epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сабутэльнік

Давай, люстэрка, вып’ем...

Будзеш ты

За сабутэльніка

І суразмоўцу,

Бо я адзін,

пайшлі з жыцця браты

Туды, дзе спяць бацькі

й аднавяскоўцы.

 

Я наліваю келіх

Свой і твой,

Прыемны мне,

а не табе, напітак.

Ў цябе прашу адно —

насупраць стой,

Ў сабе трывай

нахабны мой адбітак.

 

Ну, будзь здарова!

Звон ўзаемны шкла

Прыемна далучаецца

да тосту.

Былых застолляў

радасць адгула,

А аднаму «гудзець»

зусім няпроста.

 

За нас з табой!

Які туман густы

У галаве.

І на душы няміла.

Я зноў кульнуў,

а штось пацееш ты —

А што за запацеласцю

за рыла?

 

Гані з сябе

адбітак брудны вон!..

Зноў п’ю за нас,

за нас і тост мой палкі.

Я чокнуўся і —

шкла пачуўся звон,

А рыла і люстэрка —

на кавалкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.