epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Санаторшчыкі

На пасяджэнні праўлення калгасу горача абмяркоўвалі кандыдатуры калгасных перадавікоў для накіравання лепшых у рэспубліканскі прафсаюзны санаторый.

Нарэшце тры кандыдаты былі зацверджаныя і з пуцёўкамі на руках адбылі да месцу адпачынку і аздараўлення.

Як вядома, кожны адпачывае па-свойму, ды і ўражанні ад адпачынку ў кожнага свае.

Калі ж адпачывальшчыкі вярнуліся ў родны калгас, у іх пацікавіліся, што і як было.

— Вось ты, Агафья Гіляраўна, як адпачыла, што бачыла, чым узбагацілася?

Агафья Гіляраўна горача ўскочыла з месца:

— Во адпачыла! — і яна паказала сціснуты кулак з адтапыраным уверх пальцам,— Во! Міраво! Кармілі чатыры разы на дзень! Як на ўбой!

— І ўсё-ё? — кісла скрывіўся старшыня калгасу,— І гэта ўсё, Агафья Гіляраўна?

Жанчына зноў падскочыла з месца:

— Не, не ўсё! Бывала, і пяць разоў на дні давалі есці! Еш, хоць расперажыся!

Старшыня калгасу звярнуўся да другога адпачывальшчыка, які сціпла сядзеў у куточку:

— Ну, а ты, Сымон, што скажаш? А ты чым узбагаціўся ў рэспубліканскім санаторыі?

Сымон, як сядзеў сціпла, так сціпла і адказаў:

— А чым там узбагацішся? Грошы пры сабе было небагата, ледзь на гарэлку хапала...

Старшыня занерваваўся:

— Ды я пра духоўнае ўзбагачэнне! Там жа бібліятэкі, там жа кіно, экскурсіі.

— Нічога такога бачыць не давялося... Агафья праўду казала, кармілі не блага. Спіртнога ў санаторным буфеце не было, у нас і то лепей. Які ж гэта адпачынак? Добра, што было даміно, дык хоць «казла» забівалі з другімі адпачывальшчыкамі.

— Ну, а ты, Рыгор,— звярнуўся да чарговага санаторшчыка старшыня,— ты хоць чым там займаўся? Ці і ты там толькі еў пяць разоў на дні? А болей што?

— Ха-ха! — зарагатала Агафья і ёй падрагатаў Сымон,— Мы яго ў санаторнай сталоўцы амаль не бачылі. Як паехаў худы ў санаторый, такі ж і вярнуўся. Я дык на пяць кіло пацяжэла, ці як вы кажаце, узбагацілася.

— Гэта так? — спытаўся старшыня.

— Так! — адказаў Рыгор.— Там жа кожны дзень для жадаючых, ладзіліся экскурсіі па сталічных вернісажах, па музеях ды па тэатрах. У нацыянальнай бібліятэцы адбылася сустрэча з вядомымі пісьменнікамі, а таксама канферэнцыя на тэму: «Па жыцці з цікавай кнігай». У філармоніі быў выдатны канцэрт з удзелам вядомых беларускіх спевакоў. А галодны я не быў, бо там арганізоўвалі і буфеты, і фуршэты. Я сапраўды ўзбагаціўся духоўна на ўсё сваё астатняе жыццё.

Агафья і Сымон разгублена пераглянуліся:

— А мы, дурныя, дзе былі?..

Старшыня калгасу задаволена заключыў:

— Дзякуючы табе, Рыгор, калгасныя грошы не былі выкінутыя на вецер. Як бачым, і адпачываць, і аздараўляцца трэба ўмець.

На наступны год, на чарговым пасяджэнні праўлення калгасу, зноў горача абмяркоўваліся новыя кандыдаты «ў санаторшчыкі», а каго зацвердзілі, і як яны так «узбагаціліся», нам, на жаль, невядома.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.