epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шчаслівага вяртання

Мы восенню

з трывогай і тугой

Глядзім на неба

ўсёй душою шчырай,

Дзе кожны дзень —

то клінам, то дугой

Галосна адлятаюць

птушкі ў вырай.

 

І кожны год

ляцяць у белы свет,

І чарада за чарадою тае.

І за птушыным плачам

сумна ўслед,

Часцінка нашых душаў

Адлятае.

 

Як цяжка пакідаць

свой родны край,

Хоць неба

халадзее тут і стыне.

Там цёпла будзе,

там птушыны рай,

Ды холадна

іх сэрцам на чужбіне.

 

І адлятаюць птушкі

з году ў год

Мы іх праводзім

з мокрымі вачыма.

Зімой нам будзе сніцца

іх адлёт,

Вясною будзе

іх чакаць Радзіма.

 

І ўжо пасля

Пастылае зімы,

Між справамі,

ад вечара да рання,

Штодзённа зноў

глядзім у неба мы,

Чакаем іх шчаслівага вяртання.

 

Ўзаемаповязь атуляе нас —

Прыроды вечны свет

І чалавечы.

І, як узнагароду,

дорыць час

Пасля разлук

жаданыя сустрэчы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.