дасць! Думаю, што пабаяцца яны і сетку выцягваць, і міліцыю выклікаць на сваю галаву...

Наступным днём тройца змоўшчыкаў на Язэпавым двары канчала свой выраб.

Анатоль выцер змакрэлы лоб і задаволена зазначыў:

— Зараз прыкручу апошні стабілізатар, і гатова!

Сцяпан пакратаў тое, што было падобна на вялізную авіябомбу, і пацмокаў языком:

— Самому боязна да гэтага дакранацца... Надта ж аграмадзіна!

Язэп адчыніў бляшанку з белай фарбай і ўзяў пэндзаль:

— А каб было яшчэ страшней, я зараз намалюю на яе бакаціне чэрап і скрыжаваныя косткі!

— Гэта ўжо будзе хімічная зброя! — засмяяўся Сцяпан.

Задаволены Язэп адыходзіць і любуецца на сваё мастацтва:

— Вось так! А цяпер застаецца зацягнуць гэту страшылку да рэчкі і ўблытаць у сетку.

— Гэта ўжо дробязь! — адкладвае Анатоль інструмент і выцірае рукі.

 

* * *

Раніцай, ледзь толькі развіднела, да берага рэчкі асцярожна падплыла маторная лодка, у якой сядзелі Бабіч і Бублевіч. Заглушыўшы матор, яны старанна замаскіравалі лодку пад лазовым кустом і, скочыўшы на бераг, падышлі да двух ледзь бачных калкоў, да якіх былі прывязаны канцы сеткі. Насцярожана азірнуліся і пачалі цягнуць. Сетка давалася, як ніколі, марудна і цяжка.

— Ого! Сёння штосьці там упіраецца! — задаволена закрактаў Бублевіч.

— Цягні! Не філонь! — зашыкаў на сябра Бабіч.

Бублевіч весела працягваў:

— Ні табе шуму, ні табе пылу, а поўная сетка! І дынаміт на чорта!

Бабіч падганяў:

— Давай-давай! Напінайся! Потым будзем падлічваць дывідэнды!

Сябры не шкадавалі сіл, прадчуваючы багаты ўлоў.

— Што гэта? Няўжо сом?! — закрычаў Бублевіч.

Бабіч зірнуў на рэчку і ўбачыў нешта вялізнае і акруглае ў сетцы:

— Хутчэй гэта кіт!.. Не паслабляй! Цягні! Не дай яму апамятацца!

— Ён наш! — трыумфаваў Бублевіч.— Па-адна-ацісні! Р-ра-а-з!

Раптам Бабіч жахліва зароў:

— Стой! Замры! Не тузай за сетку!

— Што? Што такое? — здзівіўся Бублевіч.

З вады паказаліся стабілізатары, а на баку «сома» скаліў зубы чэрап.

— Бомба! — зноў зароў Бабіч.— Кідайся на зямлю! Хімічная бомба — вунь чэрап!

Бублевіч кінуўся ўслед за сябрам на зямлю і застагнаў:

— Атруцімся, к ідрэні фені матары! Альбо ў паветра ўзляцім! — Зірнуў на сябра і жаласліва спытаўся: — А ад чаго лягчэй паміраць?

Бабіч ускочыў і закамандаваў:

— Дурань! Матаем адсюль вуды!

— А сетка? А бедненькая наша рыбка? — заенчыў Бублевіч.

— Сетку і суседку заўсёды нажывеш, а жыццё адно. Я жыць хачу! — адрэзаў Бабіч і кінуўся да лодкі.

Бублевіч пакруціў носам у паветры і жахнуўся:

— Сапраўды нечым смярдзіць! — ускочыў і панёсся за сябрам, крычучы: — Атас! Хімічная атака!

— Нагі маёй тут болей не будзе! Заводзь матор! — камандаваў, седзячы ў лодцы, Бабіч.

Бублевіч падбег да лодкі і азірнуўся на пакінутую сетку. Азірнуўся і вачам сваім не паверыў: у сетцы пагойдвалася не бомба, а доўгавалосая і пышнагрудая Русалка, якая працягвала да Бублевіча рукі і салодзенькім галаском клікала да сябе: — Сюды, Бублічак! Я цябе зацалую на самым дне, сярод тваіх любімых рыбак! Ідзі, ідзі да мяне, дурненькі!..

Бублевіч моцна заплюшчыў вочы і страсянуў галавой, адганяючы недарэчнае відовішча. Ён адважыўся зноў зірнуць на рэчку. Русалкі там болей не было, а замест яе ў сетцы сядзеў участковы, які трос кулаком і крычаў: — Вы каго злавілі?! Ды я вас, басякі, арыштую і ў турме згнаю!..

Бублевіч разгублена папрасіў сябра:

— Зірні! Там не бомба, а Русалка з участковым у сетцы сядзяць!

Бабіч зірнуў туды, куды паказваў сябар, але там, акрамя бомбы з чэрапам на ёй, нікога не было.

— У лодку, дурань! Заводзь матор, Русалчын потрах!

 

* * *

На беразе рэчкі, ля сваёй «прыкормленай» мясціны, сядзеў з вудай Язэп і напяваў вядомае: «На адным канцы рыбак...»

Паплавок, як заўсёды, заснуў, але Язэп, гледзячы на яго, думаў пра іншае. Раптам пачуў чаканае — маторную лодку, якая паступова набліжалася. Язэп засяродзіўся на маторным гуку:

— Ага, галубцы, вяртаюцца! Цікава, ці спадабаўся ўлоў? Як бы даведацца?.. А-а, відаць, атрымалі наш падарунак, бо не ляцяць як шалёныя, а паўзуць, як чарапаха...

Лодка наблізілася. У ёй былі Бублевіч і Бабіч, ды не вясёлыя, як заўсёды, а напружаныя і нават спужаныя.

Язэп рызыкнуў і замахаў рукой:

— Прывітанне рыбакам!

Матор заглух, і з лодкі пачулася злоснае:

— Што трэба?!

Язэп усміхнуўся і бязвінна залыпаў вачыма:

— Рыбак рыбака бачыць здаляка!

— Што яшчэ? — злосна спытаўся Бабіч.

Язэп дастаў вуду, чамусьці папляваў на кручок і нядбайна выціснуў:

— Я б вам адну навіну сказаў, але бачу, што вы спяшаецеся...

Бублевіч коратка кінуў:

— Давай, валі, калі што цікавае!

Язэп закінуў пусты кручок у ваду і працягваў:

— Яно-то не дужа цікавае, затое карыснае. Сын майго сябра Сцяпана, афіцэр, які прыехаў здалёк на адпачынак, расказаў, што там, у іхняй рэчцы, рыбакі лавілі сеткай рыбу і выцягнулі з вады нейкую храновіну часоў вайны...

Бабіч насцярожыўся:

— І што?!.

Язэп зноў жа нядбайна працягваў:

— Усіх, хто быў на беразе, разнесла на дробныя шматкі — мама родная не пазнала. Такі быў выбух, што ваду ўзняло да аблокаў.

Бублевіч збялеў:

— Дык і мы...

Бабіч абарваў яго:

— Заткніся! Дык і мы... чулі пра гэта... А што яшчэ?

— А яшчэ я чуў ад свайго бацькі-нябожчыка, што і ў нашай рэчцы такога дабра хапае. Таму я спакойненька лаўлю вудай і ў вус не дзьму.

— Лаві! — злосна кінуў Бабіч і павярнуўся да сябра.— Заводзь матор і матаем адсюль!

Язэп з той жа нядбайнасцю працягваў свой роспавед:

— І яшчэ я чуў, што гэтыя ржавыя штукенцыі, якія ляжаць у рэчцы з часоў вайны, могуць ірвануць на ўсю моц нават ад лёгкай вібрацыі лодачнага матора. Сын майго сябра расказаў...

— Пайшоў ён к чорту, той сын твайго сябра! Заводзь матор і кратай на малых абаротах!

Матор завёўся, і лодка ціха-ціхенька падалася прэч...

Язэп выцягнуў лёску, зматаў вуду і пашыбаваў дахаты, весела напяваючы: «На адным канцы рыбак, на другім канцы чарвяк...».

 

* * *

У кабінет участковага міліцыянера хтосьці асцярожна пастукаў, быццам дзверы былі з крохкага шкла.

— Уваходзьце! — запрасіў участковы, які разглядаў нейкія паперы.

У кабінет баязліва праціснуліся Бублевіч і Бабіч:

— Выклікалі, таварыш начальнік?..

Участковы доўга і пільна разглядаў іх, потым спытаўся:

— Рыбу любіце?

— А-ага, смажаную...— неўпапад адказаў Бублевіч.

— І засоленую з півам...— заківаў галавой Бабіч.

Участковы грозна ўдакладніў сваё пытанне:

— А глушыць рыбу ў рэчцы любіце?

Бублевіч пачаў, заікаючыся, апраўдвацца:

— Хто вам сказаў? Брахня гэта сабачая, таварыш начальнік!

— Ды навошта яе глушыць, яна і так глухая і нямая! — падтрымаў сябра Бабіч.

Участковы спыніў іх:

— Ціха! Сам ведаю, што глухая!.. Лодку маторную маеце?

— Які там матор?! Траіць і захлынаецца! — тлумачыў Бублевіч.

— Ды тую скарлупіну дзіравую нельга назваць лодкай, таварыш начальнік! — жаласліва енчыў Бабіч, якому ўторыў сябар: — А матор іржавы, моллю паедзены!..

— Ціха! Хопіць! — устаў са свайго месца ўчастковы.— Вы тут на тое, каб ведалі, што і я ведаю шмат чаго пра вас. Вас пачалі часцяком заўважаць на рацэ, у вашай, як вы сказалі, скарлупіне, а ваш моллю паедзены матор спраўна панёс вас ад месца, дзе прагучалі два выбухі.

Бублевіч яшчэ больш заенчыў:

— Таварыш начальнік, ды каб таму вочы павылазілі...

Участковы паставіў кропку:

— Хопіць! Можаце ісці, але ведайце, што панятыя і сведкі мне заўсёды патрэбны.

— Ды мы, як піянеры, заўсёды гатовыя! — запэўніў Бабіч.

 

* * *

Язэп схаваўся ў самы кут свайго двара, абклаўся рознымі прыладамі і прыстасаваннямі і штосьці мудрагелістае майструе, як заўсёды, напяваючы «На адным канцы рыбак...». Ён ажно падскочыў ад нечаканасці, пачуўшы за спіной Сцяпанаў голас:

— Здароў, Цыялкоўскі! Зноў нейкую ракету майструеш?

Язэп не хаваў сваёй незадаволенасці, нават злосці:

— Цьфу на цябе! Якога ражна прыпёрся? Думаў, схаваюся, ніхто не знойдзе, дык на табе — з’явіўся!

Сцяпан, быццам не заўважыў сябравай незадаволенасці, пацікавіўся:

— А што гэта за звер: сігара не сігара, ракета не ракета? Нейкая абракадабрына. Каго на гэты раз пужаць будзем?

Язэп усё яшчэ злуецца:

— Прынесла цябе нялёгкая! Я тут гарбею ўвесь вольны час, а ты ўсю маю сакрэтнасць перакрэсліў сваім доўгім носам.

— Ну чаго ты кіпяцішся? Ты што, ужо сябру не давяраеш? — крыху адступіў Сцяпан.

— Пры чым тут давер? — не здаецца Язэп.— Я і для цябе сюрпрыз рыхтаваў, а цяпер усё прапала. Во чорт!

Сцяпан заціснуў рот рукой:

— Ды не баіся ты! Замок на рот павешу, пад катаваннем слова не вымаўлю!.. А ўрэшце, што гэта за штукенцыя? Уся на дзірачках, нейкія правады... Машына часу, ці што?

