epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Самародак

Капаючы бульбу,

Дзям’ян натыкнуўся на камень рыдлёўкай —

Падумаеш, камень,

Ці ж мала ў зямлі камянёў.

Ён камень шпурнуў на мяжу

Па-спартыўнаму, лоўка,

Ды бліснула штосьці на ім

І Дзям’ян да яго падыйшоў.

 

У рукі узяў

І разгледзеў уважліва камень,

Пацёр рукавом

Там, дзе быў ад рыдлёўкі надсек.

Наблізіў яго да вачэй

Асцярожна, дрыготка рукамі

І тое убачыў,

Ніколі чаго не трымаў у руках

За свой век.

 

І спёрла дыханне,

І сэрца у скокі далося,

Калені Дзям’янавы ў дрыжыкі

Раптам пайшлі.

Такога й прысніць ён не мог

У сваім горкім лёсе —

Каб тут, сярод бульбы,

Як кажуць, ля самага носу,

Хавалася золата

Столькі гадоў у зямлі.

 

Яшчэ раз пацёр самародак Дзям’ян,

Лямпу бы Аладзінаву тую —

«Ну, Божачка, дзякуй,

Нарэшце мы з жонкай

Больш вольна ўздыхнём,

Куплю сабе новыя боты з ватоўкай...»

Раптоўна ён з вуліцы чуе:

— Ты што там малітву чытаеш,

Дзям’яне, стаіш з камянём?

 

Стаяў з матацыклам на вуліцы

Сам участковы,

Дзям’ян, вазьмі й ляпні:

— Вось, золата я адкапаў...

І адразу ж панік —

Сябе за прызнанне такое

Забіць быў гатовы,

Хацелася вырваць зусім

Свой, такі непатрэбны, задоўгі язык.

 

Ды позна было ўжо...

— Што, золата, кажаш?! —

І пагоннік падскочыў.

— Ану пакажы! Не хавай ад уладаў

Свой клад.

Схапіў самародак і сквапнасцю

Бліснулі вочы,

Дзям’ян жа стаяў,

Быў чарней чорнай ночы,

Бо ведаў, што цэннай знаходкі

Не верне назад.

 

— Дык вось,— участковы сярдзіта сказаў,—

Самародак я енты

З сабой забяру, экспертызу утворым яму.

Калі ён сапраўдны —

Ты свае атрымаеш працэнты,

Вось іх спажывай —

Будзь удзячны старанню майму.

 

Ускочыў на свой матацыкл і папёр,

А за ім пыл кудлаты.

Нібыта надзеі Дзям’янавы,

Ён раставаў пакрысе.

Дзям’ян быў хвіліну ўсяго,

Як лічыў ён, багатым,

Цяпер багацее у думках,

Як мы, багацеем усе.

 

Ішлі дні за днямі,

Згасалі надзеі ў Дзям’яна,

І нават у думках бядак,

На багацце ужо

Не разяўліваў рот.

Але участковы прыскочыў

На двор да яго нечакана

І дэманстратыўна шпурнуў

Нейкі камень пад плот.

 

— Ну ты выдумляльшчык, Дзям’ян,

І работу задаў мне,

Бо клопатаў большых

Не ведаў на службе я,

Колькі жыву.

На, свой самародак!

Ён золатам нават не пахне,

Дарэмна ты байкамі, браце,

Дурыў галаву.

 

Паколькі Дзям’ян хваляваўся

Ўсе дні,

Хваляваўся й начамі,

Бо сэрца сціскалі балюча

Падзей абцугі,

Ён зараз з надзеяй схапіўся за гэты,

Прывезены камень

І крыўда душу апаліла —

Не той гэта камень, не той,

А звычайны, другі.

 

Цяпер у душы не было

І маленькай надзеі,

Ніхто не паверыць яму,

Хоць крычы,

Хоць раві тут раўма,

Ён кінуў услед матацыклу балючае —

Ну й прахіндзеі,

Ніякай управы на вас не было

І няма.

 

*

Аднойчы прыехала ў вёску

З раёну вялікая шышка,

Падняць каб удоі альбо ураджаі —

Хаця б на паперы падняць.

Дзям’ян, дзеля смеласці,

Выпіў нямала кілішкаў,

І ўсё расказаў гэтай шышцы

Пра свой самародак,

Каб крыўду і боль хоць крыхý

Ў сваім сэрцы суняць.

