epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шчасця шмат мы маем

Многа было шчасця,

ды яго лічылі

За будзённасць часу,

што цячэ звычайна.

Шчасця шмат мы мелі,

ды яго ўспрымалі,

Як зіму і лета,

нібы дні і ночы

У клопатах штодзёння,

ў мітусні жыццёвай.

Сёння бачу маму,

сёння тату бачу,

Хіба ж гэта дзіва?

Й заўтра гэта будзе.

І не толькі заўтра,

а штодня, заўсёды.

І браты з сястрою,

што ні дзень — у сіле,

Што ні дзень — жывыя —

Добры дзень! Дабранач!

Можна сустракацца,

Тэлефанавацца.

Хоць штодня, хоць болей,

Хоць у дзень святочны,

нават без нагоды —

Гэта ж вельмі проста,

ўсё ад нас залежыць,

Шмат сустрэч вясёлых,

шумных шмат застолляў.

Хіба ж гэта шчасце?

Хто аб гэтым думаў?

А жыццё, хоць дзіва,

ды яно — не свята —

Ў кожнага свой клопат,

і сям’я, і дзеці,

І жылі складана,

так, як выпадала

І ўсё бліжай, бліжай

да мяжы жалобнай

Пра якую думаць

сэрцы не хацелі

Ад якой употай

душы халадзелі.

 

*

 

Час свой скарысталі

ўсе мы — так ці гэтак,

Былі мама, тата,

Ў іх аж дзевяць дзетак.

Усяго хапала

ў кожным нашым лёсе

І бяды нямала

зведаць давялося.

Гора гаравалі,

ды адно аднога

Духам мацавалі

з дапамогай Бога.

Неяк нечакана

старасць завітала

Час прыйшоў складаны —

і бацькоў не стала.

А за імі «роем»,

хутка без затрымкі,

І браты з сястрою —

вось вам і «дажынкі».

Сонца стала чорным

праз такія страты —

І не ўбачыць маму,

і не ўбачыць тату

Ні пачуць, ні убачыць

родных не удасца,

Сустракацца з імі —

колькі было шчасця!

 

*

 

Ёсць у сэрцы мара,

ёсць ў думках мэта,

Ёсць душы узнёсласць —

ці ж не шчасце гэта?

Цяжкасці адолеў,

перамог напасці,

Ты жыццю патрэбен —

ці ж гэта не шчасце?

Ты патрэбен людзям,

й да людзей патрэба,

Шчасце бачыць сонца,

шчасце бачыць неба.

Шчасце ў сіле крочыць

па зямлі-матулі,

Шчасце іншых чуці

й каб цябе пачулі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.