epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шайморы

Пасля вайны, у цемры-горы,

Жылі ў трысцені-рухлі.

І мама нам пякла шайморы,

Каб з голаду не пухлі.

 

Шайморы — гэта бульба з поля.

Што за зіму згнівала.

Смурод яе ўсё наваколле,

Напэўна, адчувала.

 

Ішлі шукаць яе з ахвотай,

Нібыта за прысмакам.

Мы на калгасным полі ўпотай

Паўзком капалі, ракам.

 

І мама з бульбін перагнілых

Мясіла куламаху.

Аж закіпала кроў у жылах

Ад смакаты, ад «паху».

 

Мы праснакі тады ўспрымалі

Лепш булак вялікодных —

З агню патэльню пераймалі

Аж дзесяць рук галодных.

 

Шайморы ў памяці удзячнай

Духмяняць праснакамі.

Адно не помню адназначна —

Хаця б кавалачак прасначны

Ці даставаўся маме?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.