 

Начальства — на тое й начальства,

Яно да людзей, па-бацькоўску, аддана,

Яно ўсёй душой да людзей,

Хоць прыкладвай да ран.

— Я твой самародак вярну! —

Супакоіла шышка Дзям’яна,

І зноў багацець стаў у думках

Шчаслівы Дзям’ян.

 

Вярнуўся ў раён

З гэтай вёскі начальнік — і сходу

У рог у баранні

Таго участковага гне.

— Дык ты, сукін сын, гэтак служыш

Дзяржаве й народу!

Каб той самародак,

Які ў чалавека забраў без ягонае згоды,

Каб ён, а не камень падманны,

Быў сёння ў мяне.

 

Я заўтра ж яго адвязу

Чалавеку таму, ў вёску тую,

Як і абяцаў я яму,

Маё слова — закон.

А ты — прыкусі свой язык

І, магчыма, табе я дарую,

А будзеш мянціць языком —

Прэч пагоны з плячэй і з міліцыі вон.

 

І слова стрымаў,

І вярнуў «самародак» назад абяцаны:

— Вось камень, які участковы аддаў мне,

Дык гэта ж не золата. Не!

Цяпер і начальнік, замест самародка,

Прывёз ашуканства Дзям’яну...

— Каб ты свайго ценю баяўся! —

Дзям’ян «дабрадзея» кляне.

 

Ужо праз гадзіну, прыпёрся сюды

участковы

І — ў хату без стуку:

— Ну, дзе самародак?

Хачу я пабачыць яго, пакажы!

— Які самародак? — скрывіўся Дзям’ян,—

Той начальнік прывёз камянюку,

Звычайны ён камень прыпёр,

Вунь, ляжыць на мяжы.

 

— Ну што ж,— мацюкнуўся ўчастковы,—

Грабеж пад сябе без разбору?

Турэмнай пахлёбаеш ты баланды

І на нарах паспіш...

І ён чыркануў ананімку — не абы каму,

А даслаў пракурору,

І тым на кар’еры начальніка

Ставіў ён крыж.

 

Дзям’ян і не сніў, і не думаў,

Што, бульбу капаючы зранку,

Ён нервы сабе сапсуе

(За якія такія грахі?),

Што цэлы раён заразіць самародкам сваім —

Залатой ліхаманкай,

Не цэлы раён, а, дакладней,

На золата клюнулі, нашы кармільцы — вярхі.

 

І вось пракурор,

Як належыць яму па статуту,

Начальніку тэлефануе

І з трубкі грыміць яго голас,

Як гром — ад яго хоць бяжы:

— Ты што, у турму захацеў?

Ты навошта людзей баламуціш?

Ты, кажуць, на золаце спіш,

Хапянуў самародак чужы.

 

Закон наш для усіх,

Для мяне, для цябе — ён адзіны,

Сурова карае!

Таму, каб турмы ты пазбавіцца мог,

Хапай самародак — і з ім да мяне,

Праз якіх паўгадзіны,

А я буду думаць, куды цябе дзець мне —

Імчы з усіх ног.

 

Вось так самародак Дзям’янаў,

Вядомы ўжо і знакаміты,

У сейф пракурора патрапіў,

Ды доўга ён не затрымаецца там

Таму, што начальнік,

Як кажуць, не лыкам быў шыты,

І ён напісаў ананімку

Ажно у партыйны райкам.

 

А партыя наша была, як вядома,

Вышэй нават Бога,

Сумленнем і розумам нашым,

І чэсцю была.

І голас у трубцы гучаў

Па-бацькоўску, нястрога:

— Як справы твае?

Хоць кажуць, што у пракурораў

Не справы — «дела».

 

Я ведаю, судзіш ты строга усіх,

«Не взирая на лица».

Што ж, правільна судзіш,

Я гэта вітаю — закон ёсць закон.

А чуў ты, што Ленін сказаў —

Трэба з бліжнім дзяліцца?

А Ленін дурнога не скажа,

Разумны быў ён.

 

Сціскаўся ў камяк пракурор,

Адчуваў цішыню перад бурай.

— А чым падзяліцца мне з вамі?

Усё я аддам.