Язэп махнуў рукой:

— Якая машына часу? Салют гэта! Салют у гонар... у гонар чаго пажадаеш.

Сцяпан усміхнуўся:

— У гонар свежыны быў такі салют, памятаю! А гэты, пэўна, у гонар рыбалкі будзе?

— Можна і ў гонар рыбалкі,— згаджаецца Язэп.— Але што такое рыбалка — дробязь. Бяры вышэй!

— Ну, не ведаю... здаюся,— разводзіць рукамі Сцяпан.

— А ты забыўся, дружа, што Купалле на носе! Купалле без салюта, як без цябе Данута! — прамаўляе вынаходнік і рагоча.

— Вось гэта здорава! — захапляецца Сцяпан.— Салют на Купалле! У цябе, Язэп, не галава, а дом урада! І куды ракета павінна ляцець?

Язэп сумна ўздыхае:

— Не ведаю, ці паляціць тут што. Баюся, каб не наблытаць чаго... Не хапае, брат, адукацыі,— горка ўсміхаецца,— дыплом не таго профілю.

— Можа б, Толіка прышпіліць сюды, ён жа ваенны афіцэр! — параіў Сцяпан.

Язэп рашуча адмовіўся:

— Давай усю вёску збярэм сюды! Ніякіх Толікаў! Сам датумкаю, не сумнявайся!

— Ды я ў тваіх здольнасцях не сумняваюся,— згадзіўся Сцяпан.

Язэп маркотна паглядзеў сябру ў вочы:

— А я вось сумняваюся... Я, шчыра кажучы, баюся, каб не атрымаўся пшык навідавоку ўсёй вёскі. Таму трэба правесці выпрабаванні, праверыць на практыцы, што да чаго. Спярша раблю на спробу, калі канструкцыя не падкачае, я хуценька зраблю такую самую да свята — вопыт ужо ёсць.

— А дзе выпрабаванні будзеш рабіць? Тут? — пацікавіўся Сцяпан.

— Што ты?! — запярэчыў Язэп.— Занясу гэта далей ад вёскі, да рэчкі, пакладу на плыток, запалю шнур і пушчу па вадзе, каб усё натуральна было. З берага буду назіраць — добра дык добра, а не, прыйдзецца дарабляць. А ўвогуле, я планую зрабіць вялікі плыт і ў час, калі вяскоўцы выйдуць на Купалле да ракі і пачнуць паліць кастры і вадзіць карагоды, з’явіцца перад імі на рацэ і задаць салют на ўсё неба. Ну як?!

— Як заўсёды, шыкоўна, з размахам! — захапляецца Сцяпан і пытаецца: — А на выпрабаванні возьмеш мяне? Вазьмі, маўчаць буду, як рыбіна!

— Дзе ад цябе дзецца? Вазьму няпрошанага сведку! — Язэп хітра прыжмурвае вочы, глядзіць на сябра.— Праўда, я чуў, што добры сведка — гэта мёртвы сведка...

Сцяпан сплюнуў:

— Кінь дурное!

 

* * *

Анатоль, Люба і Сцяпанка амаль кожны дзень наведваліся да бабы Ганны, якая замяніла Любе маці, выхавала яе. І сёння яны вялі нетаропкую гаворку.

Люба цікавілася ўсім:

— Што яшчэ, бабулечка, за мінулы час змянілася ў вёсцы?

— Што тут можа змяніцца, унучка? У нас тут ціша і спакой,— адказала Ганна.— Твая сяброўка Алена нарадзіла другую дачку...

— Мы гэта ўжо ведаем,— азваўся Анатоль.

Люба дадала:

— Ведаем і збіраемся схадзіць да іх, павіншаваць.

Баба Ганна працягвала:

— А мая сяброўка Зося пайшла з жыцця...

— Калі? — узрушылася Люба.— Ой, як шкада яе! Зямля ёй пухам...

— Хутка будзе год, як яе не стала,— расказвала Ганна.— Вось такія нашы навіны: адны нараджаюцца, другія паміраюць... Так ужо задумана Богам, і не нам штосьці мяняць.

— А дзед Аўдзей як? Адзін застаўся? — пацікавіўся Анатоль.

Ганна кіўнула галавой:

— Адзін. Мала радасці аднаму, па сабе ведаю. Жыла ты ў мяне, унучка, здавалася, не жыву, а на крылах лётаю. Цяпер — свет белы не мілы, у хату ногі не нясуць, начэй пачала баяцца, асабліва зімой, ноч вечнасцю падаецца...

Люба абняла бабу Ганну:

— Трымайся, бабулечка, мацуйся. Ехаць да нас жыць ты адмаўляешся.

— Дзякуй, залаценькія мае,— пяшчотна адказала старая,— але тут усе мае радасці і нягоды...

Люба штосьці пакумекала і загадкава паглядзела на Ганну:

— Паслухай, бабулечка, і не крыўдуй: а няхай бы дзед Аўдзей перайшоў жыць да цябе ці ты да яго...

— Што ты, дзіцятка, апамятайся! — страпянулася Ганна.— Замуж хочаш аддаць мяне на старасці гадоў! Людзі засмяюць.

— Чаму замуж! — не здавалася Люба.— Так многія робяць, мусяць так рабіць... Будзе з кім словам перакінуцца...

Анатоль горача падтрымаў жонку:

— Вады падасце адно аднаму, калі што!

Ганна ўпарта пакруціла галавой:

— З хаты сваёй я нікуды не пайду ды і ў сваю хату за фалды нікога цягнуць не буду.

 

* * *

Дзень выдаўся сонечны, цёплы, таму многія вяскоўцы выйшлі на вуліцу. Язэп і Сцяпан стаялі ля Язэпавай хаты і гаманілі. Сцяпан націснуў на актуальнае:

— Ты сваімі салютамі наклікаеш адны непрыемнасці. Як кажуць, зімой і летам адным цветам.

— Чым табе не даспадобы мае салюты? — здзівіўся Язэп.

— Яны-то прыгожыя,— працягваў Сцяпан,— але абавязкова зацягваюць то ў міліцыю, то, як казаў айцец Мікалай, у гушчары грахаводныя.

— Вунь, зірні! — крутнуўся Язэп.— Вунь айцец Мікалай габлюе! Лёгкі на ўспамін!

Падышоў айцец Мікалай, прывітаўся:

— Добрага здароўя і Боскай ласкі вам!

— І вам таго самага! — адказаў Сцяпан, а Язэп не ўтрымаўся, дадаў: — Таго самага і па тым самым месцы!

— Чуў я, дзядзька Сцяпан, што дзеці прыехалі,— звярнуўся святар да Сцяпана.

— Прыехалі, дзякуй Богу! — пацвердзіў Сцяпан.— І дзеці, і ўнучак Сцяпанка! Усе як ёсць!

— Хрысціць трэба ўнука, калі не хрышчоны. Хрысціць! — сказаў айцец Мікалай.

Сцяпан паціснуў плячыма:

— Я дык і не ведаю. Ды і не мая гэта справа, няхай маладыя разбіраюцца.

— Ды ён, айцец Мікалай, не верыць у забабоны, таму і сам не хрышчоны,— пацвяліўся Язэп.

— Няўжо вы, дзядзька Сцяпан, век дажываеце нехрысцем? — здзівіўся святар.

— Ды што ён плявузгае? Хрышчоны я! — паведаміў Сцяпан.

— Хрышчоны ён! — рагоча Язэп.— Бацька яго ў маленстве добра рэменем хрысціў, а бывала, і лейцамі.

— І рэменем, і лейцамі таксама,— згадзіўся Сцяпан.— А цябе, Язэп, самога жонка таўкачом па ілбе хрысціць штодня!

— Няхай Бог даруе вам вашы жарты! — І святар перахрысціў рукой у паветры балаболістых сяброў і пакрочыў далей, кідаючы на хаду: — А ўнучка ахрысціць усё ж трэба!

— Добра, добра! — згаджаецца Сцяпан і паварочваецца да сябра: — Хто цябе цягнуў за язык, што я нехрышчоны? Маці мяне хрысціла! У царкве!

— А калі б і не хрышчоны, бяда такая,— усміхнуўся Язэп.— Я як архірэй са стажам магу хрысціць цябе хоць кожны дзень.

— Хопіць жартаў! — змяніў тэму Сцяпан.— Лепш скажы, што мне рабіць на Купалле, куды ісці?

— Як і дамовіліся,— тлумачыць Язэп,— прыцемкам прыходзь да плыта, там я буду цябе чакаць.

— Буду як штык! — адказаў Сцяпан.

 

* * *

На беразе рэчкі, схаваўшыся ад людскіх вачэй, Язэп і Сцяпан корпаюцца над Язэпавай спарудай. Сцяпан ніяк не ўцяміць, што тут да чаго, таму ўвесь час лезе да сябра з пытаннямі:

— Я так і не зразумеў, які прынцып работы гэтай штуковіны.

— Будзем разумець разам,— з хваляваннем у голасе адказвае Язэп.— Пасля таго як дагарыць гэты шнур, з гэтых дзірачак пачнуць вылятаць змеі вогнегаловыя.

— Змеі?! — задзівіўся Сцяпан.

— Супакойся! — тлумачыць Язэп.— Тут звычайныя петарды. Трэску шмат, бляску шмат і поўная бяспека!

— А дзе ты такое ўзяў? — здзівіўся Сцяпан.— У нашай краме гэтага няма.

— Быў у горадзе, пацёрся між ларкоў, распытаўся і купіў,— нядбала адказвае Язэп.— Там, браток, на базары можна кулямёт купіць, былі б грошы.

— На чорта нам кулямёт! А вось гэтым на Купалле можна будзе казырнуць! — не перастае захапляцца Сцяпан.

— Уяўляеш,— распаляецца Язэп,— выплываю я на плыце, на якім гарыць касцёр, стаю, як той бог сонца! А потым з плыта шугаюць у неба мае змеі вогнегаловыя!

— Ты на плыце, а я? — пакрыўдзіўся Сцяпан.— А я дзе буду? Куркуль ты, Язэп, а не сябар!

— Супакойся! Будзеш і ты на плыце са мной! — лагодзіць Язэп.

Сцяпан адпускаецца і горача працягвае:

— А калі так, тады ў мяне ёсць задумка — пальчыкі абліжаш! Ну, пастаялі мы на плыце, ну, пальнулі салют — і ўсё. Падумаеш, адарвалі казе хвост. Трэба такое адмачыць, каб нас год помнілі, а магчыма, і ўсё жыццё!

Язэп спыніў сябра:

— Потым! Пасля твае задумкі! Давай з гэтым разбярэмся, можа, у нас нічога не атрымаецца, а мы цешым сябе думкай. Нясі гэта на плыток.

Сцяпан асцярожна паднімае тварэнне сябравых рук і кладзе на плыток:

— Падпальвай шнур, Цыялкоўскі!

Язэп дастае з кішэні запалкі і толькі збіраецца чыркнуць па карабку, як за спіной грыміць знаёмае:

— Рукі! Рукі ўгору абодва!

Збялелыя Язэп і Сцяпан уздымаюць рукі і бачаць, што побач з імі як з-пад зямлі з’явіўся ўчастковы інспектар. Ён грозна крычыць:

— Стаяць і не варушыцца! Вось вы і папаліся, нутро ваша браканьерскае! Я за вамі даўно сачу! Рыбкі захацелася?

— Якой рыбкі, таварыш лейтэнант? — апрытомнеў Язэп, а за ім Сцяпан: — Ды мы хацелі проста...

— Маўчаць! — раз’юшваўся ўчастковы.— Групавая змова — гэта вам не жарт! Ой, прыпаяю я вам на ўсю катушку!

Язэп памкнуўся да ўчастковага:

— Таварыш лейтэнант, прынцып работы гэтай штукі...

