epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Самы старажытны

Надзеі позняй восені нядбалыя

Вядуць мяне ў апошнія грыбы.

А сосны, як даўней, такія ж сталыя,

Такія ж знешне хвацкія дубы.

 

А ім жа сто і двесце год,

ды з гакамі.

А іх жа, продкаў продкі —

ўсіх на «ты».

Яны ў абдымках часу, нібы ў вакуме,

Хоць лёс сівой мінуўшчыны круты.

 

Яны гартоўным часам акарыліся

І ганарацца волацтвам сваім.

Яны б і на Купалу не здзівіліся,

Хоць побач з ім крыху памаладзіліся,

А вось Скарына — аднагодак ім.

 

Зразаю баравік я засяроджана,

З пашанай выкаленчваю паклон.

Хто ведае, адкуль ён, кім народжаны,

Магчыма, самы старажытны ён?


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.