epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сааўтары

Сааўтар мой — душа,

пісаў бы пра каханне,

Другі сааўтар — сталасць,

ён не згодзен з першым.

Стрыножыўся Пегас

такім супрацьстаяннем —

Як згоду ўсталяваць?

Якім патрафіць вершам?

 

Узрост для музы — цень,

занудзісты філосаф,

Ён важыць драбязу,

над простым разважае.

Душа — шырэй, чым свет,

душа вышэй нябёсаў,

Яна пульсуе ўся —

узрост не заўважае.

Яшчэ сааўтар ёсць —

і ад яго залежнасць,

Каханне ў ім заўжды,

юнацтва, сталасць, стома,

І вышыня нябёс,

і долу непазбежнасць —

Усё, што мае свет,

усё яму вядома.

 

Душы-бунтарцы ўдзячны,

як ні дзіва,

І сталасці...

А сэрцу — асабліва!


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.