epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Садок на новым месцы

Я сад уздзвіг на голым месцы,

Садок даволі не благі.

І не забыйся ў ім завесці

Руплівых пчол раёк-другі.

 

Ад аднагодак да паўвеку

Сталеў і рос ён і расце.

Ніводнаму я чалавеку

Не адмаўляў у смакаце.

 

Гады былыя, дзе вы, дзе вы?

У сэрцы боль, у галаве —

Я састарэў хутчэй за дрэвы,

Садок мяне перажыве.

 

Скажыце, хто б мне даў параду,

У вечнасці як векаваць?

І як я ТАМ буду без саду,

Што буду песціць, даглядаць?

 

Я ў Бога, пры любой пасадзе,

Слязамі шчокі апяку

І засумую ў райскім садзе

Па гэтым, па зямным садку.

 

Вы саджанцы мне і рыдлёўку

Прыладзьце ціхенька ў труну.

Садок садзіць я буду зноўку

Там толькі — ў першую вясну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.