epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Самаахвярны прыклад

Кульнуўшы чарку, жыць лягчэй на свеце,

Яшчэ лягчэй —

Пасля другой і трэцяй.

А ўжо пасля чацвёртай,

Пасля пятай,

Здаецца, што лунаеш разам з хатай,

Прыгожым, вольным, незалежным птахам —

Уверх нагамі,

Хата — уніз дахам.

І гэты свет не выглядае сумным,

А сам здаешся, як ніхто, разумным.

І ісціна вісіць на языку,

І цешышся, як муха ў малаку.

А раніцай не можаш мовіць слова,

Падыдзеш да люстэрка выпадкова

І з жахам сам сябе не пазнаеш,

(А прымаўка смяецца двухбакова):

Хоць ты не пі — памрэш

Ці пі — памрэш.

У галаве — каменні, суш у роце,

А жонка ззаду кпіць: — Ну і страхоцце!

Плявузгаў абы што, хістаўся, падаў,

Эх, чортаў ты антыцвярэзнік гадаў!

Зноў жончын голас чуецца сярдзіта:

— Калі ты ўбачыць хочаш, быў які ты,

І каб сябе такога памянуў,

Налі мне столькі, колькі ты глынуў,

Ты на сябе зірнеш такога збоку

Й засцеражэшся ад такога ж кроку.

І ён наліў...

Яна глынула жвава,

Бо мужа ратаваць — святая справа.

О Божа мой!

Язык яе то юзіў,

То нечакана заплятаўся ў вузел.

Яна — то ў слёзы,

Ў смех,

То ў крык сярдзіты,

То тварам у свінячае карыта,

То клікала нячысціка, то Бога,

А раніцай у памяці — нічога.

У мужа ад такога кроў аж стыне.

— Ну ты і адмачыла, гаспадыня!

Шмат бачыў на вяку —

Такога мала.

О як жа ты жахліва выглядала!

Налі, я зараз вып’ю тваю дозу,

Адчуеш, што такое смех праз слёзы.

Яна, каб глянуць збоку ў вочы зла,

Такую ж дозу мужу наліла...

І гіне іх сям’я — ці не таму,

Што ён ліе ёй, а яна яму.

 

Ён дзейнічае звышпераканаўча,

Самаахвярны прыклад выхаваўчы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.