Участковы падхоплівае:

— А я ведаю. Падпальваеш гэты шнур і кідаеш гэту балванку ў ваду, потым толькі спраўляйся вычэрпваць рыбу. Вось і ўвесь прынцып работы. Гэта мне знаёма.

— Не, тут іначай! — нервуецца Язэп.— Рыбе гэта не страшна!

— Кажаш, рыбе не страшна! — чырванее ўчастковы.

— Яно-то, магчыма, рыбе і будзе крыху страшнавата, але балець зусім не будзе.

— Рыбе гэта спадабаецца! — уставіў сваё Сцяпан.

— Дурня з мяне робіце! — ускіпеў участковы.— У раёне разбярэмся, каму будзе страшна, каму весела. Вы арыштаваныя!

 

* * *

У кабінеце ўчастковага інспектара міліцыі, акрамя яго самога, прысутнічалі «арыштаваныя» Язэп і Сцяпан, а таксама панятыя, Бублевіч і Бабіч. Участковы сядзеў за сталом і задаваў пытанні:

— Ну, панятыя, што там ляжыць на дварэ?

— Там самаробная бомба для глушэння рыбы,— засведчыў Бублевіч.

Участковы, задаволены, пачаў пісаць:

— Добра, так і запішам.

Бабіч карцінна заломваў рукі і як не галасіў:

— Бедненькая рыбка... бедненькая рыбка...

Участковы звярнуўся да яго:

— А ты, Бабіч, што бачыў на дварэ?

Бабіч схамянуўся:

— Бомбу!.. Ой, бедненькая рыбка...

Участковы грозна ўдакладніў:

— Дык бомба там ці рыбка?

— Бомба там! Страшэнная бомба! — адрапартаваў Бабіч.

Участковы задаволіўся:

— І гэта запішам.

— Якая бомба? — ускочыў Язэп.— Там звычайная...

Участковы перапыніў Язэпа:

— Добра! Так і запішам з вашых слоў: там звычайная бомба... Чулі, панятыя? Браканьер сазнаўся, што там звычайная бомба.

Панятыя загаманілі:

— Чулі! Чулі! Сведчым!

— Ды вы што? — не сцярпеў Сцяпан.— Выслухайце спачатку, не затыкайце рот! Мы не прызнаем такога суда!

— Ага! Ты сказаў «суда». Правільна сказаў! — згаджаецца гаспадар кабінета.— Вось на судзе вас абодвух выслухаюць. Дадуць апошняе слова і выслухаюць, а тут прашу слухаць толькі мяне! Так, зачытваю пратакол...

Нечакана адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўляецца начальнік міліцыі, пільна акідвае поглядам прысутных.

Участковы ўскоквае і дакладвае:

— Таварыш маёр, я, рызыкуючы быць разарваным на шматкі, абясшкодзіў самаробную бомбу і затрымаў двух злосных браканьераў! Вось яны!

Бабіч зноў загаласіў:

— Бедненькая рыбка...

— Няўжо бомба? — здзівіўся начальнік міліцыі.

— Так, бомба! — пацвердзіў участковы.

— Дзе яна? — пацікавіўся начальнік.

Участковы з гонарам далажыў:

— На ўнутраным двары яна, таварыш маёр. Яе пакуль ахоўвае міліцыянер, а сапёраў я выклікаў па тэлефоне.

Бабіч жаласліва заскавытаў:

— Ой, бедненькая рыбка...

Начальнік міліцыі кісла паглядзеў на панятога:

— Які жаласлівы! Калі не памыляюся, у цябе ёсць маторная лодка, ад якой за вярсту тхне бедненькай рыбкай. Дойдзем і да цябе! — І загадаў участковаму: — Вядзі да бомбы!

Усе выйшлі на ўнутраны двор, дзе на стале ляжала Язэпава ўстройства. Начальнік загадаў усім стаяць на месцы, а сам падышоў да стала, уважліва агледзеў устройства, пакратаў правадкі і спытаўся ў Язэпа:

— А вас я недзе бачыў раней? Так?

— Так, таварыш начальнік! — пасвятлеў тварам Язэп.— Я быў тут зімой з свіннёй. З свойскай, а яе тады ўчастковы хацеў ператварыць у дзікую, а мяне ў браканьера. Дзякуй вам, вы тады ўратавалі мяне!

— Памятаю, памятаю...— згадзіўся начальнік і зноў пацікавіўся: — А гэта, як яе называюць, бомба па сваёй сутнасці падобна да тых свінячых прыгодаў? Дзіцячая забава? Я не памыляюся?

Язэп яшчэ больш прасвятлеў ад такой увагі да сябе і свайго тварэння:

— Так, таварыш начальнік! Прынцып яе работы...

— Не трэба! — перапыніў Язэпа маёр.— Вось зараз участковы, рызыкуючы быць разарваным на шматкі, прадэманструе нам прынцып яе работы.

— Я?! Чаму я? — спужаўся ўчастковы.

— Менавіта ты! — не адступаў начальнік.— Калі не здольны вучыцца на чужых памылках, вучыся на сваіх. Падыдзі і запалі шнур!

— Таварыш маёр...— узмаліўся лейтэнант.

— Я загадваю! — строга павысіў голас начальнік міліцыі.

Участковы баязліва падышоў да стала і дрыготкай рукой запаліў шнур, уціснуўшы галаву ў плечы. Праз хвіліну з Язэпавай «штуковіны» пачалі вылятаць угару рознакаляровыя петарды. Участковы пасмялеў, пачаў усміхацца, а калі петарды скончыліся і ўсё сціхла, засмяяўся:

— Ого, якая прыгажосць! А я думаў... А тут такое...

Язэп з жалем пацмокаў языком:

— Эх, шкада! Галоўная, з сажай, не спрацавала!

— Якой сажай? — здзівіўся начальнік.

— Звычайнай сажай, з коміна,— тлумачыў вынаходнік.— Я адну трубку напхаў спецыяльна для свайго сябра, каб не сунуў носа, куды не просяць...

Раптам ля стала пачуўся моцны грук. Усе павярнулі туды галовы і ўбачылі ўчастковага, які стаяў чорны, як негр, і толькі лыпаў вачыма.

— Спрацавала! Спазнілася, але спрацавала! — радасна ўсклікнуў Язэп.

 

* * *

У Сцяпанаву хату бурай уляцела Хаўрося і з парога залямантавала:

— Людзі добрыя, чулі ці не? Бяда!

— Што здарылася? Пажар, ці што? — спужалася Данута.

Хаўрося абяссілена апусцілася на лаву і заплакала:

— Язэпа і Сцяпана арыштавалі! Цяпер, мусіць, надоўга...

— За што? Калі? — дапытвалася Данута.

Анатоль таксама занепакоіўся:

— А дзе яны цяпер?

Маленькі Сцяпанка кінуўся ў слёзы.

Люба ўзяла яго на рукі, пачала супакойваць, папыталася:

— Калі паспелі арыштаваць? Тата раніцай быў дома.

— Сёння арыштавалі,— удакладніла Хаўрося,— павезлі ў раён. Участковы сваё слова стрымаў — давядзе справу да суда.

— Ды ў чым яны вінаватыя? — не сунімалася Данута.— Як гэта можна хапаць людзей сярод белага дня? За што?

— Былі б людзі — знойдуць за што! — выдыхнула Хаўрося.

— Я зразумеў так, што ўчастковы пагражаў дзядзьку Язэпу судом, а тата пры чым? — разважаў Анатоль.

— А пры тым, што куды галава, туды і хвост! — патлумачыла Хаўрося і горача дадала: — Бомбу яны нейкую падарваць хацелі! Што, мала гэтага, каб пайсці пад суд?

— Адкуль тут тая бомба? — здзівілася Данута.

— Можа, адкапалі якую з часоў вайны,— пачаў гадаць Анатоль,— але ж гэта не злачынства.

— Самі яны зрабілі бомбу! Самі! — дакладала Хаўрося.— На свае вочы бачыла, як употай за хлявом штосьці майстравалі!

— Каб яму рукі адсохлі! — ускіпела Данута.— Плот паваліўся, страху на хляве перакрыць трэба, а ён бомбы майструе!

— Што б там ні было,— прапанавала Хаўрося,— а трэба ехаць у раён, вызваляць іх.

Толік падышоў да маці:

— Я паеду тату з дзядзькам Язэпам вызваляць! Я чалавек вайсковы!

— Сядзі дома! — рашуча спыніла сына Данута.— У такой справе дзве бабы лепш за любое войска! Мы там цацкацца не будзем!

— А як вы да раёна даберацеся? — пацікавілася Люба.— Гэта ж не блізка.

Данута махнула рукой:

— Машын на шашы, як у сабакі блох! Будзем галасаваць!

Хаўрося ўстала з лавы і накіравалася да дзвярэй:

— Ты, Данута, тут збірайся, а я таксама скокну дахаты ды перадачу збяру: яек, сала, грошай вазьму...

— Навошта ім у турме грошы? — запярэчыла Данута.— Есці яны іх будуць, ці што? Сухароў болей бяры!

Неўзабаве дзве жанчыны кацілі ў спадарожнай машыне да раённага цэнтра вызваляць сваіх мужоў.

А прыкладна ў гэты час Язэп і Сцяпан развітваліся з начальнікам міліцыі — ён далікатна вывеў іх з райаддзела і паціскаў рукі:

— Ну, дык бывайце, шаноўныя, і прабачце за недарэчнасць. Перастараўся ўчастковы...

— Нічога, з кім не бывае,— па-філасофску адказаў Сцяпан.

— Я дык пачынаю прывыкаць! — бадзёрыўся Язэп.— Другі ўжо раз тут! Дзякуй вам, таварыш начальнік, і сёння вы нас уратавалі!

— Такая мая праца — ратаваць людзей,— усміхнуўся маёр.

— А скажыце, калі ласка,— пацікавіўся Сцяпан,— у які бок будзе аўтобусная станцыя?

— Вунь за тым паваротам убачыце! — паказаў дарогу маёр, а потым паглядзеў на гадзіннік.— А-а, дык вы спазніліся, аўтобуса ў ваш бок сёння болей не будзе.

— Нічога! — бадзёра адказаў Язэп.— Неяк дабяромся! Самае страшнае засталося ззаду. Бывайце, таварыш начальнік!

Сябры жвава пакрочылі да шашы, каб паспытаць шчасця там.

Начальнік момант падумаў і схамянуўся:

— Пачакайце! Сёння мне машына не будзе патрэбна, а калі што, пакарыстаюся дзяжурнай. Таму — кампенсуем недарэчнасць! Васіль, хадзі сюды!

З «Волгі», якая стаяла побач, вылез шафёр і падбег да начальніка:

— Слухаю вас!

— Вось што, Васіль, гэтых двух шаноўных грамадзян чынна і прыстойна дастаў дамоў.

— Ёсць даставіць дамоў! — адказаў шафёр і адчыніў дзверцы машыны.

— Да самага ганка! — удакладніў загад начальнік міліцыі.

«Волга» акруцілася па вуліцах райцэнтра і весела пакаціла па шашы.

Сцяпан разваліўся на сядзенні і голасна выказваў сваю радасць:

— Во дажыліся! Век у «Волзе» не даводзілася катацца, а тут як той міністр! Скажы каму — не паверыць! Шык, ды і толькі!

Язэп схіляў сітуацыю ў свой бок:

— Пакланіся ў ножкі мне! Гэта я цябе ў міністры вывеў, лапатнік!

— Сам ты лапатнік! — не здаваўся Сцяпан.— Я цябе нават у ад’ютанты не вазьму.

Абодва весела зарагаталі, а з імі і шафёр.