Гатовы я з вамі дзяліцца

Апошняй кашуляй

І нават апошні кавалачак хлеба

Гатовы дзяліць напалам.

 

— Ха-ха! — загрымела з райкама,—

Кладзеш мне кавалачак хлеба на сподак!

Кашулю з штанамі ў дадатак —

Ты сам гэта еш!

Навошта ж ад партыі нашай

Схаваў залаты самародак?

Імчы да мяне яго хутка,

Інакш у турме ты згінеш.

 

Магчыма, й далей самародак

Працягваў гуляць бы па свеце —

Аматары лёгкай нажывы

Працягваюць дзейнасць і сёння сваю.

Але паявіўся раптоўна артыкул

Ў раённай газеце,

Якая калісьці ў Дзям’яна

Ўзяла інтэрв’ю.

 

Дзе ён распавёў

Пра шчаслівы той дзень і... няшчасны,

Як бульбу капаў

(Хаця бульба для справы не ў лік),

І як самародак знайшоў

На сядзібе уласнай,

Як той ад яго

Нечакана й загадкава знік.

 

А прэса — ого! —

Гэта пятая наша улада,

Яе нездарма паважае й баіцца

Заўсёды ўвесь свет.

Яна і тады, пры Саветах,

Пярчынцы любой была рада —

І хутка знайшла самародка

Заблытаны след.

 

*

Ішло пасяджэнне суда

Ў, да краёў, перапоўненай зале,

Героем, галоўнай асобай

Зрабіўся Дзям’ян неўспадзеў.

Даволі пікантную справу

Ў раённым судзе разглядалі

Судзілі усіх, хто прысвоіць сабе

Залаты самародак хацеў.

 

Суддзя зачытала судовую справу

І сутнасць яе, галасіста,

На сцэне сурова і моўчкі

Ўвесь склад быў суда.

І тут на стале, перад залай усёй

Самародак ляжаў урачыста —

Дзям’янава радасць,

А вось для падсудных — бяда.

 

Раптоўна на сцэну падняўся вайсковец,

Як водзіцца, «пры эпалетах»,

Звярнуўся да суддзяў усіх,

Ні з таго, ні з сяго:

— Прабачце вы мне

І дазвольце зірнуць на штуковіну гэту,—

І ў рукі узяў самародак,

І пільна агледзеў яго.

 

— Увага! — у залу гукнуў ён,—

Для страху вялікага

Я тут не бачу прычыны,

Падсудныя ўсе — вінаватыя ўсё ж

Без віны.

Не золата гэта, а корпус нямецкай

І неіржавеючай міны,

Якая ляжала ў зямлі

Аж ад першай сусветнай вайны.

 

Ад гэтых, даволі спакойных,

Вайскоўцам агучаных слоўцаў,

Даліся ўсе ў дзверы,

А суддзі — пад стол, на зямлю.

Застаўся у зале Дзям’ян

І, як цень, падыйшоў да вайскоўца:

— За што ж я цяпер

Сабе боты з ватоўкай куплю?

 

А я ж на працэнты разлічваў —

Во лёс-безгаловец!

Я зноў мушу жыць,

Як дагэтуль і жыў, без надзей.

Дзям’яна абняў з цеплынёй,

Супакоіў вайсковец:

— На дзесяць ватовак і ботаў

За гэту знаходку заплоціць музей.

 

Такі вось канец —

І сенсацыі маюць ліміты.

Ў сумленным раёне

Наверх несумленне ўсплыло.

Дзям’ян з сваёй жонкай абноўку купіў,

Стаў для усіх знакаміты —

І зноў, вунь, дае інтэрв’ю,

Што ўсё гэта напраўду было.

 

І я, калі хтось надрукуе

Мой гэты аповед, так званы,

Што будзе вяршыняй амбіцый,

Вяршыняй пісьменніцкіх мар,

У вёсачку тую,

Вядомаму ўсім нам Дзям’яну,

Увесь, да апошняй капейкі,

Пашлю ганарар.

 

Цяпер, праўда, аўтарам плоцяць —

Пішы геніяльна ці блага,

Такія капейкі — ватоўку не купіш,

Не цешся дарма.

Пашлю хоць капейкі Дзям’яну,

Не грошы галоўнае — ўвага...

Прабачце, калегі-паэты,

Для нас, ані ўвагі, ні грошай няма.

21.01.—22.01.2021



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.