epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Самы светлы прамень

Я вёсачкай нашай пад небам-іконай,

І хаткай, дзе рос, пад асінавай кронай

Жыву кожны дзень.

Там мама і тата, суседзі, вяскоўцы,

І я паміж імі — у ботах, ватоўцы —

Жыцця самы светлы прамень.

 

У сэрцы застаўся мінулага дзённік:

Сябры і сяброўкі, любімы гармонік,

Якім я дзяўчат мілаваў.

О, як я хварэў самадзейнасцю з жарам,

Блудзіў, паляваў з незабыўным Анчарам,

Пастушыў, касіў і араў.

 

Ніколі не выпіць мінулага чашу.

Імчыць мяне поезд няспыннага часу

Далей і далей ад тых дзён.

Імчыцца ў тупік гэты поезд няўмольны,

Дакладна ніхто разабрацца не здольны:

Дзе байка? Дзе праўда? Дзе сон?

 

Юнацтва, як дзіўнае рэха, гукае,

Былое палоніць і не адпускае,

Не згасне яно не міне.

І тыя ўспаміны, і тое гуканне —

Душы асолода, маё пакаранне,

Духоўна мацуюць мяне.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.