 

* * *

Дзень хіліўся да скону, калі ўзрушаныя Данута і Хаўрося адчынілі дзверы раённага аддзела міліцыі і з клункамі шумна ўварваліся ў яго. Яны адпіхвалі адна адну, праціскаючыся да акенца, за якім сядзеў лейтэнант з павязкай на руцэ. Тутсама, у дзяжурнай часці, за пультам знаходзіўся яшчэ адзін супрацоўнік, але ў цывільным адзенні. Расчырванелыя і ўсхваляваныя жанчыны ўзнялі такі лямант, што немагчыма было зразумець, дзе чыё пытанне, і толькі чулася:

— Таварыш міліцыянер, дзе мой муж?

— А мой муж дзе, таварыш начальнік?

— Схапілі невінаватага сярод белага дня і ў каталажку!

— Не рабіце дзяцей сіротамі! Унук прыехаў, я сама хворая, плот паваліўся, хлеў цячэ!..

Дзяжурны заткнуў вушы і сам крыкнуў:

— Ціха! Спыніце лямант! Што здарылася? Гаварыце па чарзе!

Хаўрося патлумачыла першая:

— Мужа арыштавалі і пасадзілі ў каталажку. Вось што!

Данута праціснулася да акенца і выклала сваю скаргу:

— І майго! А я жанчына слабая, кволая, мне адной не выжыць. У мяне гасцей поўная хата. Аддайце мне мужа!

— Супакойцеся,— запрасіў дзяжурны.— Зараз разбяромся. Я толькі заступіў на дзяжурства, і пры мне нікога не затрымлівалі. Як прозвішчы вашых мужоў?

— Майго — Шыцік. Шыцік Язэп.

— А імя па бацьку як? — удакладніў лейтэнант.

— Як па бацьку? — перапытала Хаўрося.— Ды ў іхняй радні ўсе мужчыны былі Язэпамі аж да дзесятага калена.

— Не трэба мне ваша калена! — раззлаваўся міліцыянер.— Мне неабходна ведаць яго імя па бацьку! Што незразумела?

— Я ж і кажу, што ён Язэпавіч. Язэп Язэпавіч Шыцік.

Дзяжурны ўважліва прагледзеў нейкі журнал і звярнуўся да Дануты:

— Назавіце свайго мужа. І, калі магчыма, без калена.

— Ён у мяне Пінчук Сцяпан Хвядосавіч,— напружана адказала яна.

Дзяжурны зноў прагледзеў журнал і сказаў жанчынам:

— Такіх у нас няма. Адкуль вы ўзялі, што яны ў нас? Вось, пуста ў журнале!

Данута нервова ўсклікнула:

— Мы ж вам кажам, што ў каталажцы яны, а не ў журнале!

Тут ужо праявіў нервовасць і дзяжурны:

— Няма ў нас ні каталажак, ні вашых мужоў! Вы свабодныя!

Хаўрося пусціла ў ход ласкавасць голасу:

— Паслухайце, мой Язэп у вас не першы раз. Яго забіралі ў міліцыю і раней. Вы павінны яго ведаць.

— А-ах, дык ён рэцыдывіст?! — насцярожыўся дзяжурны.

— Як вы сказалі, хто ён? — не разумела Хаўрося.

— Я пытаюся, ваш муж рэцыдывіст? Так? — паўтарыў дзяжурны.

Хаўрося паціснула плячыма, паглядзела разгублена на сяброўку:

— Не ведаю, пра што вы, але ўчастковы пагражаў яму, што аддасць пад суд.

— Вось яно што! — з палёгкай уздыхнуў лейтэнант.— Пад суд? Дык вы, грамадзяначкі, памыліліся адрасам. Суд у нас праз вуліцу. Там і сапраўды сёння нейкіх злачынцаў судзілі...

— Дзякуй вам! — узрадавалася Данута.— Нарэшце мы напалі на іх след!

Дзяжурны астудзіў яе пачуцці:

— Але ўжо позна. Працоўны дзень даўно скончыўся, і там, акрамя вахцёра, нікога няма. А па-другое, злачынцаў пасля суда адпраўляюць па этапе: чух-чух-чух-чух...

Збянтэжаныя жанчыны развіталіся з дзяжурным і выйшлі на вуліцу.

Хаўрося цяжка ўздыхнула:

— Спазніліся мы... З-пад самага носа выслізнулі яны...

— Дзе за імі ўгонішся? — сумна адгукнулася Данута.— Сама чула: чух-чух-чух-чух... І што цяпер рабіць? Куды кінуцца?..

Хаўрося ўзяла сябе ў рукі:

— Застаецца апошні шанец: спытацца ў вахцёра. Можа, яны яшчэ там.

Жанчыны з клункамі праз плячо перайшлі вуліцу, прачыталі шыльду на будынку раённага суда і баязліва адчынілі дзверы.

У вестыбюлі за агароджаным сталом важна сядзеў даволі сталы мужчына ў акулярах і чытаў газету. Ён здзіўлена папытаўся:

— Вы куды, грамадзянкі?

— Нам бы ў суд... Мужоў вызваліць...— пралепятала Хаўрося.

Данута таксама паспрабавала тлумачыць, але слова «суд» скавала язык:

— Разумееце, нашых мужоў арыштавалі, іх прозвішчы Пінчук і Шыцік... Можа, чулі?

Вахцёр убачыў дзвюх баязлівых жанчын і відавочна заважнічаў:

— Мне вашы прозвішчы нічога не гавораць. Праз нашы рукі тут шмат злачынцаў праходзіць.

Данута і Хаўрося ў адзін голас запярэчылі:

— Яны не злачынцы! Яны нашы мужы!

Вахцёр адтапырыў губу:

— Калі справа даходзіць да суда, і мужы робяцца злачынцамі. А што вас канкрэтна цікавіць?

— Дзе яны? Колькі ім прысудзілі і куды адправілі? — спыталася Хаўрося дрыготкім голасам.

Данута падала вахцёру клунак:

— Вось, хоць перадачу ім даць на дарогу...

— Перадача! — ажывіўся вахцёр.

— Так, тут сальца, яйкі, смятанка...— лагодзіла Данута.

Вахцёр пачухаў ля вуха, зноў напусціў на сябе важнасць:

— Я, канешне, не гарантую, але перадачу пакіньце...

Хаўрося радасна аддала і сваю перадачу вахцёру і ўжо смялей спыталася:

— А колькі ім далі?

Данута з надзеяй уздыхнула:

— Хоць бы не болей як пятнаццаць сутак...

— Сёння судзілі нейкіх двух,— падзяліўся навіной вахцёр,— але не ведаю, вашы гэта былі ці не...

— Нашы! Нашы! Сёння былі нашы! І колькі ім далі? — кінуліся жанчыны да вахцёрскага стала.

— Дык вось,— працягваў ён,— чуў я краем вуха, што прыпаялі ім па дзесяць гадоў кожнаму...

Хаўрося закаціла пад лоб вочы і, каб не паваліцца, прыхілілася да сцяны. Яе вусны нарадзілі працяглы стогн:

— Мамачка родная, дзесяць гадоў... Я не дажыву, я састарэю...

Данута таксама завыла, абняла сяброўку і горка заплакала:

— А я ж жанчына кволая... а плот паваліўся...

Хаўрося першая зноў узяла сябе ў рукі:

— А пабачыць іх нельга? Хоць бы развітацца...

Вахцёр скрывіў твар:

— Ды яны ўжо, пэўна, па этапу: чух-чух-чух-чух...

— Абрыдлі вы са сваім чух-чух! — злосна агрызнулася Данута.— А як жа іх дагоніць перадача?

— Можаце забраць свае перадачы,— нехаця выціснуў вахцёр.

— Пакіньце сабе, згадзіцца! — паказала характар Хаўрося.— Прапала кароўка — прападай і вяроўка! Пайшлі, Данута! Жонкі дзекабрыстаў паехалі за сваімі мужамі на край свету, а мы што, горшыя?

— Трэба ж заехаць дамоў, сабрацца,— згадзілася Данута.

Ужо даўно сцямнела, калі дзве знямоглыя жанчыны дабраліся да сваёй вёскі.

Данута стомлена папрасіла сяброўку:

— Хаўроська, можа, зойдзеш да нас на хвілінку? Баюся адна парог пераступаць ды страшную вестку несці ў хату. Самлеюць усе, калі даведаюцца.

— Ды пэўна ж зайду,— усхліпнула Хаўрося,— мяне цяпер дома ніхто не чакае... І доўга не будзе чакаць...

Пераступіўшы парог сваёй хаты, Данута ледзь не самлела, убачыўшы свайго мужа Сцяпана, які спакойна сядзеў за сталом і гуляў з сынам у шашкі. Данута кінулася да яго, абхапіла за шыю:

— Сцяпанка! Родны! Ты ўцёк ад канвою?

Хаўрося раскрыла рот і акамянела ля дзвярэй.

Сцяпан выслабаніўся ад абдымкаў жонкі і здзіўлена спытаўся:

— Ад якога канвою? Дзе ты блындаешся да ночы?

Ад парога пачулася Хаўросіна пытанне:

— А дзе мой Язэп? Ты адзін уцёк ці з ім?

— Што вы верзяце? — пачаў злавацца Сцяпан.— Які канвой? Ад каго я ўцякаў? Я даўно дома! Вы папёрліся шукаць нас, а мы — дамоў.

Анатоль з гонарам удакладніў бацькаву інфармацыю:

— Тату на «Волзе» да самага ганка прывезлі.

— Як вялікага начальніка! — дадала Люба.

— А Язэпа куды дзелі? — насцярожылася Хаўрося.

Сцяпан супакоіў суседку:

— І твайго Язэпа на «Волзе», таксама, як пана, да вашага ганка даставілі. Даўно ён цябе дома чакае...

— Дык вас не судзілі? — разгубілася Данута.

— За што? Не судзілі, а ў «Волгу» пасадзілі. І сам начальнік міліцыі ціснуў нам руку і перапрошваў. Цяпер участковы за вярсту нас абыдзе! — выклаў усё, як на блюдзе, Сцяпан.

Данута з горыччу плюнула:

— А мы ж, дурныя, у раёне ўсе парогі абабілі, слёзы перад кожным на кулак намотвалі, а яны на «Волзе» раз’язджаюць.

— У Сібір за вамі збіраліся ехаць! — дадала Хаўрося.

Сцяпан зрабіў чарговы ход шашкай і засмяяўся:

— Вы без прыгод не можаце. Во чортавы бабы!

 

* * *

Адпачынак працягваўся, часу вольнага хапала, таму Люба калі-нікалі дазваляла сабе штосьці прыемнае. Вось і сёння яна ўзяла за руку Сцяпанку і нетаропка пайшла па вуліцы вёскі, у якой прайшло яе дзявочае жыццё. Гады маладосці дораць прыемныя ўспаміны, у іх абдымках і ішла маладая кабета.

Сустрэчная жанчына распеўна загаманіла:

— Хто гэта так спраўна перабірае сваімі ножкамі! Які прыгажун!

— Вітаю вас, цётка Наста! — прывіталася Люба.— Вось такі мой Сцяпанка асілак!

— Будзьце здаровенькія, мае харошыя! — працягвала жанчына.— І вас я вітаю! Цябе, Люба, не пазнаць, пасталела, памажнела. Колькі ж будзе сынку?

— Тры гадкі Сцяпанку! Расцем! — з задавальненнем адказала Люба.

Павойкаўшы і пацікавіўшыся, як адпачываецца, жанчына пайшла па сваіх справах, і Люба паціху пакрочыла далей. Хутка ўбачыла ля плота старога чалавека і павіталася:

— Добрага здароўя, дзед Аўдзей! Ці пазналі?

— І вам, мае залатыя, здароўя! І вам! Але не пазнаю, з кім вітаюся.

