epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Самасёлы

Ў адселеных вёсках

Чарнобыль спраўляе свой баль —

Нідзе ні душы,

ад слёз з берагоў выйшла Прыпяць.

Дык вось ён, знявечаных лёсаў грааль,

Які за стагоддзі

нашчадкам нашчадкаў не выпіць.

 

О, час-ліхадзей...

А, можа, усё ж, чалавек-ліхадзей?

Тут з кожнай вачніцы-акна

глядзіць рукатворнае гора...

Каханне, вяселлі,

і поўныя хаты дзяцей,

Жыццё без краёў,

яны — беззваротнае «ўчора».

 

Нідзе ні душы?..

Не, смерць памылілася й тут,

Агеньчык надзеі не згас —

ён гарыць, хоць і кволы.

Жыццё завітала, вярнулася

зноў ў гэты кут —

Да родных вытокаў

прынеслі свой боль самасёлы.

 

Тут пуста й жахліва —

жыццю тут ніякіх умоў,

Затое мінулае ў сэрцы

бядою не сцёрта.

О, як не хапае «маленькай Радзімы!»

Як цягне дамоў!

У родную хату...

Няхай сабе ў зубы да чорта.

 

І б’ецца падранкам душа,

І баліць — хоць крычы,

І без гаспадарлівых рук

стогне маці-зямліца...

І цяжка аблегчыць ваш боль,

і як памагчы?

Адно застаецца, адно —

перад вамі схіліцца.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.