epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Сапраўдная справа»

Тук-тук!

— Хто там?

— Я паэт,

Прапаную свае творы...

А праз дзверы мне сусед:

— Мог падумаць толькі хворы,

Што без вершаў клінам свет.—

 

Я спрабую яшчэ раз

Скокнуць з вершамі да неба:

— Я бязплатна іх для вас...

Зноў мне з-за дзвярэй адказ:

— Вершы й задарма не трэба.

 

Я — тук-тук! —

Назаўтра зноў

Да суседа стукнуў важка

І сказаў без лішніх слоў:

— Адчыняй!

Пагрэем кроў —

У мяне гарэлкі пляшка!

 

Пэўна, й Бог здзівіўся сам,

За дзвярыма — перамены,

Ўсё змянілася карэнна,

Бо сусед, як той Сезам,

Дзверы адчыніў імгненна.

 

Да грудзей мяне хіне

Усміхаецца ласкава,

Быццам сонейка ў акне:

— Ну, нарэшце да мяне

Ты прыйшоў з сапраўднай справай.

*

Шмат яшчэ дзвярэй у нас

І казённых,

І прыватных,

З-за якіх — адзін адказ,

Дзе не чулі пра Парнас,

А да пляшкі кожны здатны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.