— Люба я! Люба, унучка бабы Ганны. Вы на маім вяселлі гулялі. А гэта мой сынок Сцяпанка.

— А-а, Люба... Ведаю, памятаю. Чаму ж не? Крыху недабачу, вось і пытаюся. Заходзьце ў хату, калі ласка, хоць там і пустэча, і сумота. Але хата мая заўсёды любіла людзей,— загаманіў дзед Аўдзей.

— Дзякуй вам, дзед Аўдзей, другім разам зойдзем. Сёння захацелася прайсціся па вёсцы, успомніць...

— А я вось толькі з успамінамі і застаўся,— сумна зазначыў стары.— Нікога, акрамя іх, у мяне няма...

Люба штосьці пакумекала і сказала:

— Ой, я ж ледзь не забылася! Вас, дзед Аўдзей, прасіла прыйсці мая бабуля Ганна. Штосьці яна вам хоча сказаць ці ад вас пачуць... Ці дапамагчы ёй штосьці трэба... Я не зразумела. Ну, мы пойдзем далей. Бывайце!

Люба пайшла далей і за спіной пачула:

— Чаму ж не схадзіць...

Праз хвіліну Люба сустрэла Сцяпана і Язэпа, якія выходзілі з Язэпавай хаты.

— Глянь, Язэп,— усклікнуў Сцяпан,— унучак мяне шукае! — Узяў Сцяпанку на рукі.— Куды, мой родненькі, накіраваўся?

Адказала Люба:

— Ды нікуды, тата. Проста гуляем і цешымся роднымі мясцінамі.

— Малайцы! Маладзец, унучак! — і Сцяпан пацалаваў унука.

— А чаго гэта дзед Аўдзей паклыпаў да Ганны? — здзівіўся Язэп.— Інтрыга!

— Усё вы заўважаеце! — адгукнулася Люба.— Не звяртайце ўвагі, можа, у іх каханне.

Язэп штурхнуў сябра:

— Каханне, Сцёпа, па нашай часці! Абвянчаем рабоў Божых Аўдзея і Ганну за мілую душу!

— І кеўкнуць не паспеюць! — зарагатаў Сцяпан.

 

* * *

Аднаго разу, калі Язэп толькі пачаў збірацца на рыбалку, да яго прычапілася Хаўрося:

— Ускапай ты мне ля плота дзірванок, трэба змяніць месца пад зімовы часнок, бо перастае радзіць.

— Дык яшчэ ж да восені далёка! — адбіўся Язэп.— Паспею ўскапаць.

Хаўрося насядала:

— Паспець паспееш, але ж зямля павінна перапрэць, угнаіцца. Таму кідай свае ражны і марш на гарод!

Язэп нехаця адклаў вуды, узяў рыдлёўку, падышоў да плота ля самай дарогі і пачаў капаць. Капалася марудна, бо рыдлёўка раз-пораз натыкалася на камяні.

— Надумала рабіць севазварот на гэтай камяніцы. Курыныя мазгі! — барматаў пад нос Язэп.— Вось зноў прывітанне ад ледніковага перыяду!

Ён замахнуўся рыдлёўкай, каб штурхануць пад бок чарговы камень, і раптам застыў, акамянеў, не горш як той камень:

— Што за чорт? Няўжо? Быць такога не можа! — і Язэп нахіліўся ніжэй, потым зусім укленчыў.— Гэтага толькі не хапала! Адкуль такая скула пад бокам?

Нечакана пачуўся голас з дарогі:

— Каму гэта ты там молішся, стоячы на каленях?

Язэп так захапіўся сваёй знаходкай, што не заўважыў, як ля яго спыніўся ўчастковы на матацыкле.

— Дык што там за дзіва такое, Язэп? — паўтарыў пытанне ўчастковы.

Язэп, не разгінаючыся, адказаў:

— Таварыш начальнік, тут снарад... Ды, здаецца, не адзін — цэлы арсенал! Вось!

— Хопіць з мяне дурня рабіць! — злосна агрызнуўся ўчастковы.— Ты мне сваімі снарадамі ды салютамі ўсю біяграфію сапсаваў. Бывай!

Язэп перахрысціўся:

— Бажуся! Клянуся! Зірніце самі!

— Не-е! — катэгарычна адказаў участковы.— Я тваіх баек наеўся, ажно пад лыжачкай верне. Бывай! — і пакаціў далей.

— Вось і кажы людзям праўду! — абурыўся, стоячы на каленях, Язэп.— Што ж рабіць? Нешта ж трэба рабіць! — нагнуўся да самай зямлі і ўзяў на рукі снарад. Устаў з ім і працягваў мармытаць: — Нешта ж трэба рабіць, Язэп!

Раптоўна здрыгануўся:

— Вой! Ёлкі-палкі! Святыя ўгоднікі, што ж я з гарачкі зрабіў? Навошта я схапіў гэту заразу?.. Спакойна, Язэп, спакойна! Не дыхай, Язэп, не дрыгайся!..

Тут з хаты выйшла Хаўрося і закрычала:

— Што ты стаіш, як слуп, і не капаеш? І чаго прыязджаў той пагоннік?

— Ціха! Не крычы! — упаўголасу адказаў Язэп.

Хаўрося падышла бліжэй.

— Што ціха? Чаму ціха, ліха тваёй матары?

Язэп паказаў вачыма на снарад:

— Ціха! Не стрывож яго! Не спужай!

— А што гэта? — здзівілася яна.— Навошта ты трымаеш гэту гадасць? Кінь яе!

Язэп скрывіў рот:

— Калі я гэта кіну, цябе так падкіне, што нагамі ў неба ўпрэшся. Гэта снарад, курыныя твае мазгі!

— Снараад? — спужалася Хаўрося.— Адкуль ён? Збіраеш усякае паскудства. Кінь яго, і бяжым адсюль!

— Стаяць! — рашуча закамандаваў Язэп.— Трэба людзей клікаць на падмогу, Сцяпана, Анатоля!

Хаўрося памкнулася з месца:

— Я пабегла!

— Куды?! — зноў спыніў яе муж.— Марш на дарогу і перапыняй усіх машынных і пешых, а я ціхенька падамся да Сцяпана.

— З гэтым пойдзеш? — жахнулася Хаўрося.

— З гэтым, з чым жа? Назад яго класці рызыкоўна, бо там яшчэ ляжаць гэткія ж галубцы — крый Бог, яшчэ бабахнуць! — і Язэп паволі, са снарадам на руках, як з дзіцем, падаўся праз дарогу да сябравай хаты. Стаў насупраць вокнаў і штосілы закрычаў: — Сцяпа-ан! Анато-оль! Сюды-ы хутчэй!

Рыпнулі дзверы, і выйшаў Сцяпан:

— Што ты за ляльку на руках калышаш?

— Снарад гэта! — запаліўся Язэп.— Баявы! Сапраўдны снарад!

— Кінь дурное! — усміхнуўся сябар.— Зноў браканьераў будзем пужаць ці каго?

— Табе кажу, гэта сапраўдны снарад! — кіпяціўся Язэп.— Вунь, у мяне на мяжы пад плотам іх цэлы склад! А вунь і Хаўрося стаіць на варце.

— Страху-то ў тваіх вачах шмат,— разважаў Сцяпан,— можа, ты і праўду гаворыш на гэты раз.

— Паняньчыў бы ты такое на руках, адчуў бы страх не толькі ў вачах. Кліч Анатоля, балаболка!

Сцяпан паслухмяна напяў голас:

— Толік, сынок, хадзі сюды! Хуценька!

Выйшаў Анатоль з Данутай, папытаўся:

— Што, тата?

Сцяпан паказаў на Язэпаву «ляльку»:

— Вось што, рэбус нейкі прынёс сюды!

— Ого! — насцярожыўся Анатоль.— Дзядзька Язэп, гэта ж баявы снарад, ды іржавы, відаць, з часоў вайны! Ён жа можа рвануць ад найменшага штуршка.

— Таму і не дыхаю, нават міргаць баюся,— выдыхнуў Язэп.

— А дзе вы яго ўзялі?..

Сцяпан перарваў сынавы пытанні:

— Звані, сынок, хуценька 01 — у службу выратавання, скажы, што цэлы склад такіх знайшлі,— там разбяруцца, што да чаго!

Анатоль кінуўся ў хату да тэлефона, а Сцяпан здзіўленымі вачамі паглядзеў на свайго сябра:

— А ты, Язэп,— выліты Матросаў — грудзьмі на амбразуру!

— Мне не да жартаў! — цяжка выдыхнуў Язэп.— Рукі млеюць ды і калені дрыжаць. Пайду я, браток, ад цябе далей ды і ад вёскі таксама — беражонага Бог беражэ. Вы лепш падсабіце Хаўросе.

Сцяпан і Данута накіраваліся на дарогу да суседкі, а Язэп ціхенька падаўся на поле, далей ад хат.

Сцяпан закрычаў яму ўслед:

— Ды табе героя мала даць! Скінемся і паставім табе помнік пры жыцці! З бронзы! А калі хопіць грошай — з золата!

 

* * *

Не доўга давялося чакаць сапёраў. Перш аслабанілі ад «лялькі» бедалагу Язэпа, які з апошніх сіл трымаў небяспечны цяжар. Пасля вывелі ўсіх вяскоўцаў на бяспечную адлегласць і толькі тады асцярожна падаставалі з зямлі ўсе снарады, паклалі іх на пясок у кузаве машыны і паціху павезлі на палігон, каб знішчыць смяртэльна небяспечны груз. Колькі было ўсякіх перасудаў! Вёска гула! Язэпу не давалі ні праходу, ні прадыху — што і казаць, герой! Сцяпан толькі і шукаў з ім сустрэчы, а сустрэне і пад’ялдыкне:

— Здароў, падрыўнік і граза браканьераў!

Язэп рэагаваў спакойна:

— Падрыўнік не падрыўнік, а стаяла вёска на парахавой бочцы. Бачыў, колькі выцягнулі з зямлі гэтага жалеззя?

— Не толькі бачыў, а і чуў — выбух з палігона па ўсім раёне пракаціўся.— Сцяпан дастаў з кішэні газету.— Вось і раёнка твой партрэт на першай старонцы надрукавала. Цяпер цябе на «вы» трэба называць!

— А золата на помнік сабраў? — засмяяўся Язэп.

* * *

Неяк вечарам Сцяпан стаяў ля свайго дома і ўбачыў, як са сваёй хаты таксама выйшаў пакурыць Язэп. І хоць сяброў падзяляла толькі вуліца, Сцяпан фанабэрыста дастаў з кішэні мабільны тэлефон, якім дужа ганарыўся. Набраў нейкі нумар і прыклаў тэлефон да вуха:

— Алё, Язэп! Алё-ё!

Язэп здзіўлена паглядзеў праз вуліцу на сябра:

— Ну, чаго табе?

— Ты што, сігналу не атрымаў? Гавары ў свой мабільнік!

Язэп дастаў з кішэні тэлефон і прыклаў да вуха:

— Ну, атрымаў сігнал, і што з таго? Я цябе і без мабільніка чую.

Сцяпан гарачыўся:

— Цемра! Гэта ж цывілізацыя! Урбанізацыя!

— Што табе трэба, Ахапкін?

Сцяпан прапанаваў:

— Паехалі заўтра на рыбалку. Клёў будзе — во!

— Заўтра не магу,— адмовіўся Язэп,— касіць трэба. А што табе так прыспела?

— Хачу сваіх гасцей рыбкай пачаставаць! — патлумачыў Сцяпан.

— А я навошта табе? Для нажыўкі? — засмяяўся Язэп.

Сцяпан загадкава працягваў:

— Падсабіў бы... Ёсць задумка — шык! Пальчыкі абліжаш!

Язэп паказаў вачыма на сваю хату:

— Упросіш маю выдру — паеду! Але наўрад ты яе ўламаеш: гэта звярына непрыручаная.

— Дасць Бог, уламаю! Ідзі дамоў і чакай — праз хвіліну я стукну ў дзверы...

І сапраўды, праз хуткі час Сцяпан пераступіў парог Язэпавай хаты:

— Спакой і згода закаханым птахам!

Язэп карцінна ўзрадаваўся:

— А-а, прывітанне, дружа! Даўно не бачыліся!

— Хаўроська... тут такая далікатная справа...— пачаў Сцяпан лісой.

Хаўрося рашуча перапыніла яго хітрыкі:

— Не пушчу!

Сцяпан разгубіўся:

— Куды?.. Каго? Ды ты што?.. Я проста так... па-суседску...

Язэп заступіўся за сябра:

— Не перабівай ты чалавека! Ён не паспеў рот адкрыць, а ты...

Хаўрося ўперылася вачыма ў мужа:

— Выдра сказала не, значыцца, не! І кропка!

Язэп пачаў заікацца:

— Якая выдра? Адкуль выдра?

— Ды ты — сама ласкавасць! Хоць да раны прыкладай! — падпяваў сябру Сцяпан.

Хаўрося дэманстратыўна склала рукі на грудзях:

— Гляньце, людзі! Толькі што была зверам непрыручаным і раптам ператварылася ў ласкавасць! Во цудзікі гарохавыя!

Язэп яшчэ больш пачаў заікацца:

— Адкуль ты?.. А як ты?.. Дзіва!

Хаўрося насмешліва кіўнула галавой:

— Эх вы! Не толькі я, уся вёска чула, пэўна, як вы гарлапанілі!

Язэп дакорліва паглядзеў на сябра:

— Вось табе і урбанізацыя, і каналізацыя, Ахапкін!

Сцяпан прыкінуўся лісой:

— Хаўросечка, у мяне поўная хата гасцей, сама ведаеш... Унучак прыехаў. Трэба іх рыбкай пачаставаць. Ты ж у нас золатца! Ты ж адходлівая!

— Не падлізвайся! — памякчэла яна.— А касіць калі?

— За дзень трава не пераспее, а яшчэ сакаўнейшай зробіцца! — схамянуўся Язэп.

Хаўрося пагрозліва зірнула на мужа:

— А табе выдра бокам вылезе!

— Маўчу! Маўчу, ластаўка мая! — абняў жонку Язэп.

Хаўрося строга зірнула на Сцяпана:

— Даю згоду толькі дзеля тваіх гасцей. Але не ўліпніце нікуды, як зімой са свіннёю!

Сцяпан перахрысціўся:

— Ды перцу таму на язык...

— Ну, ну! Асцярожна са сваім перцам, бо магу перадумаць! — папярэдзіла Хаўрося.

— Маўчым! Маўчым, ластаўка! — адказаў за дваіх Язэп.

— І яшчэ! — працягвала Хаўрося.— Тэлефоны вазьміце з сабой, каб на сувязі былі ўвесь час!

— Будзем! Будзем на сувязі, як рыбіна на кручку! — запэўніў Сцяпан.

 

* * *

Раніцай Сцяпан і Язэп з вудамі і ўсімі рыбацкімі прыладамі ў руках сустрэліся ля Язэпавай хаты.

Сцяпан прапанаваў:

— А што, калі ўзяць лодку і матануць на ёй аж на Студзёныя Віры? Там рыбы — кішыць!

— На лодцы ажно на Віры? — здзівіўся Язэп.— Ды да іх пешшу — няблізкі свет па балотніку ды чаратах, а на лодцы вёрст дзесяць будзе, ды яшчэ туды — супраць плыні. Уяўляеш, колькі вёсламі трэба махаць?

— Якая гэта плынь? — лагодзіць Сцяпан.— Рэчка наша ціхая, спакойная, можна сказаць, на месцы стаіць. Затое колькі маляўнічых мясцін мінём! Адзін вяслуе, другі вудамі сцёбае, потым — наперазменку. Спалучым прыемнае з карысным! Ну як?

Язэп паціснуў плячыма:

— Сёння ты кіруеш балем. Твае госці — табе і вёслы ў рукі!

 

* * *

Да маляўнічага берага рэчкі падплывае лодка, у якой раздзетыя, у адных трусах, сядзяць Сцяпан і Язэп. Лодка торкаецца носам у пясок, і першы з яе выкульваецца Язэп і знясілена валіцца на траву. За ім, крэкчучы і войкаючы, вылазіць Сцяпан і таксама валіцца з ног побач з Язэпам. Абодва доўга моўчкі аддыхваюцца. Потым Язэп пачынае:

— Хух! Паслухаўся я цябе, Сцяпане, як той дурань! Рук не чую. Во мазалі па яблыку! Далоні агнём пячэ, спіну ломіць.

Сцяпан мусіць падтрымаць сябра і павінаваціцца:

— Я і сам не думаў, што гэтак цяжка будзе. Не той, братка, узрост, каб з рэчкай змагацца... І я рукамі крануць не магу, а ногі самі трасуцца, як зайцаў хвост. Адна ўцеха, што, пакуль сюды дагрэбліся, рыбкі насцёбалі не слаба... Але ж трэба думаць і пра дарогу назад.

Язэп, відаць, крыху адсягаўся, таму ўзбадзёрыўся:

— А што тут думаць?! — устаў і выцягнуў з лодкі поўную пляшку і скрутак з закуссю.— Зробім працяглы перакур, прапалошчам жабры, а там — з новымі сіламі да новых перамог! Згода?

Сцяпан павесялеў:

— Такі расклад мне падабаецца! А каб ты не думаў, што твой сябар скнара — трымай ад нашага стала! — Таксама падышоў да лодкі і дастаў сваю бутэльку і прыкуску.

Язэп заплюшчыў вочы і лірычна зацягнуў: «Чаму ж мне не піць? Чаму ж мне не піць?..»

Сцяпан падхапіў: «Гарэлачка добрая, ажно кроў кіпіць!..»

Раскладаюць свой правіянт, наліваюць па чарцы і выпіваюць.

— Думаю так: злоўленай рыбы нам досыць, таму тут не варта вуды размотваць,— разважаў Сцяпан.

— А чаго мы тады перліся ў такую далеч, напіналіся супраць плыні? — здзівіўся Язэп.

— З вадою любы дурань плысці можа, вось мы і даказалі сабе, што мы не любы дурань,— тлумачыў Сцяпан.

Язэп, наліваючы, балаболіў:

— У нашай справе галоўнае своечасова зрабіць падсечку, не даць сарвацца з кручка. Падсякай!

— Падсякаю! — І Сцяпан кульнуў чарку.

Язэп выпіў сваю:

— І я падсякаю!

Пакуль разамлелыя сябры сілкаваліся ды зубаскалілі, лодку непрыкметна адганяла вадою ад берага, і яна пачала аддаляцца.

Сцяпан паваліўся на спіну, з асалодай раскінуў рукі і марыў уголас:

— Назад будзем плысці, як паны: ні веславаць не трэба, ні напінацца. Хочаш — сядзі, хочаш — ляжы на дне лодкі і плюй у неба... Можна будзе і прыдрамнуць.

Язэп падняў галаву і паглядзеў у бок лодкі:

— Сцяпан! А дзе лодка?

Абодва імгненна ўскочылі на ногі і паглядзелі ўдалеч на лодку, якая знікала за паваротам рэчкі.

— Чаму не прывязаў лодку? Аплэвух! — ускіпеў Сцяпан.

— А сам? Чаму ты не прывязаў, калі такі разумны? — агрызнуўся Язэп.— Твой баль, табе і вуды ў рукі!

Сцяпан схапіўся за галаву:

— Што рабіць? Можа б, дагнаць як?

Язэп скрывіўся:

— Як дагоніш? Берагі тут топкія, а па вадзе я не Хрыстос, бегаць не ўмею...

Сцяпан заламаў рукі:

— Во ўліплі! І што за напасці: то свіння ўцячэ, то конь дасць драла, цяпер вось лодка сплыла... Праваліся ты ўсё разам!

— Хопіць! Час цяпер супраць нас! — схамянуўся Язэп.— Збіраем свой шведскі стол і наперарэз дамоў. Дасць Бог, першымі паспеем і перахопім яе. Нам дзве вярсты, а ёй дзесяць.

— А калі не паспеем? А калі дзе прыстане яна, зачэпіцца за які ражон... Што тады? — заныў Сцяпан.

Язэп выказаў рашучасць, якой даўно і сам не бачыў:

— У нас варыянтаў няма: дамоў, і кропка. Калі што, возьмем дзве лодкі: адзін — насустрач паплыве, другі — наўздагон падасца!

Сцяпан забедаваў:

— Божа мілы! Сын прыехаў, нявестка, унук... Пачаставаў я іх рыбкай, так пачаставаў, што сораму не абярэшся...

Сябры хуценька забралі рэшткі абеду і пакрочылі ад рэчкі.

Тым часам лодка з усім скарбам сяброў, з вудамі і злоўленай рыбай, бесклапотна пагойдвалася і, даверыўшыся плыні, усё больш і больш аддалялася ад сваіх гаспадароў. Ціша і спакой атулялі яе, і толькі з двух мабільных тэлефонаў, якія ляжалі на вопратцы, чулася нервовае:

— Сцяпан! Алё! Сцяпан, гэта я, Данута! Прыём!

— Язэп! Дзе ты? Гэта твая Хаўрося! Не баўцеся там! Чаму маўчыш, каб ты захлынуўся?

— Алё! Сцяпан! Калі ты з дурасці ўтапіўся, лепш не пападайся мне на вочы, бо мала не будзе!..

 

* * *

Усхваляваны Анатоль вечарам гэтага ж дня падбег да Язэпавай хаты, дзе ля плота стаяла Хаўрося і лускала семкі.

— Здарова, Талян! Ты куды ляціш? — запыталася яна ў Анатоля.

— Вітаю вас, цётка Хаўрося! — ледзь здыхваўся Толік.— Мама да вас паслала даведацца, ці не вярнуліся з рыбалкі тата і дзядзька Язэп. Хвалюемся, нешта доўга іх няма. Каб не здарылася чаго.

Хаўрося нядбала плюнула праз губу луску ад семак:

— Дарэмна хвалюецеся. Яны ні ў агні не згараць, ні ў вадзе не патонуць. Не патрэбны яны ні Богу, ні чорту! Так мацеры і перадай, хоць яна сама гэта ведае не горш, чым я.

Анатоль горка ўсміхнуўся:

— Дзякуй, супакоілі... А ўсё ж, у які бок яны падаліся? Дзе іх шукаць?

Хаўрося зноў выплюнула луску:

— На гэта пытанне могуць адказаць толькі яны, таму раю спытацца ў іх.

Толік махнуў рукой і пайшоў дамоў.

Хаўрося зацягнула сваю любімую: «Ой, сівы конь бяжыць...», крутнулася, каб ісці ў хату, але зірнула на рэчку і збялела:

— Што гэта?! Лодка! — упаўголасу прахрыпела яна, потым штосілы залямантавала: — Лодка! Толічак, лодка! Людзі, сюды-ы!

Падбег спалоханы Анатоль:

— Што? Што здарылася, цётка Хаўрося?

Хаўрося паказвала рукой на рэчку і галасіла:

— Толічак! Вунь плыве Язэпава лодка! Адна! Без мужчын!

Яны як па камандзе пабеглі да рэчкі, Анатоль на бягу пытаўся:

— А дзе ж тата? Дзе дзядзька Язэп? Што ж гэта?

Хаўрося ліхаманкава, як пацеры, паўтарала:

— Толічак! Трэба злавіць лодку! Трэба яе перахапіць! Можа, яны ў лодцы заснулі ці п’яныя ляжаць. Толькі не прапусці лодку! Толькі затрымай яе! Апошняя надзея!

Анатоль азірнуўся навокал, шукаючы якога крука ці жэрдкі, але, не ўбачыўшы нічога, кінуўся ў вопратцы ў ваду, падплыў да лодкі, ухапіўся за борт і забраўся ў яе.

— Ёсць яны там ці не? — крычала з берага Хаўрося.

Анатоль узяўся за вёслы і, як прысуд, выціснуў з сябе:

— Пуста тут. Толькі іх вуды і рыба.

Хаўрося яшчэ больш залямантавала:

— Людзі, памажыце! Патапіліся, дурні! Ой, гора! Я ж ім казала, я ж іх прасіла, каб ім мазгі адсохлі, як яны мяне не паслухаліся! За што такая кара? Вой-вой!

Анатоль падвёў лодку да берага, выцягнуў яе на пясок і падышоў да Хаўросі, спрабуючы суцешыць яе:

— Цётка Хаўрося, супакойцеся, рана іх аплакваць. Вы ж самі казалі, што яны ў вадзе не патонуць.

— Мала што я казала! І ў Бога цярпенне канчаецца, і ў самай доўгай вяроўкі канец бывае... Колькі ж можна штукаваць? Ой, людцы мілыя, ой, аўдавела я!

На крык пачалі збірацца людзі.

— Што за лямант, Хаўрося? — спытаўся нехта.

— Патапіліся, дурні! Язэп і Сцяпан утапіліся! — скрозь слёзы тлумачыла Хаўрося.

— Ды яшчэ нічога невядома! — запярэчыў Анатоль.— Лодка вось прыплыла без таты і дзядзькі Язэпа... Але ж нічога невядома.

— А што тут невядомага? — здзівіўся другі аднавясковец.— Дзе вы чулі, каб лодка адна, без людзей, курсіравала па рацэ? Тут справа пахне натуральнымі тапельцамі.

— Не трэба панікі! — не стрымаўся першы аднавясковец.— Усплывуць, тады можна будзе паставіць кропку.

Жанчына, якая падышла пазней і моўчкі стаяла, выказала сваю дасведчанасць:

— Я чула, што тапелец усплывае толькі праз тры дні. А калі так, іх можа занесці аж у Чорнае мора.

З натоўпу пачулася катэгарычнае:

— Што ты пляцеш? Якое Чорнае мора? Калі хочаш ведаць, наша рэчка цячэ ў другі бок. Таму шукаць іх хутчэй за ўсё трэба толькі ў Балтыйскім моры.

Хаўрося схапілася за галаву:

— А божачкі! А мой Язэпік аж у Балтыйскім моры! Во даскакаўся!

— Ды супакойцеся вы! — пачуўся нейчы спакойны голас.— Будзьце аптымістамі! Калі пашанцуе, дык усё абыдзецца, зачэпяцца яны за тутэйшы корч... Спадзявайцеся на лепшае.

 

* * *

Сцяпан і Язэп амаль голыя прадзіраліся праз густы лазняк, праз чарот, часам правальваючыся па калені ў балота. Рукі і ногі ў іх былі паздзіраныя, усё цела пакусанае камарамі, пасля выпітай гарэлкі душыла смага.

— Нічога не відаць... Куды ісці? — скардзіўся Сцяпан.— Мне здаецца, што мы тут ужо былі...

Язэп заныў:

— Баюся, што мы збіліся з дарогі! Хоць якая тут дарога... А камары, сволачы, грызуць, як шалёныя сабакі,— жывога месца няма.

Сцяпан успомніў:

— Я недзе чуў, што ад камарыных укусаў трэба мазацца гразёю. Так робяць у Афрыцы бегемоты, а ў нас свінні.

— Дзе ты быў раней? — злуецца Язэп.— Чуў пра такое ратаванне і маўчаў! — Ён пачынае густа абмазвацца гразёю і падстаўляе Сцяпану спіну.— Памаж хутчэй мне спіну, афрыказнаўца!

Сцяпан таксама густа вымазаўся гразёю і між іншым параіў сябру:

— Ты і лысіну маж, можа, валасы пачнуць адрастаць.

Язэп не звяртаў увагі на сябрава скалазубства і з асалодай войкаў:

— Во-о-й! Вось гэта іншая справа! Надзейна, як у танку!

— Бегемоты, братка, не дурні! — пагадзіўся Сцяпан.

Праз некалькі хвілін сябры зрабіліся чорныя, як галавешкі, затое недасягальныя для камароў.

Язэп зірнуў на Сцяпана і ад здзіўлення разявіў рот:

— Не ведаю, як выглядае чорт, але ты страшнейшы за яго! Толькі рагоў не хапае... а магчыма, я памыляюся...

Сцяпан ускіпеў:

— У чым памыляешся?! У тым, што ў мяне рагоў не хапае?

— Ды не! — выкруціўся Язэп.— Памыляюся ў тым, што ты страшнейшы за чорта...

— Глядзі ў мяне! — азваўся Сцяпан.— Пайшлі! Няма часу гадаць, хто да каго падобны! Можна падумаць, што ты прыгажун!

Сябры пайшлі далей. Праз нейкі час пачулі наперадзе гаворку і дзявочы смех. Расхінуўшы асцярожна кусты, яны ўбачылі на беразе рэчкі гурт маладых дзяўчат і старую жанчыну. Дзяўчаты сядзелі абапал старой і трымалі ў руках лугавыя кветкі. Старая павучала:

— Каб вяночак у вадзе доўга не расплятаўся, трэба гэты палец закладаць сюды, а кветкі ўплятаць вось так. Бачыце? Так плялі вянкі на Купалле і мае бацькі, і бацькі маіх бацькоў...

Адна дзяўчына з захапленнем усклікнула:

— Ой, дзяўчаткі, заўтра Купалле! Як я чакаю чагосьці незвычайнага! Няхай бы адбыўся цуд!

Старая жанчына пацвердзіла:

— Чаму ж не! Бываюць і цуды! Вось я, напрыклад, тры разы выходзіла замуж, і ўсё — па любові. Куды потым яна знікала — невядома. Відаць, нячысцік маё жыццё каламуціў...

— А якую прымаўку трэба казаць на Купалле, калі пускаеш вяночак па вадзе? — пацікавілася другая.

— Трэба, дзіцяткі, казаць:

Плывіце, вяночкі квяцістыя,

Адпужвайце сілу нячыстую,

Няхай маё шчасце не бавіцца

І хутка мой суджаны з’явіцца!

Сябры за кустамі пераглянуліся:

— Людзі да Купалля рыхтуюцца, а мы тут без штаноў тырчым... Трэба спытацца ў іх, дзе мы ёсць.

Ад рэчкі зноў пачуўся голас маладой цікаўніцы:

— А што, баба Аўдоцця, акрамя суджанага, можа і нячысцік з’явіцца?

Старая схамянулася:

— Чаму ж не? Суджанага можна чакаць усё жыццё і не дачакацца, а нячыстая сіла не спіць у шапку. Нячыстая сіла з жанчыны вока не спускае. Нячысцік вырастае знянацку, як з-пад зямлі...

Раптам расхінуліся кусты і з іх з трэскам выйшлі на бераг два чорныя страшыдлы. Не паспелі яны раскрыць рот, каб прывітацца ды запытацца, як іх аглушылі піск і жахлівыя крыкі:

— Нячысцікі! Ратуйцеся! Згіньце, пачвары! Свят! Свят!

Адна дзяўчына кінулася ў рэчку, баба стаяла на каленях і хрысцілася.

— Бяжым адсюль! — Сцяпан тузануў Язэпа за руку, і яны зніклі гэтак жа нечакана, як і з’явіліся.

Баба Аўдоцця ўстала з каленяў і гукнула перапалоханых дзяўчат:

— Не бойцеся, дзіцяткі! Я іх абклала святым хрышчэннем і адагнала Боскімі пацерамі... Але такое на маім доўгім вяку — упершыню.

Пакуль сябры пятлялі па чаратах ды балотах, іх родная вёска гула: не кожны дзень знікаюць бясследна два чалавекі. То ля той, то ля іншай хаты можна было чуць:

— Лодка прыплыла без іх, якія могуць быць варыянты? Патапіліся!

— Ды загулялі яны недзе! Гарэлкай вочы залілі і спяць!

— А маглі і да другіх баб падацца. Хто ж не марыць змяніць старую на маладую? Закінулі вуды, а самі на Бермуды! — такое выказвалася, калі паблізу была Данута ці Хаўрося.

А сябрам было не да жартаў. Сілы пакідалі іх, а канца блуканням не было відаць. Нарэшце, надвячоркам, сябры выбіліся на нейкую не дужа бойкую дарогу.

Сцяпан акрыяў духам:

— З дарогі я ні кроку! Некуды яна нас выведзе!

Сябры трымалі для палёгкі доўгія кіі ў руках, а Язэп чамусьці напхнуў пад трусы асакі, таму выгляд меў натуральнага туземца з кап’ём. Улічваючы, што з часам гразь месцамі абсыпалася, нашых падарожнікаў пабіла на плямы, і гэта надавала ім яшчэ больш экзатычны выгляд.

Раптам пачулася нейкае тарахценне, якое хутка набліжалася.

— Матацыкл! Хавайся! — крыкнуў Сцяпан, але было позна, бо насустрач, з-за павароткі, імчаў матацыкл. Матацыкл рэзка спыніўся, і сябры аслупянелі: на ім сядзеў участковы ў форме. Ён уважліва і падазрона агледзеў незнаёмцаў і спытаўся:

— Хто такія будзеце? Адкуль?

Сцяпан пачаў заікацца:

— Мы... гэта... ест турыст... Мы, гэта... вас іздас... Ху-юду-юду.

— Мы Афрыка... Афрыка...— замармытаў Язэп.

— Ого! Вы з Афрыкі?! — здзівіўся ўчастковы.

Язэп заківаў галавой:

— Афрыка... Мы Афрыка...

— Пешшу з Афрыкі? Такую далеч? — яшчэ больш здзівіўся міліцыянер.

Сцяпан крыху асмялеў:

— О, ест! Пешшу! Наша племя ходзіць толькі пешшу, ёлкі-палкі!

Участковы паспачуваў:

— Я б вас, таварышы афрыканцы, падвёз, але я спяшаюся па службе. Ну, дык бывайце! Свабоду каланіяльным народам! Ганьба капіталістам!

Сцяпан па-піянерску адсалютаваў:

— Рот-фронт, таварышч!

— Жыве Беларусь! — адсалютаваў і Язэп.

Матацыкл фыркнуў і паімчаў прэч, сябры пераглянуліся.

— Хух! Ледзь не ўліплі! — выдыхнуў Язэп.

— Вось што значыць ведаць замежную мову! Ху-юду-юду! — з гонарам сказаў Сцяпан.— А цяпер па гэтай дарозе, пакуль не сцямнела зусім, націснем на пяты!

Даволі хутка наперадзе паказалася нейкая вёска. Дзе-нідзе ў вокнах гарэла святло.

Сцяпан настойваў на сваім:

— Хопіць нам блудзіць ды ад людзей хавацца! Пайду і спытаюся, дзе мы ёсць, куды нас занесла?

— Забыўся пра дзяўчат на беразе рэчкі? — адгаворваў сябра Язэп.— Ты зойдзеш у такім выглядзе ў хату — людзі ў вокны дадуцца ці чапялой будуць бараніцца. А возьмуць і ўвогуле ў дурдом здадуць.

Сцяпан падхапіў сябраву думку:

— А ты ведаеш, што мы вартыя таго, каб нас здалі ў дурдом?

— За што гэта? — здзівіўся Язэп.

— А за тое, што мы шукаем ветру ў полі — шукаем дарогу дамоў, замест таго каб выйсці да рэчкі і паплысці ўніз — плынь сама нас данясе да нашай вёскі. Ну, ці не дурні ж мы?

— А на чым загадаеце плысці, панове? — пацікавіўся Язэп.

Сцяпан паказаў:

— Вунь колькі платоў стаіць! Рэквізуем некалькі пралётаў — вось табе і плыт. Дарэчы, вунь і нечая бялізна з адзеннем сохне, не ехаць жа нам галяком дахаты.

— Не! — запярэчыў Язэп.— Плот зламаць — адна справа, а адзення красці я не буду! Лепш галяком паплывём!

— Не дык не! — згадзіўся Сцяпан.

Калі сябры майстравалі ля рэчкі са штыкецін і жэрдак плыт, гаспадар гэтага плота, усхваляваны, зайшоў у хату і разгублена звярнуўся да жонкі:

— Сказаць табе па праўдзе, я ў чарцей не надта веру, але толькі што два чарцюкі ламалі наш плот... Вось гэтымі вачамі бачыў! Дзіва!

Жонка, не адрываючыся ад сваёй работы, абыякава кінула:

— Піць трэба меней!

 

* * *

Вечарам у Сцяпанавай хаце адчувалася напружанасць, усе былі без настрою.

Анатоль парушыў маўчанне:

— Мама, мы так чакалі Купалля, няўжо будзем сядзець дома?

— А што загадаеш рабіць? — азвалася Данута.— Бацька прапаў, а мы на свята? Якія могуць быць гулі, калі душа збалелася?

Люба нясмела прапанавала:

— Ну, няхай іншыя святкуюць, весяляцца, а мы толькі пабудзем, пастаім збоку ды паглядзім. Няхай хоць Сцяпанка падзівіцца.

Раптам у хату зайшла Хаўрося, таксама заплаканая.

Данута кінулася да яе:

— Хаўрося, што рабіць? Дома сядзець, ці што?

Хаўрося цяжка ўздыхнула:

— Ты думаеш, мне свята ў галаве? Але і дома нічога не выседзіш. Ды і не пахавалі ж мы іх...

Данута згадзілася:

— Ну, тады збірайцеся. Ціхенька, збоку ад людскіх вачэй пастаім. Мы сапраўды яшчэ не ўдовы.

Свята набірала моцы. Святочна прыбраныя, усхваляваныя людзі запоўнілі бераг рэчкі, дзе ўжо палалі вялізныя вогнішчы. Моладзь вадзіла вакол іх карагоды, чуліся спевы, музыка. Самыя адчайныя пераскоквалі праз агонь, некаторыя дзяўчаты пускалі на ваду вяночкі з кветак з запаленымі свечкамі — відовішча было незвычайнае.

Сцяпанка на руках у бацькі радасна ўсклікнуў:

— Якая прыгажосць! Зірніце!

— Прыгажосць, унучак, прыгажосць... Няхай бы твой дзед пабачыў,— выдыхнула Данута.

Ад берага пачалі адпіхваць плыты з запаленымі на іх агнямі, і карагод вогненных плытоў дадаў незвычайнай харашыні гэтаму святу.

Частка моладзі падалася ў лес, не столькі каб шукаць папараць-кветку, колькі выканаць таямнічы рытуал.

Раптам з-за лукі выплыў нейкі плыт, на якім стаялі... Ніхто не мог зразумець, хто на ім стаіць — нейкія два страшыдлы. На беразе запанавала напружаная цішыня. Першым схамянуўся ўчастковы, ён высока ўзняў руку:

— Увага, таварышы! Не пужайцеся! Я пазнаў іх — гэта пасланцы далёкай Афрыкі! Гэта дзеці каланіяльных народаў! Яны — ахвяры капіталізму!.. Сюды, таварышы афрыканцы! Плывіце да нас, мы з вамі ў вашай барацьбе! Свабоду каланіяльным народам!

— Толькі тут нейкіх афрыканцаў не хапала,— скрывілася Данута.

Хаўрося яе падтрымала:

— Добра, калі гэта простыя афрыканцы, а не іхнія шаманы, бо пачнуць тут шальмаваць ды варажыць.

З плыта пачулася:

— Ху-юду-юду! Рот фронт! Вас іздас, ёлкі-палкі!

Данута здзівілася:

— Акцэнт афрыканскі, а галасы нейкія знаёмыя...

— Хадзем бліжэй! — прапанавала Хаўрося.

Плыт торкнуўся ў пясок, і «афрыканцы» ступілі на бераг. Да іх падбег з караваем участковы:

— Хлеб-соль вам на нашай заможнай зямлі!

Сябры сквапна адламалі па кавалку каравая і пачалі есці:

— Соль не трэба, а за хлеб дзякуй, надта ж есці хочацца! Але больш за хлеб хочацца пабачыць вашых дзвюх прыгожых удоў — Дануту і Хаўросю! — І сябры праз натоўп накіраваліся да сваіх жонак.

Хаўрося разгубілася і тузанула за рукаво Дануту:

— Чула? Пра наша гора ведаюць ужо ў Афрыцы!

— У якой яшчэ Афрыцы? — злосна азвалася Данута.— Ты што, не пазнала? Гэта ж нашы прайдзісветы!

З натоўпу чулася:

— Ха-ха-ха! Гэта ж Сцяпан і Язэп! А якія арыгінальныя касцюмы прыдумалі! Ну, малайцы!

Мужчыны падышлі да жонак, і Сцяпан раскланяўся перад Данутай:

— З усёй афрыканскай страсцю прыміце нашы купальскія віншаванні!

— Вас іздас! — дадаў Язэп.

Данута не стрымалася, схапіла нейкую хусціну і пачала лупцаваць Сцяпана:

— Зараз я цябе так вас іздас, што век будзеш помніць нас!

Язэп, як шкадлівы вучань, зазірнуў Хаўросе ў вочы:

— І ты будзеш мяне вас іздас?

Хаўрося абняла мужа:

— Дзякуй Богу, жывы!

— Дык гэта вы? Зноў вы? — падбег, засягаўшыся, участковы.

— Свабоду каланіяльным народам! — засмяяўся Сцяпан.

Свята працягвалася да раніцы.

 

* * *

У Сцяпанавай хаце спакой і нетаропкасць змяніліся мітуснёй і нервовай напружанасцю, якая бывае падчас расставання блізкіх людзей. Анатоль і Люба складалі чамаданы, сумкі, рыхтаваліся да ад’езду. Сцяпан і Данута моўчкі назіралі за зборамі, зрэдзь даючы свае парады і заўвагі.

— Сынок, не забудзься на фотаапарат ды плёнкі праяві,— падказаў Сцяпан.

— Ужо паклаў, тата... Фотакарткі прышлю пазней...

Сцяпанка даў Любе нейкую драўляную цацку:

— Гэта падарунак дзеда. Пакладзі,— і сам паклаў у чамадан.

Данута склала рукі і сумна разважала:

— Чаму так хутка ляціць час? Здаецца, учора адчыніліся дзверы і ўвайшлі вы...

Люба нявесела дапоўніла:

— Атрымліваецца так, быццам існуюць толькі два дні: дзень прыезду і дзень ад’езду — астатняе пралятае, як сон...

— Тата, а што з машынай? — занепакоіўся Анатоль.— Да станцыі давязуць нас?

— Машына ўжо чакае на дварэ,— супакоіў Сцяпан.— Не спяшайцеся, часу хапае. Галоўнае, каб не забыліся чаго патрэбнага.

— Забудземся — праз год забяром,— адказала Люба.

Нарэшце, перацалаваўшыся і пасядзеўшы хвілінку перад дарогай, выйшлі на вуліцу, дзе сабраліся амаль усе вяскоўцы, сярод іх — Язэп з Хаўросяй і баба Ганна з дзедам Аўдзеем.

— Ого, колькі людзей прыйшло праводзіць нас! — здзівіўся Анатоль.— Вось дык дзякуй!

— А ты думаў што? У нас усё па-людску! На гэтым і стаім! — заганарыўся Сцяпан.

Данута падпіхнула яго ў спіну:

— Стаіш ты! Нясі чамадан у машыну, а не стой!

Калі ўсе рэчы былі загружаны ў машыну, Анатоль і Люба са Сцяпанкам на руках, у суправаджэнні «світы» — Сцяпана і Дануты, пачалі абыходзіць усіх па чарзе і развітвацца. Анатоль ціснуў усім руку, дзячыў за гасціннасць, Люба з некаторымі нават цалавалася. Чуліся шчырыя словы:

— Шчаслівай дарогі! Дзякуй вам за ўсё! Не забывайцеся на нас!..

Хаўрося звярнулася да бабы Ганны:

— А вы чаму не заходзілі ў хату развітацца?

— А яны раніцай забягалі да нас і развіталіся,— адказала Ганна.

Хаўрося нахілілася да Язэпа і шаптанула:

— Чуў? Забягалі «да нас»?

Люба і Анатоль падышлі да бабы Ганны, яны яшчэ раз абняліся. Люба паглядзела праз плячо сваёй бабулі на дзеда Аўдзея, потым звярнулася да яго:

— Няхай з вамі, акрамя ўспамінаў, жыве цяпло чалавечай душы!

— І вам, залаценькія, самага лепшага! — адказаў дзед.

Затым падышлі да Язэпа і Хаўросі.

Анатоль абняў Язэпа:

— Ну, дзядзька Язэп, бывайце і не забывайце! Дзякуй вам за ўсё і за салюты таксама!

Сцяпан узмаліўся:

— Толькі сёння не трэба тваіх салютаў, Язэп! Дай дзецям спакойна ад’ехаць, бо ці машыну спаліш, ці ўсю акругу перапалохаеш!

Язэп падняў рукі, пакруціў пальцамі:

— Вось, голыя рукі! Стаю, як і ўсе! Ніякіх салютаў!

— Бывайце здаровыя, цётка Хаўрося! — пакланілася Люба.— Бывайце, людзі добрыя!

Госці садзяцца ў машыну, і яна кратаецца.

— Шчаслівай дарогі! — махае рукой Сцяпан.

— Да новых сустрэч! — выцірае вочы Данута.

Раптам уздоўж дарогі з двух бакоў машыны шуганулі з зямлі рознакаляровыя агні, пачуліся трэск і шыпенне. Машына рэзка спынілася, бо ўсе чатыры колы спусціліся да самых абадоў. З машыны выскачыў разгублены шафёр і схапіўся за галаву.

Сцяпан падскочыў да збялелага Язэпа:

— Я ж прасіў цябе: не трэба салютаў! Дай дзецям спакойна ад’ехаць!

Язэп вінавата лыпаў вачыма:

— Ну, бывае... Ну, не туды паляцела...

Да іх падбегла раззлаваная Данута:

— Што цяпер рабіць? Як выкручвацца?

Язэп рашуча супакоіў суседзяў:

— Я нарабіў, я і разраблю! Хаўрося, дзе мой шасцісоты «мерседэс»?

 

* * *

Па дарозе да станцыі весела коціць падвода. Язэп па-заліхвацку памахвае на каня пугай, цмокае і балаболіць:

— Нічагусенькі! У самую пару паспеем! На перон, да вагона з шыкам дастаўлю!

На падводзе, між клункаў, сядзяць Анатоль з Любай і Сцяпанка.

Анатоль удзячна адказвае кіроўцу «мерседэса»:

— Вось дзякуй, дык дзякуй! Што б мы рабілі без вас, дзядзька Язэп?

Падвода аддаляецца, і скрозь пыл відаць, як адлятае задняе кола і коціцца ў кусты. Чуецца разгублены голас Язэпа:

— Прыехалі...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.